Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 20 студзеня 2021 г.
Як нам стала вядома, 18 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у г. Гомеле быў затрыманы праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леанід Судаленка.
На гэты момант ён падазраваны па крымінальнай справе па арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змешчаны ў ІЧУ.
Нагадаем, 5 студзеня ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс “Гомельскай вясны”, прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе быў Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама вобшук правялі ў яго доме.
Таксама позна ў вечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў ператрус. У чым яна падазраецца і ў якім працэсуалным статусе яна знаходзіцца, не вядома.
Леанід Судаленка – вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які на працягу 20-ці гадоў абараняе правы чалавека: аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў чалавека беларускімі ўладамі. За сваю праваабарончую дзейнасць быў узнагароджаны прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства” у 2018 годзе, у 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека.
Беларускія ўлады рэгулярна пераследвалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі правакацыі з мэтай прыцягення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрыдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецлсужбам інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.
Цяперашні крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыцяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.
Так, дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, у чарговы раз адзначаем наступнае:
Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.
Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю, і пераслед за такую дзейнасць з’яўляецца абсалютна не прымальным, грубым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.
Зыходзячы з гэтага, мы ўважаем пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенкі палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.