Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
Мінск, 16 красавіка
Актывіст моладзевай апазіцыйнай арганізацыі “Малады фронт” Піліп Шаўроў быў затрыманы 19 студзеня 2020 г. пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю і заявіў, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку А. С. Пушкіну ў Мінску.
18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна (г. Мінска) Слечага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аб’ектыўныя дзеянні П. Шаўрова заключаліся ў наступным: 16-17 студзеня 2020 г. (згодна з абвінавачваннем), ён нанёс фарбай невялікую адносна помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітную частку памятнага знака загінуўшым супрацоўнікам МУС, а таксама расфарбаваў у чырвоны колер рукі помніку А.С. Пушкіну ў г. Мінску.
17-19 студзеня 2020 г. ён нанёс надпіс “1937” на плоце насоснай станцыі ў п. Бараўляны.
Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска і прынятыя да вытворчасці. Піліп Шаўроў утрымліваецца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска. У выпадку прызнання судом яго віны у інкрымінаваных злачынствах, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі (максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыяй ч. 2 арт. 339 КК).
У сувязі з прад’яўленымі П. Шаўрову абвінавачваннямі, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае.
У выніку праведзенага прававога аналіза абвінавачвання і фактычных абставінаў здзейсненага П. Шаўровым мы прыходзім да высноваў аб адсутнасці ў ягоных дзяеннях складу злачынства па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК (“Хуліганства”).
Нанесеныя ім графіці не прывялі да знішчэння ці пашкоджання аб’ектаў, на якія яны былі нанесеныя, не прывялі да страты імі іх спажывецкіх якасцяў. Прывядзенне іх у першапачатковы выгляд патрабавала пэўных матэряльных затрат, якія маглі б быць ускладзеныя ў далейшым на прычыніцеля шкоды ў грамадзянска-прававым парадку.
Абвінавачаны не пасягнуў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варажнечы і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Змест малюнкаў і надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, якія адбываліся ў краіне (серыя публічных акцый пратэсту супраць гэтак званай “паглыбленай інтэграцыі” Расіі і Беларусі) напрыканцы 2019 года, сведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясенні было выказванне меркавання на гэтыя грамадска-значныя тэмы.
Мы лічым, што гэтыя формы выказвання меркавання патрапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакуменце Следчага камітэта матывамі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаны не пасягнуў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх, не нанёс незваротных пашкоджанняў, не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варажнечы і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Дзеянні Піліпа Шаўрова насілі выключна мірны характар і адпаведна трапляюць пад абарону арт. 19 Пакта.
Прымянне да П. Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з’яўляецца беспадстаўным і празмерным і расцэньваецца намі як сродак аказання ціску на абвінавачанага з-за помсты за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю П. Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”, сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі. Менавіта ў сувязі з гэтым ён і быў абвінавачаны па ч.1 і ч.2 арт. 339 КК, бо такое абвінавачванне дазваляла следчым узяць яго пад варту.
Трэба адзначыць, што ізаляцыя П. Шаўрова, разам з узяццём падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства ў ягонага адваката, сур’ёзным чынам абмяжоўвае магчымасці абароны і дазваляла працяглы час хаваць ад грамадскасці сутнасць прад’яўленых абвінавачванняў па гэтай рэзананснай справе.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Піліпа Шаўрова адвольным і палітычна матываваным, а самога Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
Спынення крымінальнага пераследу Піліпа Шаўрова па арт. 339 КК з адменай меры стрымання і вызвалення яго з-пад варты.
ПЦ “Вясна”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
РГА “Прававая ініцыятыва”
РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”
Установа “Human Constanta”
ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
АУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Асамблея НДА
Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
Экспертна-прававое Таварыства “Ініцыятыва FORB”
Публікуецца паводле spring96.org