Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 04 лютага 2021 г.
У сувязі з вынясеннем прысуда аб пазбаўленні волі ў дачыненні да Стэфана Лазавіка, асуджанага 26 лістапада 2020 г. судом Горацкага р-на па ч.1 арт. 339 (хуліганства) да аднаго года пазбаўлення волі, а таксама атрыманнем інфармацыі аб прад’яўленні абвінавачвання па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) Віктару Лосіку мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Стэфан Лазавік быў затрыманы супрацоўнікамі МУС 16 верасня 2020 г. па падазрэнні ў датычнасці да нанясення пратэстных надпісаў “Он проиграл и стал убивать. Скот уходи!” 12 жніўня 2020 г. на адным з прыпыначных пунктаў г. Горкі. Крымінальная справа першапачаткова была ўзбуджаная пракуратурай Горацкага р-на па арт. 341 КК. Пад ціскам следчых Стэфан Лазавік прызнаў датычнась да нанясення гэтых надпісаў, але калі 29 кастрычніка 2020 г. ён адмовіўся на просьбу следчых яшчэ і запісаць відэа з пакаяннем у здзейсненым, пракуратара перакваліфікавала абвінавачванне на ч.1 арт. 339 КК (хуліганства). 26 лістапада 2020 г. суд Горацкага р-на прысудзіў Стэфана Лазавіка да 1 года пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму. Стэфан Лазавік быў назіральнікам падчас прэзідэнцкіх выбараў і актыўна ўдзельнічаў у поствыбарчых пратэстных акцыях.
7 снежня 2020 г. у п. Хацежына Мінскага р-на супрацоўнікамі МУС быў затрыманы Віктар Лосік, які абвінавачаецца ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнуртраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежанскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”, а таксама ў нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах маста. Яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у СІЗА г. Жодзіна.
Напісанне надпісаў “Он проиграл и стал убивать. Скот уходи!” і “Не забудем, не простим!”, а таксама размяшчэнне пудзілаў з выявамі міністра і старшыні выбарчай камісіі сведчаць аб відавочна іх пратэстным змесце. Як вынікае з паказанняў саміх затрыманых, мэтай учынкаў было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.
Такім чынам гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.
Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Нанясенне на апоры маста і іншыя збудаванні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня”, які афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю беларускага народа, не можа быць кваліфікавана як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і адпаведна кваліфікавана па арт. 341 КК.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаныя не пасягалі на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Таксама абвінавачаныя паказалі, што яны не мелі на мэце заклікаць да гвалту ці нейкіх гвалтоўных дзеянняў і іх прапаганду.
Надпісы на прыпынку і апорах маста не маглі і не прывялі да іх значнага пашкоджання ці знішчэння, а матэрыяльная шкода ад такіх надпісаў відавочна насіла сімвалічны характар.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычна матываваным, а саміх Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Стэфана Лазавіка і Віктара Лосіка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве ” Хьюман канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РГА “Прававая ініцыятыва”.