Спецдакладчыку ААН па Беларусі Міклашу Харасці нядаўна працягнулі мандат спецдакладчыка яшчэ на год. Аднак ён усё яшчэ не мае магчымасці прыехаць у Беларусь, бо ўлады краіны зноў адмовілі яму ў праве на ўезд. На сустрэчы з беларускімі праваабаронцамі спадар Харасці паведаміў, што чарговым разам звярнуўся да беларускіх уладаў па візу. Міклаш Харасці заявіў, што хацеў бы даследаваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі непасрэдна на месцы, а дыялог наўпрост з беларускімі ўладамі Міклаш Харашці лічыць вельмі важным інструментам паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак на дадзены момант, не маючы магчымасці наведаць Беларусь, спецдакладчык ажыццяўляе сваю працу, арганізоўваючы кансультацыі з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці і праваабаронцамі Беларусі на тэрыторыі суседніх з ёй краін.У сустрэчы са спецдакладчыкам
ААН па правах чалавека Міклашам Харасці прынялі ўдзел прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага Хельсінскага камітэту, Беларускага Дома правоў чалавека, Цэнтра прававых трансфармацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый. Праваабаронцы правялі кансультацыі са спецдакладчыкам ААН па шырокім коле пытанняў, датычных сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Сябра Рады ПЦ “Вясна”, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка (на фота) распавяла, што на сустрэчы закраналіся найбольш важныя і адчувальныя для Беларусі тэмы ў галіне правоў чалавека: «На гэтай сустрэчы ідзе гаворка пра сённяшні стан сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Вялікая ўвага аддаецца заканадаўству, якое, на жаль, прыводзіць да тых ці іншых негатыўных наступстваў у галіне правоў чалавека. Размова вядзецца па розных аспектах. Гэта і палітвязні, і свабода выказванняў і меркаванняў, свабода асацыяцыяў ды розныя іншыя тэмы, якія хвалююць дэмакратычную і праваабарончую супольнасці Беларусі».
***
Рашэнне пра аднаўленне мандата спецдакладчыка ААН па Беларусі было прынятае 28 2012 года верасня ў Жэневе падчас 21-й сесіі Савета па правах чалавека ААН. На гэтую пасаду быў прызначаны венгерскі дыпламат Міклаш Харашці, які з 1 лістапада 2012 года афіцыйна прыступіў да працы. Рашэнне яшчэ на год працягнуць мандат спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі было прынятае пасля галасавання, праведзенага 13 чэрвеня ў рамках сесіі Рады ААН па правах чалавека, што праходзіць у Жэневе.
Артыкулы па тэме
Вызваленне палітвязняў – абавязковая ўмова для ўзнаўлення ўзаемаадносін ЕЗ з Беларуссю
Андрэй Гайдукоў – новы беларускі палітвязень
Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў – актуальна для Беларусі