1 ліпеня 2020 года супрацоўнікамі ДФР КДК была затрыманая сяброўка ініцыятыўнай групы і асабісты памочнік Віктара Бабарыкі – Алена Карагачава. Паводле атрыманых звестак, Алена Карагачава абвінавачаная па ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, якое выклікала шкоду ў асабліва буйным памеры). Яна знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.
Таксама 18 чэрвеня 2020 года быў затрыманы адзін з каардынатараў групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрый Карака, які разам з Эдуардам Бабарыкам накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. З моманту затрымання Дзмітрый Карака знаходзіцца пад вартай і СІЗА КДБ.
Прэзідэнцкая кампанія з самога пачатку адбываецца ва ўмовах запалохвання, пагрозаў і ціску, у тым ліку ў дачыненні непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі – вылучэнцаў у кандыдаты і сябраў іх ініцыятыўных групаў.
З улікам гэтых акалічнасцяў, мы робім выснову, што рэальнымі падставамі пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў яго ініцыятыўнай групы ёсць палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні Віктара Бабарыкі ў кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшага ўдзелу ў выбарах.
Удзел у кіраванні краінай праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў ёсць адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі прасоў чалавека, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, сцвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў заяве аб прызнанні палітзняволенымі Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў яго ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 года, заяўляем аб прызнанні Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.