Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 23 лістапада 2020 г.
12 лістапада ўлады Беларусі нанеслі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідэраў і актывістаў Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС). У кватэрах сябраў студэнцкага аб’яднання і ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.
Шэраг сябраў арганізацыі, яе прыхільнікаў і моладзевых актывістаў былі затрыманыя ў якасці падазраваных па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і змешчаныя ў СІЗА КДБ. Вядома, што частка з іх пазней была пераведзена ў СІЗА-1.
23 лістапада стала вядома, што Глебу Фіцнеру, Іллі Трахтэнбергу, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенка, а таксама затрыманай выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай былі прад’яўленыя абвінавачванні і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выказаную намі ў супольнай заяве ад 18.11.2020 з нагоды затрыманняў сябраў ЗБС, адзначаем, што іх пераслед з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго меркавання і свабоды мірных сходаў.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі абвінавачаных адвольным і палітычна матываваным, а саміх Глеба Фіцнера, Іллю Трахтэнберга, Марыю Каленік, Вікторыю Гранкоўскую, Анастасію Булыбенка і Вольгу Філатчанкаву палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Глеба Фіцнера, Іллі Трахтэнберга, Марыі Каленік, Вікторыі Гранкоўскай, Анастасіі Булыбенка, Вольгі Філатчанкавай і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.