Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Мінск, 07.10.2020
У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) Мікіту Ганчарову, Уладзіміру Гароху, Максіму Зіневічу, Міхаілу Калішуку, Антаніне Канавалавай, Івану Красоўскаму, Іллю Мігно, Віктару Шаўру, Ганне Сунгуравай, Тамазу Піпію, Цімуру Піпію, Расціславу Стэфановічу, Арцёму Касакоўскаму, Дзянісу Марусевічу, Марку Салоннікаву, а таксама па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Іллю Паланянкіну, Марыне Глазавай, Яўгену Каханоўскаму, Аляксандру Кісялёву і Андрэю Расулаву, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед Мікіты Ганчарова, Уладзіміра Гароха, Максіма Зіневіча, Міхаіла Калішука, Антаніны Канавалавай, Івана Красоўскага, Іллі Мігно, Віктара Шаўра, Ганны Сунгуравай, Тамаза Піпіі, Цімура Піпіі, Расціслава Стэфановіча, Арцёма Касакоўскага, Дзяніса Марусевіча, Марка Салоннікава, Іллі Паланянкіна, Марыны Глазавай, Яўгена Каханоўскаму, Аляксандра Кісялёва і Андрэя Расулава, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па арт. 342 КК (“Групавыя дзенянні, груба прарушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Мікіту Ганчарова, Уладзіміра Гароха, Максіма Зіневіча, Міхаіла Калішука, Антаніну Канавалаву, Івана Красоўскага, Іллю Мігно, Віктара Шаўра, Ганну Сунгураву, Тамаза Піпію, Цімура Піпію, Расціслава Стэфановіча, Арцёма Касакоўскага, Дзяніса Марусевіча, Марка Салоннікава, Іллю Паланянкіна, Марыну Глазаву, Яўгена Каханоўскаму, Аляксандра Кісялёва і Андрэя Расулава і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”
Беларускі Дакументацыйны цэнтр
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”
Беларускі ПЭН-цэнтр
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”