Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
8 лютага 2021 года
5 лютага ў Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына — 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Дзіна Кучук) па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу за выраб і распаўсюд двух відэаролікаў на сацыяльна-вострыя тэмы.
Павел Спірын быў затрыманы 4 верасня 2020 года, вызвалены праз тры дні, затым зноў затрыманы 9 верасня пасля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Пры гэтым Павел Спірын дапусціў рэзкія выказванні ў дачыненні да А. Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. Ён стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Раней у 2019 годзе адзін з яго фільмаў “Грань” быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, але справа за гэты фільм была ўзбуджаная толькі пасля актыўнага ўдзелу Паўла ў перадвыбарнай кампаніі 2020.
Спірыну было выстаўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці». Сацыяльнай групай у дадзеным выпадку, па версіі абвінавачвання, з’яўляецца “іншая” група асоб, аб’яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Падрабязней аб справе:
Маніторынг судовага працэсу ў дачыненні да Паўла Спірына
Мы лічым, што прысуд Паўлу Спірыну з’яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання, які стварае новыя небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады. У сувязі з гэтым мы адзначаем, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў міліцыі ў прыватнасці не з’яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці ў першую чаргу павінна прадухіляць распальванне варожасці ў дачыненні да уразлівых груп грамадства, а ніяк не прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў і міліцыі ў прыватнасці.
Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказвання. Пры гэтым, у мэтах павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб устаноўлены дапушчальныя абмежаванні гэтага права, закліканыя абараняць іх гонар і годнасць. Гэтыя абмежаванні не павінны выкарыстоўвацца для забароны публічнай крытыкі прадстаўнікоў улады, а таксама звязвацца са службовым становішчам тых асоб, пра якія распаўсюджаныя звесткі або інфармацыя.
Як адзначыў Камітэт правоў чалавека ў сваёй заўвазе агульнага парадку № 34 (Артыкул 19: свабода меркаванняў і іх выказвання) “у Пакце надаецца асаблівая ўвага праву на бесперашкоднае выказванне меркаванняў пры правядзенні дыскусій з удзелам палітычных і дзяржаўных дзеячаў. Такім чынам, аднаго толькі факту, што формы выказвання меркаванняў абражаюць якога-небудзь грамадскага дзеяча, недастаткова для таго, каб абгрунтаваць устанаўленне пакаранняў, хоць грамадскія дзеячы таксама могуць у сваіх інтарэсах выкарыстоўваць палажэнні Пакта. Больш за тое, усе грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнікі вышэйшай палітычнай улады, такія як кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, могуць на законных падставах станавіцца аб’ектам крытыкі і нападак палітычнай апазіцыі… дзяржавам−удзельнікам [Пакта] не варта забараняць крытыку такіх структур, як армія або адміністрацыйны апарат”. Акрамя таго, на думку Камітэта, “устанаўленне мер пакарання для СМІ, выдаўцоў ці журналістаў выключна за крытыку ўрада ці грамадска-палітычнай сістэмы, якой прытрымліваецца ўрад, ні пры якіх абставінах не можа разглядацца ў якасці неабходнага абмежавання права на свабоднае выказванне меркаванняў”.
Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” мы прызнаем палітвязням асуджанага да пазбаўлення волі Паўла Спірына.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Адмяніць прысуд у дачыненні да блогера Паўла Спірына і вызваліць яго;
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
“Ініцыятыва FORB”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.