Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA-By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).

 

Урач, які спачатку лячыў хворых зняволеных, потым, займаючы высокую пасаду, адказваў за ўсю турэмную медыцынскую сістэму ў краіне, потым сам амаль год сядзеў за кратамі, а цяпер аддана працуе, каб у калоніях, турмах, СІЗа і іншых закрытых установах людзі пачуваліся людзьмі, а не “кантынгентам”.

Больш за два гады таму, падчас навучання ў BISH, Васіль Завадскі стварыў сацыяльна-інфармацыйную установу  «ТаймАкт», галоўнай мэтай якой ёсць абарона правоў асуджаных. Ісці да гэтай мэты нялёгка, але жыццё ўжо добра загартавала Васіля. Можна сказаць, што яно само прывяло яго на гэтае месца, якое наўрад ці можна назваць “працоўным” – тое, што робіць Завадскі, хучэй, варта назваць місіяй.

 

“Я падумаў: можа, форма будзе, можа трохі больш плаціць будуць, можа, з кватэрай трохі прасцей будзе”

– Я нават не магу сказаць, што марыў з дзяцінства быць урачом. Так склалася, што пайшоў у медыцыну пасля школы. Потым, калі было размеркаванне, мне прапанавалі пайсці ў сістэму МУС. Я ведаў, канешне, што ёсць нейкія калоніі, турмы, ёсць зняволеныя… Нібыта іншыя планеты… Але я не разумеў: тое, што мне прапануюць – праца ўрачом у месцах пазбаўлення волі. Я па асноўнай сваёй спецыяльнасці псіхіятр, і мне было сказана: псіхіятрыя – толькі ў МУС у нас ёсць варыянты. Ну, я падумаў: можа, форма будзе, можа трохі больш плаціць будуць, можа, з кватэрай трохі прасцей будзе. Бо я сельскі хлопец, усё роўна трэба было некуды паехаць, да таты з мамай у маленькую вёсачку я паехаць не мог.

Памятаю, як я першы раз прыйшоў працаваць у Горацкую 9-ю калонію, і ўяўляю сабе шчоўк за спіной, як жалезныя дзверы грукаюць, як яны адчыняюцца-зачыняюцца… Але тады я ішоў туды працаваць.

Горацкая калонія – месца, дзе людзі не першы раз адбываюць пакаранне. Самыя розныя людзі там трапляліся: і разумныя, і цікавыя, і з пачуццём гумару. І мне скардзіліся на несправядлівасць, і часам я яе бачыў. Я з дзяцінства захаваў наіўнасць: мне падаецца, усе добрыя, апрыоры справядлівыя.

 

“У тыя часы зняволеных часта вывозілі ў Расію на лесапавал”

Гэта было на маім другім месцы працы – ў Навасадах, 14-й калоніі. Я паехаў туды, два гады адпрацаваўшы ў Горках. У Навасадах нам з жонкай далі аднапакаёвую кватэру і, напэўна, у майго мінскага кіраўніцтва былі віды на мяне як змену начальніка медчасткі, які збіраўся зыходзіць на пенсію. А кіраўніцтва калоніі, відаць, мела свае віды. І вось аднойчы мяне выклікае кіраўнік і кажа: Васілій Іванавіч, даю вам спіс зняволеных, трэба адабраць іх амбулаторныя картачкі, але толькі каб ніхто пра гэта ня ведаў. А ў тыя часы зняволеных часта вывозілі ў Расію на лесапавал, і такі быў падыход, каб яны пра гэта ня ведалі загадзя, бо маглі сабе нейкія пашкоджанні зрабіць, каб не ехаць. Я адабраў гэтыя дакументы. Назаўтра мяне выклікае начальнік: так, вы папярэдзілі зняволеных, яны ўсё ведаюць, вы здраднік! Для мяне гэта было як абухом па галаве. Я так перажываў гэта абвінавачанне… І мне кажуць: толькі нікому не расказвайце, мы гэта замнём, гэта і для вас лепш. Але я не вытрымаў, і гэта мяне выратавала. Параіўся з адным старэйшым калегам, з другім, трэцім. Потым дамоў прыехаў, з татам параіўся, ён мяне вельмі падтрымаў. А потым усё-такі патэлефанаваў і свайму кіраўніку медычнаму ў Мінск. І той падтрымаў. А я тады проста не разумеў, што людзям хацелася свайго чалавека паставіць начальнікам…

Сітуацыя, на жаль, звычайная: людзі, якія доўгі час працуюць са зняволенымі, самі набіраюцца ад іх адмысловых правілаў жыцця. Навасады – калонія, дзе сядзяць паўторна судзімыя людзі. Для многіх з іх падмануць нічога не значыць, сказаць і не выканаць, не стрымаць слова… У адносінах з адміністрацыяй, вядома. Паміж сабой там крыху іншыя стасункі… Але з цягам часу некаторыя супрацоўнікі пераймаюць гэта. Потым чалавек сам выбачаўся перада мной: даруй, мне загадалі…

 

“Адчуванне несправядлівасці фарміравала мяне, мае адносіны да жыцця”

У Навасадах я стаў начальнікам медчасткі і працаваў там з 1988 да 97-га года. Потым непрацяглы час быў начальнікам Рэспубліканскай бальніцы для зняволеных у Мінску (вядомай бальніцы на тэрыторыі турмы на Апанскага, цяпер Кальварыйскай – ні старой назвы вуліцы, ні турмы ўжо няма – С.Б.), а ў 98-м годзе была створаная медыцынская служба камітэта выканання пакаранняў – і я яе ўзначаліў.

Гэтую пасаду я займаў аж да 2010 года. Пабачыў усю пенітэнцыярную сістэму, у розных калоніях пабываў, і ў ЛТП… Бачыў, што людзі сапраўды маюць патрэбу ў дапамозе, як у прыкладной медыцынскай, так і ў больш шырокім сэнсе… Тады я б не сказаў “праваабарончай”, але было відавочна, што людзі часта церпяць ад несправядлівасці і сапраўды ім трэба дапамога, якая не ўкладаецца толькі ў юрыдычныя межы.

 

“А ў 2010 годзе мяне самога са спецыяліста зрабілі “экспертам”…

Шчыра кажучы, я тады ўжо задумваўся, што трэба сыходзіць: працаваць станавілася складаней. Усё менш было магчымасцяў праяўляць урачэбны, гуманны падыход да зняволеных, пашыралася неправасуднае стаўленне да некаторых людзей, адчуваўся ціск на супрацоўнікаў, якія не хацелі выконваць нейкія каманды з боку вышэйстаячых. Напрыклад, ціснуць на зняволеных. Ці несправядліва пасадзіць у штрафны ізалятар, ні за што… Мяне як урача гэта ў меньшай ступені датычылася, хаця і да мяне падыходзілі: напішы, што ён п’яны – на цвярозага.

Я шукаў спосабы сысці… Можа, і гэты мой настрой паспрыяў, што вырашылі так спыніць мой службовы шлях. Прынамсі, я ўжо потым даведаўся, што недзе з восені 2009 года мяне сталі праслухоўваць. Тое, што супрацоўнікаў праслухоўвалі, навінай не было, нас папярэджвалі і мы разумелі, што нас могуць слухаць і гэта звычайная справа. Я сапраўды падставіўся…

22 лютага 2010 года я сабраўся, як звычайна, ехаць на працу. У гэты дзень была нарада псіхіятраў-нарколагаў рэспублікі, куды я быў запрошаны. Калі выйшаў садзіцца ў самаход ехаць у Навінкі, да мяне падыйшоў чалавек, паказаў пасведчанне і сказаў, што я затрыманы.

 

“Аднекуль узяўся мікрааўтобус, мяне – туды і завезлі ў двор КДБ, і ў гэты ж дзень я апынуўся ў Амерыканцы”

Мой досвед працы ў пенітэнцыярнай сістэме – 24 гады, але я нават не ведаў, што мяне там павінныя былі з нечым пазнаёміць, пра нешта папярэдзіць, сказаць, што ты маеш права на тое і тое… Я пра гэта толькі пазней даведаўся.

Але, прынамсі, калі сказалі, у чым мяне абвінавачваюць, мне адразу стала лягчэй: маўляў, вы прасілі для некага транквілізатар. Ну так, сапраўды, прасіў – мяне папрасілі, і я прасіў. А ўжо потым мне паказваюць артыкул – аказваецца, гэта той самы 328, дзе наркотыкі, псіхатропы, транквілізатары, і гэта крымінальная адказнасць. Але ў мяне адчуванне было спакойнае – ну а што, усім жа зразумела, што я імі не гандляваў, нічога такога. Папрасілі людзі, і я папрасіў. Купіць гэты лек проста так немагчыма, там адмысловыя рэцэпты, а для супрацоўніка складана такі рэцэпт атрымаць, трэба звяртацца да псіхіятра.

 

“Гэта такі дзённага тыпу транквілізатар, у сон не клоніць, а проста чалавек больш ураўнаважана рэагуе”

Гэта быў чалавек з сістэмы, ён мне распавёў сваю жыццёвую сітуацыю, і я пагадзіўся дапамагчы. Ён кажа: прыходжу ў міністэрства і бачу, што перад калегіяй людзі нейкія таблеткі прымаюць. Спытаўся, запісаў назву. Я потым расказваў сваім калегам, дактарам з паліклінікі МУС: бачыце, людзі прыходзяць і такую прафілактыку сабе просяць. Яны кажуць: правільна, чым потым гіпертанічны крыз атрымліваць, разумны падыход. Гэта такі дзённага тыпу транквілізатар, у сон не клоніць, а проста чалавек больш ураўнаважана рэагуе на нейкую сітуацыю. Для мяне было зразумела, што чалавек хацеў супакоіцца перад калегіяй. Хаця, канешне, было зразумела і тое, што гэта нешта не дужа правільнае. Што схадзі ў аптэку, заплаці грошы за лекі і прымай, колькі сабе хочаш. Толькі што іх проста так ня купіш, а пайсці супрацоўніку да псіхіятра – магло пацягнуць складанасці для кар’еры… Карацей, я пазваніў падначаленаму, той прывёз гэтыя лекі. Тэлефон праслухоўваўся даволі доўгі час, яны традыцыйна шэсць месяцаў слухаюць. А я званіў некалькі разоў, напамінаў… Вось і атрымаў такое завяршэнне сваёй кар’еры. Быў асуджаны, каля 9 месяцаў прабыў у Амерыканцы (турме КДБ – С.Б.), а потым яшчэ каля месяца ў Віцьбе. Мне далі 2,5 гады. Год скасавалі адразу па амністыі…

 

“Мы дапамагалі людзям нарказалежным, ВІЧ-пазітыўным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і якія вызваліліся”

22 лютага мяне затрымалі, а перад самым Новым годам я вызваліўся і вярнуўся дадому.

І паўстала пытанне: што рабіць, куды ісці, дзе працаваць.

Калі я працаваў у дэпартаменце, мы супрацоўнічалі з рознымі арганізацымі, выконвалі ў тым ліку  праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі. І вось адна з такіх арганізацый – Міжканфесійнай місія “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне”, што працягвала працаваць з былымі зняволенымі (быў тады праект Глабальнага фонда барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ПРАААН)) – запрасіла мяне да сябе. І я пайшоў. Мы дапамагалі людзям нарказалежным, ВІЧ-пазітыўным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і якія вызваліліся (цяпер гэта называецца рэсацыялізацыя), вярнуцца ў жыццё.

Мы працавалі пры рэлігійнай арганізацыі з вельмі цікавымі, адданымі людзьмі, глыбока рэлігійнымі – гэта мне і самому вельмі дапамагло. Я шмат у чым змяніў жыццё, стаў нашмат больш спакойна ставіцца да розных пераменаў, якія адбываюцца са мной і наогул у свеце. Веруючым чалавекам я быў і раней, але глыбей зразумець многія пытанні і стала хадзіць у касцёл я стаў пасля таго, як вызваліўся. І тыя падзеі, якія са мной адбыліся, не прайшлі бясследна. Многія зняволеныя, калі толькі трапляюць у месцы пазбаўлення волі, па-іншаму пачынаюць ставіцца да веры, да рэлігіі, да Бога. Гэта вельмі ўдзячныя для працы святароў людзі, яны адкрытыя. І гэтае разуменне, што ад чалавека не ўсё залежыць – яно дапамагае больш ураўнаважана ставіцца да розных падзеяў, што адбываюцца са мной ці з іншымі ў жыцці. Калі ты, дастаткова паспяховы чыноўнік, збіраешся на працу, і раптам чуеш: вы затрыманыя… І ўсё. Ад цябе нічога не залежыць. Ты збіраўся нешта зрабіць, абавязаны быў здаць тэрмінова справаздачы – а потым усё няважна. Было нават нейкае адчуванне палёгкі… Я павінен быў, а не змог, ну і што? І ўсё.

Разуменне, што ад цябе далёка не ўсё залежыць, дапамагае больш адэкватна ставіцца да падзеяў і будаваць сваё жыццё.

 

“Адвакаты, следчыя, пракуроры размаўляюць пра юрыдычныя аспекты, і чалавека ўжо як бы і не існуе. Я стаў заўважаць і за калегамі дактарамі такое”

Гэтыя падзеі дапамаглі па-іншаму ставіцца да эмоцыі – я стаў больш ураўнаважаны.

Як і раней, я таксама перажываю праз відавочную несправядлівасць. Але раней я думаў, што мы напішам у пракуратуру: тут жа не так, глядзіце, — і яны скажуць: відавочна! І ўсё паправіцца.

А – не, яны адказваюць, што ваш ліст не разглядаецца, таму што вы пячатку не паставілі. І ў юрспрудэнцыі ўсюды так. Не так звярнуўся, не ў такой форме, не так пытанне паставіў…

Значыць, цяпер я думаю, тут трэба адступіць. Не кінуць, не! Падыйсці яшчэ раз, ці крыху па-іншаму. Канешне, не павінна сутнасць губляцца за формай. Не паставілі пячатку – не сталі разглядаць зварот. Гэта глупства. Але наступны раз мы паставім пячатку і будзем змагацца за сутнасць. Такі падыход дапамагае не ўпадаць у дэпрэсію, не адчайвацца, што “ўсё прапала”. Сапраўды, калі не бачыш выніку, якога чакаў бы, калі ўказваеш на відавочную несправядлівасць, ёсць расчараванне – але разам з тым гэта проста падстава для новых дзеянняў.

Я вось разважаў пра сваю гісторыю – мне ж было відавочна, што я, прасіўшы для чалавека гэтыя лекі, па вялікім рахунку, нікому шкоды не прынёс. Не гандляваў жа я імі, ніхто ж не стаў залежны ад гэтых дзесяці таблетак. За што тут садзіць у турму чалавека? І мне тады здавалася, што гэта ўсе бачаць. Але я заўважаў, што прыходзяць адвакаты, следчыя, пракуроры – і яны размаўляюць пра юрыдычныя аспекты, і чалавека ўжо як бы і не існуе. Я потым стаў заўважаць за калегамі дактарамі такое. Асабліва цяпер, калі паўсюль пратаколы, і ўрач не павінен глядзець на чалавека і думаць, чым яму дапамагчы. Глядзяць пратаколы, схемы – і неяк чалавек, канкрэтны чалавек – ён нібыта ўжо збоку недзе… Я не думаю, што гэта правільна і добра. А што датычыць праваабарончага падыходу, дык ён як раз дазваляе – нават вымагае індывідуальнага чалавечага стаўлення да кожнага канткрэтнага чалавека, кожнай асобы.

 

“З Алегам Гулаком мы пазнаёміліся на судзе, дзе прадстаўлялі розныя бакі”

Арганізацыя “Тайм-акт” была зарэгістраваная напрыканцы 16 года. І ў тым жа годзе я пачаў вучыцца на BISH.

Як, дзе я заўважыў абвестку, што адбываецца набор на навучанне? Не памятаю. Трэба ж были рэкамендацыі, а я з праваабаронцаў ведаў Алега Гулака (старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэту – С.Б.). Мы пазнаёміліся на судзе, дзе прадстаўлялі розныя бакі. Ён быў на баку маці, якая судзілася з Дэпартаментам выканання пакаранняў, бо яе сын хварэў на сухоты, вызваліўся з турмы па стане здароўя і памёр праз некалькі месяцаў. Мы з калегам як медыкі даказвалі, што лячылі гэтага чалавека правільна, і суд заняў наш бок.

Але з таго часу ў нас усталяваліся нармальныя адносіны з Алегам Гулакам. Ён даў мне рэкамендацыю, і я атрымаў магчымасць пайсці вучыцца, атрымаць адпаведныя веды ў сферы правоў чалавека. Гэтае  навучанне мне сапраўды вельмі дапамагло. Цяпер я сам ведаю і тлумачу людзям, напрыклад, што мы маем права на тыя ж мірныя сходы – па міжнародных нормах, і што затрыманні, якія адбываюцца, скажам, на Дзень волі, менавіта таму – незаконныя. Людзі не ведаюць гэтага.

 

 

“Калі мы толькі стварылі арганізацыю і расказалі пра гэта ў незалежных СМІ, – пайшоў паток зваротаў. Проста вал”

Паралельна з навучаннем выспявала ідэя стварыць арганізацыю менавіта для абароны правоў вязняў і былых вязняў.

Мы думалі пра гэта разам з Міколам Аўтуховічам – гэта наогул больш ягоная ініцыятыва, таму што на той час ў месцах пазбаўлення волі знаходзіўся Андрэй Бандарэнка, і мы бачылі, што няма каму гэтым займацца, а трэба.

Калі мы толькі стварылі арганізацыю і расказалі пра гэта ў незалежных СМІ, – пайшоў паток зваротаў. Проста вал. 99% датычыліся нязгоды людзей з прыгаворамі судоў. Людзі патрабавалі юрыдычнай дапамогі, якую мы ім ні па статуце, ні па сваіх прафесійных магчымасцях аказаць не маглі. Людзі слаба разумеюць, чым адрозніваюцца  праваабарончая і юрыдычная дейнаць, – і я думаю, што шмат было расчараванняў, што звярнуліся, а дапамагчы ім не могуць. А нам хацелася дапамагчы… Я шукаў юрыстаў, даваў пачытаць гэтыя лісты, каб выказалі сваё меркаванне, нешта параілі… У рэшце рэшт знайшліся юрысты, гатовыя на валантэрскіх пачатках дапамагаць, але ж лісты ішлі кожны дзень. І прыйшлося выпрацаваць такі шаблон, пісаць: вы маеце патрэбу ў юрыдычнай дапамозе, раім вам звярнуцца ці да адваката, ці ў юрыдычную кансультатцыю. Хаця ў некаторыя сітуацыі мы ўсё ж ўвязаліся.

 

Да нас завяртаюцца людзі з просьбай напісаць звароты ў розныя інстанцыі, таму што “вы ж арганізацыя, будуць хутчэй рэагаваць”. І сапраўды, мы гэта робім.

Звяртаемся ў Міністэрства аховы здароўя, зараз праводзім працу, звязаную з дзейнасцю магазінаў у месцах пазбаўлення волі, бо на гэта шмат скаргаў. Там існуе праблема манапалізма і адсутнасці кантролю, і як вынік – вельмі высокія кошты, невысокая якасць тавара.

Яшчэ падступаемся да тэмы даступнасці юрыдычнай дапамогі для людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.Тут, дарэчы, вельмі дапамагаюць веды ў праваабарончай сферы, таму што тое, што сёння прапісана ў крымінальна-выканаўчым кодэксе, з майго пункту гледжання, не адпавядае патрабаванням Канстытуцыі, якая сцвярджае, што кожны ў любы час мае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі. А у КВК і правілах унутранага распарадку – быццам бы толькі ў непрацоўны час… Абмежаванні! Мы пісалі ўжо адпаведны зварот і ў МУС, і ў міністэрства юстыцыі — і будзем далей пісаць.

Тут і такі аспект, як кошт адвакатскай дапамогі. Бяру на сябе смеласць заявіць, што для асноўнай масы нашых грамадзян яна проста недаступная, улічваючы даходы. Бо калі, скажам, у палітычных ці каляпалітычных справах зразумелае стаўленне, тут роля адваката істотная, але магчымасць абараніць значна абмежаваная, – то ў крымінальных справах людзі проста не могуць сабе дазволіць атрымаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Каб яна была больш танная, меньш людзей патрапляла б у краты.

 

«Само разуменне, что ты пазбаўлены волі, магчымасці распараджацца сваім жыццём – вось гэта пакаранне»

Сумна вядомы 328-ы артыкул… Канешне, наркотыкі – вельмі сур’ёзная праблема, але гэта не значыць, што моладзь трэба садзіць на такія тэрміны!

Гэта не нармальна, калі ў грамадстве лічыцца, што 10-15 гадоў пазбаўлення волі – «нармальны тэрмін». У большасці выпадкаў, калі нават чалавек нават здзейсніў злачынства – калі гэта, канешне, не гвалтоўнае злачынстства, – дастаткова месяца… Нармальнаму чалавеку, асабліва ў першы раз – яму, можа, і дней хопіць, самога факту патрапіць у гэтыя ўмовы, убачыць іх… Ну, у цывілізаваным жа грамадстве не стаіць задача катаваць чалавека – кінуць яго ў шэрае, халоднае памяшканне, дзе няма вады, няма святла… Само разуменне, что ты пазбаўлены волі, магчымасці распараджацца сваім жыццём – вось гэта пакаранне. А калі чалавек жыве ў такіх умовах год-два-тры, то яму ўжо ўсё роўна становіцца, па вялікім рахунку. Гэтыя вялікія тэрміны на самой справе нічога не вырашаюць.

Я працаваў у той час, калі максімальны тэрмін быў 15 гадоў. Зараз 25 і пажыццёвае. Ну чым гэта палепшыла агульны стан? Ні ў чым я ня бачу паляпшэння. Проста такі папулісцкі падыход палітыкаў. Бо на што накіраваны перагляд кодэксаў? «Павялічыць тэрмін, павялічыць тэрмін». А што зменіцца? Ну, быў 6 гадоў—стаў 8, быў 8 – стаў 10, а па сутнасці нічога не мяняецца. Гэта проста імітацыя дзейнасці з боку заканадаўцы. Таму сапраўды – за эканамічныя злачынствы (я ўжо не кажу, што шмат што трэба папросту дэкрыміналізаваць) трэба кардынальна мяняць тэрміны зняволення. І ўмовы ўтрымання.

 

Напэўна, гэта лагічна, што цяпер я ўсё-такі больш схіляюся да сферы абароны правоў на здароўе зняволеных – тое, што я лепш ведаю, чым займаўся ўвесь час.

Дапамагаю людзям напісаць зварот у ДВП, ці ў Міністэрства аховы здароўя, ці тую ж пракуратуру, але больш прафесійна, з ведамі праваабарончай спецыфікі. Таму што можна проста напісаць, што ў мяне сын адбывае пакаранне і ён хворы, дапамажыце, але практыка, досвед паказвае, што калі чалавек спасылаецца на нейкія канкрэтна парушаныя нормы права, гэта дзейнічае нашмат эфектыўней.

Не адразу ўсё атрымліваецца. Напрыклад, зняволены чалавек цяжка захварэў у Глыбокім. Удалося дабіцца таго, што ён прайшоў камісію, якая прызнала, што ў яго маюцца хваробы, пры наяўнасці якіх згодна з нарматыўным дакументам ён можа быць вызвалены. Але суд, нажаль, яму адмовіў у вызваленні. Зноў мы трапляем у поле прававой невызначанасці. Сёння суд яму адмовіў, але праз тры дні ў яго стан не палепшыцца. Што для суда будзе аргументам, каб яго вызваліць? Суду ўжо адзін раз сказалі, што чалавек падпадае пад вызваленне. Гэта наогул такая складаная медыка-юрыдычная і філасофская нават тэма: што суддзю павінна праняць, каб ён сказаў: ну так, учора я не вызваліў, а сёння ўжо трэба вызваляць. Скажа, калі пабачыць, што чалавек вось-вось памрэ? Мне здаецца, так не павінна быць. Не таму яго павінныя вызваляць, што ён памрэ хутка, а – каб не памёр.

 

Пакуль у мяне будуць сілы – фізічныя, маральныя, матэрыяльныя – я буду развіваць гэтую дзейнасць.

Галоўнае, дзеля чаго я сёння працую – каб у людзях, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, бачылі людзей. Такіх, як усе: з пачуццём уласнай годнасці, якое, як мы ведаем, даецца ад нараджэння: я скажу – Госпадам, нехта скажа – ад прыроды… Гэтае пачуццё ніхто не можа адняць – ні пракурор, ні суд, ніхто. Яно ёсць у чалавека. Трэба, з аднаго боку, абудзіць, каб чалавек гэта разумеў, адчуваў гэту годнасць сам, а па-другое – каб разумелі тыя, хто з ім працуе.

Гэта дапаможа і ў медыцыне, і ва ўсіх сферах. Вось гэта галоўная задача.

 

Гутарыла Сабіна Брыло
спецыяльна для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава