Патрабуем вызваліць арыштаваных і спыніць адміністратыўны пераслед за ўдзел у мірных сходах у маі 2020 года

У маі 2020 году ўлады Беларусі пачалі шырокія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Па ўсёй Беларусі былі адвольна затрыманыя і асуджаныя да штрафаў і арыштаў больш за 120 чалавек. Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць пераслед мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызваліць тых, хто адбывае арышт.

На пачатку гэтага месяца ў розных гарадах Беларусі адбыліся мірныя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (т.зв. “кармленне галубоў”), у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, акцыі супраць параду ў гонар 9 мая падчас пандэміі.

На мірныя пратэсты ўлады адрэагавалі масавымі арыштамі.

Па стане на 13 мая, з 6 мая ў Беларусі:

  • былі затрыманыя каля 120 чалавек: удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў;
  • міліцыя склала прыкладна столькі ж пратаколаў (каля 120) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП);
  • 50 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 13 траўня – 479;
  • 20 чалавек атрымалі штрафы на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель);
  • адміністрацыйныя суды прайшлі ў 17 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Вілейка, Гродна, Ліда, Брэст, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка.

Так, пасля адвольнага затрымання 6 мая Сяргея Ціханоўскага, які абвясціў аб намеры балатавацца ў прэзідэнты, міліцыя затрымала як найменей 38 чалавек, якія па ўсёй Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэста супраць яго арышту. Усе затрыманыя атрымалі штрафы або пазбаўленыя свабоды на тэрміны да 15 сутак.

8 мая ў Мінску ў знак пратэсту супраць рашэння ўладаў правесці ваенны парад, нягледзячы на пандэмію, актывісты Моладзевага блоку падчас афіцыйнай рэпетыцыі параду пранеслі па праспекце Незалежнасці труну. Незадоўга да таго ў Мінску актывісты зладзілі яшчэ адну акцыю супраць параду: сфатаграфаваліся на фоне надпісу “Подвіг народа бессмяротны” са значкамі “А мы не”. Чацьвёра актывістаў былі затрыманыя, двое з іх, Даніла Лаўрэцкі і Ліза Пракопчык, былі асуджаныя да 13 і 5 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП за парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавых акцый.

Улады ўзмацнілі рэпрэсіі і супраць праваабаронцаў.

Сярод затрыманых 8 мая быў журналіст і актывіст “Вясны” Аляксандр Буракоў; яго затрымалі на 72 гадзіны да разгляду справы судом, і толькі 11 мая суд арыштаваў яго на 10 сутак.

У апошнія дні ў Брэсце склалася практыка затрымліваць актывістаў адразу пасля судоў і весці ў ізалятар да разглядаў наступных адміністрацыйных спраў. 10 мая ў Брэсце былі затрыманыя праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і Раман Кісляк, якія маніторылі акцыю супраць завода АКБ. Праз двое сутак іх прывезлі ў суд, і пасля суда зноў затрымалі. Па стане на 13 траўня ў Брэсце ўтрымліваліся ў няволі, у чаканні новых судоў, 7 чалавек разам з праваабаронцамі.

Актывітстка “Вясны” Алена Маслюкова церпіць рэпрэсіі за абарону права на здаровае навакольнае асяроддзе: супраць праваабаронцы трывае крымінальны пераслед. 23 красавіка ў кватэры А. Маслюковай адбыўся ператрус з канфіскацыяй тэхнікі на падставе заявы грамадзянкі Зобавай, якую праваабаронца нібыта абразіла ў сацыяльных сетках. Праваабаронцы звязваюць крымінальны пераслед Алены Маслюковай з яе кампаніяй супраць завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

Рэпрэсіі адбываюцца і супраць журналістаў. 

Так, 9 мая ў Бабруйску быў затрыманы журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў; яго месцазнаходжанне не было вядома некалькі дзён пасля затрымання. Алесь Асіпцоў быў асуджаны да 10 сутак арышту; ад 9 мая журналіст трымае галадоўку пратэста.

Журналіст Зміцер Лупач з Глыбокага 11 мая быў асуджаны да 10 сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 22.9 (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і 23.34  (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”). Пасля судовага паседжання журналіст з гіпертанічным крызам трапіў у рэанімацыю; але суд не змяніў пакаранне, даўшы толькі адтэрміноўку; Зміцер Лупач павінен адбыць арышт з 18 мая.

Журналіст Міхаіл Аршынскі агулам быў асуджаны да 21 сутак арышту за стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. 11 мая журналісту прысудзілі 10 сутак нібыта з ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, і 12 мая Міхаіл Аршынскі атрымаў на судзе, куды яго прывезлі з ізалятару, яшчэ 11 сутак арышту.

Праваабарончая супольнасць Беларусі лічыць згаданыя судовыя пастановы палітычна матываванымі. Прымяніўшы штрафы і арышты за ўдзел у мірных пратэстах і іх асвятленне, улады парушылі правы на свабоду выказвання меркавання і мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі:

  • выказваюць свой пратэст і патрабуюць ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызвалення ўсіх, хто адбывае арышт;
  • заклікаюць улады да выканання сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

ПЦ “Вясна”

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

РГА “Прававая ініцыятыва”

РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”

Установа “Human Constanta”

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”

АУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”

Асамблея НДА

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

Экспертна-прававое Таварыства “Ініцыятыва FORB”

Latest

September 22, 2020

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай

Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці.

September 18, 2020

New UN human rights investigative mechanism in Belarus must accompany political dialogue

After holding an urgent debate today to scrutinise the serious human rights violations surrounding the 9 August presidential election in Belarus, the UN took immediate action, mandating its most senior human rights official to outline a process for accountability in Belarus before the end of the year.