Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Аляксандру Лукашэнку
E-mail: contact@president.gov.by
Факс: +375 17 226 06 10 

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь
Сяргею Сідорскаму
Email: contact@government.by
Факс: +375 17 222 66 65

                               Вільня, Осла, Жэнева, 14 красавіка 2010 г.

 

Па справах Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука, якія разглядаюцца Камітэтам па правах чалавека ААН

Шаноўныя,

Паводле звестак розных верагодных крыніц, у тым ліку праваабарончага цэнтру «Вясна», “Міжнароднай амністыі”, Савета Еўропы і яго Парламенцкай Асамблеі, Еўрапейскага Парламента і Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, прыблізна 18 сакавіка 2010 г. былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. Мы асуджаем гэтыя пакаранні.

Справы Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука знаходзіліся ў стадыі разгляду ў Камітэце па правах чалавека, які хадайнічаў аб увядзенні прамежкавых ахоўных захадаў (правіла 92 Рэгламента Камітэта па правах чалавека ад 22 верасня 2005 г.). 30 сакавіка 2010 г. Камітэт распаўсюдзіў заяву, у якой “выразіў глыбокую заклапочанасць і абурэнне з нагоды імавернага пакарання смерцю дзвюх асобаў, а таксама з нагоды няздольнасці Дзяржавы-ўдзельніцы да добрасумленнага супрацоўніцтва з Камітэтам па індывідуальных скаргах, пададзеных у Камітэт у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Пакта.”

У ходзе 98-ай сесіі Камітэта па правах чалавека ААН адбылося публічнае абмеркаванне спраў Андрэя Жука (справа 1910/2009) і Васіля Юзэпчука (справа 1906/2010).

Паводле Факультатыўнага пратакола да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Камітэт па правах чалавека кампетэнтны атрымліваць і разглядаць скаргі ад асобаў, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Дзяржавы-ўдзельніцы Пакта і сцвярджаюць, што пацярпелі ад парушэнняў якіх-небудзь правоў, усталяваных Пактам. Рэспубліка Беларусь, 30 верасня 1992 г. ратыфікаваўшы Факультатыўны пратакол, тым самым прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека на разгляд скаргаў згодна з Пратаколам. У пункце 19 Каментарыя агульнага парадку №33, апублікаванага 5 лістапада 2008 г., Камітэт па правах чалавека выразна акрэсліў, што “неўвядзенне […] прамежкавых або часовых захадаў несумяшчальнае з выкананнем абавязанняў па добрасумленным датрыманні працэдур разгляду індывідуальных скаргаў у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам”.

Прывядзенне ў выкананне смяротных пакаранняў ў дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука у той час, як іх справы разглядаліся Камітэтам па правах чалавека, з’яўляецца парушэннем абавязанняў Рэспублікі Беларусь у рамках Пакта і яго Факультатыўнага пратакола, якія прадугледжваюць абавязак Дзяржавы-ўдзельніцы трымацца прамежкавых або часовых ахоўных захадаў на хадайніцтва Камітэта па правах чалавека.

У нас выклікае трывогу тое, што Рэспубліка Беларусь перыядычна парушае свае абавязанні ў рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і пастаянна не выконвае рашэнні Камітэта па правах чалавека. Спадар Прэзідэнт, заклікаем Вас і Урад Рэспублікі Беларусь у ажыццяўленні крымінальнай юстыцыі трымацца прынцыпаў прававой дзяржавы і, такім чынам, цалкам выконваць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН.

Таксама заклікаем Вас, спадар Прэзідэнт, і Урад Рэспублікі Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на выкарыстанне смяротнай кары ў адпаведнасці з Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 63/168 ад 18 снежня 2008 г.

Урэшце, заклікаем улады Беларусі пакласці канец запалохванню ўсіх праваабаронцаў, у тым ліку тых, хто ўнутры краіны актыўна выступае за ўвядзенне мараторыя на смяротную кару. У якасці самага апошняга прыкладу прыгадаем затрыманне 23 сакавіка 2010 г. прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна” (Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік), якія выражалі пратэст супраць стасавання смяротнай кары ў дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. З просьбай прыняць захады і спыніць такія віды ўціску 25 сакавіка г.г. да Вас ужо звярталіся арганізацыі Civil Rights Defenders, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Фундацыя дамоў правоў чалавека і Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні. У гэтым звароце жадаем паўтарыць гэты заклік.

 

З павагай,

Дом правоў чалавека – Осла (ад імя наступных арганізацыяў):

–        Фундацыя дамоў правоў чалавека

–        Нарвежскі Хельсінкскі камітэт

–        Нарвежскі Тыбецкі камітэт

 

Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні, Літва

 

Дом правоў чалавека – Лондан (ад імя наступных арганізацыяў):

–        Index on Censorship

–        Англійскі ПЭН-цэнтр

 

Дом правоў чалавека – Польшча (ад імя наступных арганізацыяў):

–        Хельсінкская фундацыя па правах чалавека

–        Хельсінкскі камітэт у Польшчы

–        Асацыяцыя маладых журналістаў POLIS

–        Група супраць смяротнага пакарання – HORIZON

 

Расійскі даследчы цэнтр па правах чалавека (ад імя наступных арганізацыяў):

–        Незалежная псіхіятрычная асацыяцыя Расіі

–        Цэнтр садзейнічання рэформе крымінальнага правасуддзя

–        Маскоўская Хельсінкская група

–        Рэгіянальная грамадская арганізацыя «Права дзіцяці»

–        Арганізацыя «Міжнародная негвалтоўнасць»

–        Фундацыя «Сацыяльнае партнёрства»

–        Саюз камітэтаў салдацкіх мацярэй

 

Дом правоў чалавека – Сараева (ад імя наступных арганізацыяў):

–        Арганізацыя грамадзян-жанчын «Адраджэнне»

–        Хельсінкскі камітэт па правах чалавека ў Босніі і Герцагавіне

–        Рэгіянальны каардынатар моладзевых групаў  HCHR на Заходніх Балканах

–        Сербская грамадзянская рада – Рух за роўнасць – Рада кантона Сараева

–        Цэнтр «Жанчына і Грамадскасць»

 

Дом правоў чалавека – Баку

Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў, Літва

Армянская Хельсінкская асацыяцыя

Цэнтр па правах чалавека, Грузія

Цэнтр грамадскіх і палітычных правоў, Швейцарыя

Грамадзянская Беларусь, Чэхія

Civil Rights Defenders, Швецыя

Фундацыя імя Рафта, Нарвегія

HURINET, Уганда

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH)

 

Копіі накіроўваюцца:

·         Віктару Галаванаву, Міністру юстыцыі Рэспублікі Беларусь

·         Уладзіміру Андрэйчанку, Старшыню Палаты Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь

·         Міхаілу Хвастову, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Амбасадару, Пастаяннаму Прадстаўніку Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні ААН у Жэневе

·         Уладзіміру Сянько, Амбасадару, Кіраўніку Місіі Рэспублікі Беларусь пры Еўрапейскай Супольнасці

·         У Камітэт па правах чалавека ААН

·         У Генеральны дырэктарат па правах чалавека і прававых пытаннях Савета Еўропы

·         У Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе

·         У Міністэрства замежных спраў Нарвегіі

·         У Пастаянны камітэт па замежных справах Нарвежскага Парламента

·         У Міністэрства замежных спраў Літвы

·         У Міністэрства замежных спраў Швейцарыі

·         У Дэлегацыю Еўрапейскай Камісіі ў Рэспубліцы Беларусь