Заява беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці
21 студзеня Дэпартамэнт фінансавых расследаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю распачаў праверку Асьветніцкай праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю”. У КДК былі дастаўленыя дырэктар арганізацыі Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі, у бухгальтара арганізацыі Тацьцяны Крышталь былі із’ятыя тэлефон і кампутар, невядомыя спрабавалі трапіць у кватэру былога намесьніка дырэктара арганізацыі Міхаіла Мацкевіча. У якасьці падставы для праверкі КДК агучыў падазрэньні ў прыўлашчваньні грашовых сродкаў, што былі атрыманыя “Офісам па правах людзей з інваліднасьцю” ў выглядзе дабрачынных ахвяраваньняў і міжнароднай дапамогі дзеля мэтаў аказаньня дапамогі асобам з інваліднасьцю (арт. 210 Крымінальнага кодэксу). Ціск і затрыманьні ў дачыненьні да супрацоўнікаў арганізацыі быў зафіксаваны і раней у сувязі зь іх удзелам у мірных сходах.
Мы разглядаем гэтую праверку як працяг шэрагу актаў уціску і крымінальных справаў, якія былі ўзбуджаныя ў апошнія месяцы ў сувязі са зборам, атрыманьнем і выкарыстаньнем дабрачыннай грашовай дапамогі ў Беларусі. На падставе аказаньня матэрыяльнай дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека ўжо былі кінутыя за краты журналіст Андрэй Аляксандраў і праваабаронца Леанід Судаленка. Абвінавачаньні ў крымінальных правапарушэньнях датычна сродкаў, якія паступалі з-за мяжы, былі высунутыя супраць супрацоўнікаў установы “Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб”. Дзяржаўныя СМІ працягваюць кампанію дэзынфармацыі і застрашэньня грамадзянаў датычна дзейнасьці фондаў салідарнасьці, якія аказваюць дабрачынную дапамогу жыхарам Беларусі.
Шматлікія некамэрцыйныя арганізацыі Беларусі пачынаючы ад другой паловы 2020 году сутыкнуліся з пазачарговымі праверкамі і безпадстаўнымі запытамі дакумэнтаў, у тым ліку датычна выкарыстаньня замежнай ці ўнутранай бязвыплатнай дапамогі. І хоць у абсалютнай большасьці праверкі засьведчылі адсутнасьць нямэтавага выкарыстаньня дапамогі арганізацыямі, у шэрагу відавочна палітычна матываваных выпадкаў наступствамі праверак былі крымінальныя справы (Дабрачынная ўстанова “Палеская дабрыня” ды інш).
Улады Беларусі здаўна практыкуюць зламысныя абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах дзеля абгрунтаваньня палітычных рэпрэсіяў: у мінулыя гады па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад падаткаў прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, лідэр прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі “Белапан” Алесь Ліпай ды іншыя.
У сувязі з гэтым мы лічым неабходным падкрэсьліць, што дзейнасьць арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці па пошуку, прыцягненьні і выкарыстаньні рэсурсаў для сваёй працы зьяўляецца законнай і знаходзіцца пад абаронай міжнародных стандартаў свабоды асацыяцыяў. У тым ліку згодна з гэтымі стандартамі атрыманьне фінансавых рэсурсаў з-за мяжы ёсьць законным складнікам свабоды асацыяцыяў і не павіннае служыць падставай для крымінальнага перасьледу.
Паводле міжнародных стандартаў і кіруючых прынцыпаў АБСЭ і Рады Эўропы, дзяржавы не павінныя перашкаджаць атрыманьню фінансаваньня з замежных і міжнародных крыніцаў, паколькі такое фінансаваньне дапамагае разьвіваць патэнцыял грамадзянскай супольнасьці і спрыяе сацыяльнаму, эканамічнаму і чалавечаму разьвіцьцю краіны. Згодна з Сумеснымі кіруючымі прынцыпамі свабоды асацыяцыяў БДІПЧ АБСЭ і Венецыянскай камісіі Рады Эўропы (пункты 22, 102-04, 166, 195, 200-22), любыя абмежаваньні доступу да рэсурсаў з-за мяжы (альбо з замежных ці міжнародных крыніцаў) павінныя быць устаноўленыя заканадаўствам і перасьледаваць законную мэту ў адпаведнасьці з пэўнымі дапушчальнымі падставамі абмежаваньняў, выкладзенымі ў міжнародных стандартах датычна магчымага абмежаваньня правоў чалавека, а таксама неабходнымі ў дэмакратычным грамадзтве і прапарцыйнымі датычна пастаўленай мэты. Падатковае заканадаўства павінна разглядаць ахвяраваньні з замежных крыніцаў гэтаксама як ўнутраныя ахвяраваньні, яно не павінна абкладаць іх падаткам на прыбытак ды іншымі падаткамі. Атрыманьне замежнага фінансаваньня структурамі грамадзянскай супольнасьці не павіннае цягнуць за сабой негатыўныя наступствы. Усе арганізацыі, якія жадаюць атрымаць доступ да замежнага фінансаваньня, павінныя мець права шукаць такое фінансаваньне і, калі ёсьць замежныя донары, гатовыя падтрымаць іх дзейнасьць, атрымліваць і выкарыстоўваць такое замежнае фінансаваньне на практыцы. Магчымасьць шукаць, атрымліваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы зьяўляецца крытычна важнай для існаваньня і функцыянаваньня НКА. Крыміналізацыя і дэлегітымізацыя дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці на падставе крыніцы фінансаваньня недапушчальная.
Цяперашняя практыка шматлікіх праверак і новых крымінальных справаў супраць лідэраў і работнікаў некамэрцыйных арганізацыяў, а таксама кампанія дзяржаўных СМІ па шэльмаваньні і дыскрэдытацыі дабрачыннай дапамогі парушае азначаныя стандарты, што стварае невыносныя ўмовы для дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў і перашкаджае іх законнай дзейнасьці на карысьць беларускага народу і беларускага грамадзтва.
Недасканалыя і абмежавальныя нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь датычна міжнароднай і ўнутранай дабрачыннай дапамогі патрабуюць ад арганізацыяў вялікіх высілкаў у справе належнага афармленьня дабрачыннай дапамогі і справаздачнасьці па ёй, але пры гэтым ствараюць умовы для злоўжываньняў пагрозамі перасьледу, у тым ліку адміністрацыйнага і крымінальнага.
Мы як прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці лічым перасьлед прадстаўнікоў “Офіса па правах людзей з інваліднасьцю” палітычна матываваным і зьвязваем ціск на арганізацыю з актыўнай грамадзкай пазыцыяй ды іх дзейнасьцю на карысьць паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Ведаючы “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю” як адказную і аўтарытэтную арганізацыю, даўняга ўдзельніка беларускага праваабарончага руху, мы рашуча адвяргаем абвінавачаньні ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў арганізацыі. Гэтыя абвінавачаньні мы разглядаем як падступныя крокі па дыскрэдытацыі добрага імя і рэпутацыі “Офіса па правах людзей з інваліднасьцю”.
Мы лічым, што дадатковыя праверкі атрыманьня некамэрцыйнымі арганізацыя замежнай бязвыплатнай дапамогі і запужваньне актывістаў маюць на мэце ўскладненьне ўмоваў дзейнасьці НКА. Раней, у 2020 годзе, беларускія ўлады ўжо прынялі Дэкрэт №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаваньні доступу НКА да замежнага фінансаваньня; увялі абавязковую справаздачнасьць аб мерах супраць адмываньня грошай, што ёсьць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў; спынілі апэрацыі папулярных краўдфандынгавых плятформаў MolaMola і Ulej, якія ў неспрыяльных прававых умовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасьці з унутраных крыніцаў.
З улікам выкладзенага мы, прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці,
ПАТРАБУЕМ:
- Спыніць ціск на “Офіс па правах людзей з інваліднасьцю” ды іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку спыніць неабгрунтаванае і празьмернае выкарыстаньне праверак ды іншых сродкаў кантролю за дзейнасьцю арганізацыяў, а таксама выключыць ужываньне сілавых мэтадаў пры правядзеньні праверак.
- Спыніць усе спробы крымінальнага перасьледу беларускіх праваабаронцаў і актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў сувязі зь іх законнай дзейнасьцю па аказаньні дабрачыннай ды іншай дапамогі пацярпелым ад парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку неадкладна вызваліць Андрэя Аляксандрава, Леаніда Судаленку, Юлію Слуцкую ды ўсіх актывістаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.
- Спыніць практыку застрашэньня і перасьледу грамадзянаў у сувязі з атрыманьнем, разьмеркаваньнем і выкарыстаньнем дабрачыннай дапамогі, як з крыніцаў унутры Беларусі, так і з-за мяжы, а таксама ліквідаваць празьмерныя нарматыўныя абмежаваньні ў гэтай сфэры.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і свабоды выказваньня меркаваньняў у поствыбарчы пэрыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянаў краіны.
- Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
- Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend)
- ПЦ “Вясна”
- Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”
- Human Constanta
- Беларускі Хэльсынскі Камітэт
- Навукова-дасьледчая ўстанова “Аналітычная група “ЦЕТ”
- МГА “ЭўраБеларусь”
- ГА “Цэнтар сацыяльных інавацыяў”
- ГДА “Гарадзенскі дзіцячы хосьпіс”
- Праваабарончы рух “Наша Беларусь”
- Задзіночаньне беларускіх студэнтаў
- Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”
- ГА “Экадом”
- ЭКГА “Неруш”
- ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”
- Установа “Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ”
- АГА “Фонд імя Льва Сапегі”
- Урбаністычная ініцыятыва “Добры горад”
- НДА “Друзья Немана”
- МГА “ЭКАПРАЕКТ”
- Праваабарончы цэнтар “Прававая дапамога насельніцтву”
- Беларускі Пэн-цэнтар
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
- Вiцебскае грамадзкае аб’яднаньне “Самакiраваньне i грамадзтва”
- Прававая ініцыятыва
- “АБФ – Актыўным Быць Файна”
- Установа “Цэнтар сучаснай культуры “Бягучы чарапаха”
- ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар
- РГМА “Грамадзянскі форум”