Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Мінск, 30 лістапада 2020 г.
Салановіч Ян Алегавіч – студэнт 4-га курса дзённага аддзялення БДУІР. Першага лістапада 2020 года яго затрымалі ў г. Мінску на мірным вулічным шэсці супраць тэрору і адвезлі ў РУУС Партызанскага раёна. Па словах маці, там яго дапытвалі, аказвалі ціск, у выніку чаго ён прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мірных сходах за жнівень, верасень і кастрычнік 2020 года. Затым яго даставілі ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.
На сённяшні дзень вядома пра шэсць судоў (02.11, 05.11, 10.11, 18.11, 22.11, 27.11) над Янам Салановічам за ўдзел у мірных сходах. У агульнай суме Яну прысуджана 86 сутак адміністрацыйнага арышту, 27 з якіх ён знаходзіцца ў ЦІП. Ёсць асцярогі, што Ян можа быць падвергнуты арышту на яшчэ большыя тэрміны.
Тактыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску. Так, Павел Севярынец у 2020 г. адбыў 90 сутак запар адміністрацыйнага арышту ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, пасля чаго супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па масавых беспарадках.
Мы ў чарговы раз адзначаем, што такога роду практыка прымянення нормаў КаАП з’яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, прымяняецца з мэтай аказання ціску і пакарання за грамадскую актыўнасць студэнта Яна Салановіча.
Акрамя таго мы адзначаем, што пазбаўленне волі Яна Салановіча, па сваёй працягласці, суадносна з пакараннем у выглядзе арышту ў рамках Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Заключэнне Яна Салановіча выкарыстана выключна ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў, выказвання меркаванняў і распаўсюджвання інфармацыі, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці.
Асаблівы непакой выклікае парушэнне такіх нормаў працэсуальнага права, як галоснасць пры ажыццяўленні правасуддзя, парушэнне права на абарону, як самастойна, так і з дапамогай абаронцы, суды праз скайп, што не прадугледжана заканадаўствам і т. д.
Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленне свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Гэтыя крытэрыі ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да іх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася. Адпаведна ўсе падвергнутыя адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах прызнаюцца намі палітычнымі зняволенымі на перыяд іх ізаляцыі.
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Яна Салановіча і патрабуем:
- Адмены вынесеных у дачыненні да Яна Салановіча пастаноў суда Партызанскага раёна г. Мінска ад 02.11.2020 г., 05.11.2020 г., 10.11.2020 г., 18.11.2020 г., 23.11.2020 г., 27.11.2020 г. і іншых судовых пастаноў, вынесеных у дачыненні да яго па арт. 23.34 і 23.4 КаАП;
- Спынення раней пачатых адміністрацыйных працэсаў па арт. 23. 34 і арт 23.4 КоАП у дачыненні да Яна Салановіча;
- Спынення рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў і вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у іх.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.