(Ліст дасланы 12 мая 2019 года)

Сталым прадстаўнікам дзяржаваў-сябраў і дзяржаваў-назіральнікаў Рады ААН па правах чалавека:

 

Мы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі гэты ліст, настойліва заклікаем уважліва сачыць за станам правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку  працягнуць мандат Спецыяльнага дакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН і шукаць прэвентыўныя меры для прадухілення роста парушэння правоў чалавека напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Стан правоў чалавека ў Беларусі будзе разгледжаны Радай па правах чалавека ААН на 41-й сэсіі з 24 чэрвеня па 12 ліпеня 2019 года. З часу стварэння мандата спецдакладчыка у 2012 годзе Беларусь адмаўляецца супрацоўнічаць з мандатарыем. Заканадаўчы і палітычны асяродак, які спрычыніў масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама стварэнне мандата, збольшага застаўся такі самы.

Аднак мандат спецыяльных працэдур, створаны и адноўлены паводле 4 пункта павесткі дня Рады па правах чалавека, ёсць важным і пазітыўным механізмам. У той час, як у Беларусі паўсюдна і беспакарана парушаюць правы чалавека, звярнуцца да правасуддзя на ўзроўні рэгіёна немагчыма, бо Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы. Таксама Беларусь толькі зрэдчас прапануе сябе на разгляд дагаворнага органа ААН; так, напрыклад, нядаўна група незалежных экспертаў, якая адсочвае выкананне Міжнароднага пакта грамадзянскіх і палітычных правоў, разглядала Беларусь – упершыню за 20 гадоў.

Таму Спецыяльны дакладчык застаецца хіба адзіным механіхзмам, які рэгулярна прыцягвае міжнародную ўвагу да сур’ёзнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Мандат асабліва важны для беларускай грамадзянскай супольнасці не толькі як сродак паведаміць аб парушэннях правоў чалавека, але і для прэвентыўнай ролі, якую адыгрывае механізм, бо Беларусь ведае, што яе дзеянні адсочваюцца і аналізуюцца на міжнародным узроўні.

Гэты механізм патрэбны грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ёсць небяспека, што парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў Беларусі спрычыняць усплеск парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў, анлайн-актывістаў і іншых, як гэта раней сістэматычна адбывалася ў папярэднія электаральныя перыяды. Як многія памятаюць, менавіта ўсплеск парушэнняў менавіта пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года прывёў да стварэння гэтага мандата. Мы настойліва раім дзяржавам дабівацца ад Беларусі гарантый, што такія парушэнні не паўторацца.

У сваім фінальным дакладзе Генеральнай Асамблеі ААН у верасні 2018 года папярэдні Спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі пісаў, што «цяжкія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, якія цыклічна паўтараюцца, пераслед журналістаў і праваабаронцаў і частыя арышты палітычных апанентаў уяўляюць сабой карную частку парушэнняў правоў чалавека. Рэпрэсіўная заканадаўчая база таксама прызначаная для ўціска любой формы выяўлення нязгоды і для прадухілення або паралізацыі публічных дэбатаў не толькі па грамадзянскіх і палітычных пытаннях, але і па эканамічных і сацыяльных, такіх, як працаўладкаванне, заробкі і пенсіі, гандаль людзьмі і карупцыя».

З часу стварэння мандата Спецыяльнага дакладчыка ў 2012 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася. Заканадаўчыя і сістэмныя абмежаванні свабоды слова і асацыяцый дзейнічаюць як раней, а парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў спалучаюцца з парушэннямі правоў эканамічных і сацыяльных. Нягледзячы на тое, што ўлады змянілі пакаранне за ўдзел у незарэгістраваным грамадскім аб’яднанні з крымінальнага на адміністратыўнае і вызвалілі найбольш  вядомых палітычных зняволеных, яны працягваюць ціск на праваабаронцаў, незалежных журналістаў, блогераў і актывістаў апазіцыі з выкарыстаннем судовай сістэмы,  прымяняе прэвентыўныя і адміністратыўныя арышты і вялікія штрафы.

Адвакаты, якія вядуць адчувальныя для беларускіх уладаў справы, таксама падпадаюць пад пераслед: напрыклад, выклік Міністэрства юстыцыі ў камісію для праверкі іх кваліфікацыі. Такая праверка можа спрычыніць пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі на падставе заканадаўства, якое беларускія ўлады паслядоўна змянялі такім чынам, каб цалкам падпарадкаваць адвакацкія калегіі Міністэрству юстыцыі.

У пытанні смяротнага пакарання ўрад Беларусі не выявіў рэальнай гатоўнасці супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі і працягвае выносіць і выконваць смяротныя прысуды ў парушэнне міжнародных стандартаў. Шматлікія заклікі Камітэта па правах чалавека прыпыніць смяротныя пакаранні ігнаруюцца, як і раней, а правы асобаў, асуджаных на смерць, парушаюцца на ўсіх этапах разбіральніцтва і ўтрымання пад вартай.

Такім чынам, дзяржавы-ўдзельніцы мусяць скіраваць да Беларусі недвухсэнсоўны зварот. Рада па правах чалавека можа – і павінна – вітаць пазітыўныя прыкметы з боку Беларусі і заахвочваць іх пашырэнне, у тым ліку нованабытую гатоўнасць да наступных працэдур дагаварных органаў з удзелам грамадзянскай супольнасці ў імплементацыі рэкамендацый дагаварных органаў. Беларусь можна заахвочваць да больш сістэматычнай, эфектыўнай і змястоўнай супрацы з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку пры падрыхтоўцы нацыянальных справаздачаў напярэдадні наступнага ўніверсальнага перыядычнага агляду і яго разгляду Камітэтам па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама ў распрацоўцы механізма выканання рэкамендацый Камітэта па правах чалавека.

Аднак Рада па правах чалавека павінна добра разумець, што аднаго дыялога недастаткова, і што многія сістэмныя праблемы ў сферы правоў чалавека ў Беларусі павінны вырашацца з дапамогай адназначных сістэмных дзеянняў.

Мы настойліва заклікаем Раду працягваць міжнародны кантроль над сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, працягваючы мандат Спецыяльнага дакладчыка датуль, пакуль Урад Беларусі не зробіць адчувальных крокаў, у тым ліку:

  • Поўная супраца з праваабарончымі механізмамі ААН, што дазволіць Спецыяльнаму дакладчыку наведаць Беларусь, і канкрэтныя крокі выканання рэкамендацый Спецдакладчыка і іншых механізмаў ААН, у тым ліку Камітэта па правах чалавека.
  • Прэвентыўныя меры, каб на будучых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах не павялічвалася колькасць парушэнняў правоў чалавека, у адрозненні ад папярэдніх электаральных перыядаў.
  • Спыніць пераслед і запалохванне незалежных журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў, крытыкаў урада і арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку шляхам спынення палітычна матываваных крымінальых справаў супраць іх, а таксама зарэгістраваць незалежныя праваабарончыя арганізацыі і іншыя НДА, якія падаюць заяўкі на рэгістрацыю.
  • Абавязальніцтва прывесці заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, уключна з правам на свабоду выказвання думкі, свабоду асацыяцый і мірных сходаў і спыніць пераслед па палітычных матывах.
  • Мараторый на смяротнае пакаранне з мэтай яго поўнага скасавання.

 

Сябры Рады ААН па правах чалавека не выканаюць свае абавязкі перад беларускімі праваабаронцамі і іншымі пацярпелымі ад пераследу дзяржавы, калі яны адмовяцца ад сваёй пазіцыі ў тым, што мандат Спецыяльнага дакладчыка будзе працягнуты прынамсі да той пары, пакуль не будуць прадэманстраваныя гарантыі таго, што згаданыя вышэй крокі будуць рэальна зробленыя ўрадам краіны.

Дзякуем за ўвагу і будзем радыя даць любую дадатковую інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

 

Amnesty International

Civil Rights Defenders

Human Rights House Foundation (HRHF)

Human Rights Watch

International Federation for Human Rights (FIDH)

 

In English