When: Wednesday, 3. August 2011 20-30
Where: Вільня
Host: Беларускі ДПЧ
Contact: Андрэй Палуда (belschool@gmail.com / +37060975600)
Стужку пад назвай “Прычына смерці – прочырк”, адмыслова створаную ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, зняў рэжысёр Віктар Трацякоў па сцэнары Паліны Сцепаненкі.
Паводле аўтараў фільма, смяротнае пакаранне ў Беларусі – гэта сапраўдная таямніца: родным асуджаных не паведамляюць дату выканання прысуду, не выдаюць цела пакаранага і нават не кажуць, дзе чалавек, пакараны смерцю, знайшоў свой апошні прытулак. Больш за тое, у пасведчанні аб смерці ў графе “прычына смерці” ставіцца прочырк, што і тлумачыць такую назву фільма.
Аўтары фільму звярнулі ўвагу гледачоў на пакуты сваякоў тых, хто быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Гераіняй фільму стала маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку 2010 году. Святлана Жук даведалася пра смерць сына, калі прывезла яму чарговую перадачу. Яе не прынялі, а ахоўнік толькі сказаў: “Не шукайце яго нідзе. Адбыў па месцы выканання прысуду”. Так Святлана Жук зразумела, што сына ўжо расстралялі.
“Святар правёў адпяванне і сказаў, каб мы пахавалі яго рэчы ў магілу кагосьці з блізкіх і пасыпалі яе свянцонай зямлёй. Мы так і зрабілі”, — распавядае, плачучы, Святлана Жук.
“Фільм створаны для таго, каб праінфармаваць як мага больш шырокае кола людзей, каб паўплываць на грамадскае меркаванне ў гэтым пытанні і каб даносіць альтэрнатыўную думку, таму што дзяржава да гэтага пытання адносіцца вельмі аднабока. Прадстаўнікі дзяржавы кажуць толькі пра эмоцыі ахвяраў, а пра эмоцыі сваякоў асуджаных не кажа ніхто.І кожны раз калі мы ладзім прэзентацыю, адбываецца яшчэ і дыскусія, дзе людзі выказваюцца па праблеме смяротнага пакарання. І гэта вельмі важна, што гэтае пытанне абмяркоўваецца,” – распавеў адзін са стваральнікаў стужкі, праваабаронца Андрэй Палуда.
Пад час прэзентацыі будзе арганізаваная дыскусія, дзе эксперты ды ўдзельнікі мерапрыемства змогуць абмеркаваць неадназначнае, але важнае пытанне смяротнага пакарання ў Беларусі.
***
На дадзены момант Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе і прымяняецца смяротнае пакаранне. З гэтай жа прычыны Беларусь не можа стаць краінай-удзельніцай Рады Еўропы.
“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” – кампанія, распачатая у 2009 годзе. Мэтай кампаніі ёсць спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны заклікаюць усіх, каму не абыякавае гэтае пытанне – далучацца да адмысловай петыцыі якую яны падрыхтавалі. Зрабіць гэта можна зайшоўшы па ссылцы: http://petition.spring96.org. На сёння да кампаніі, шляхам падпісання петыцыі далучылася шмат вядомых людзей, такія як: Лявон Вольскі, Стынг, Зінаіда Бандарэнка, Мечыслаў Грыб, Адам Глёбус, айцец Аляксандр Надсан і шмат-шмат вядомых іншых людзей. Гэты зварот за подпісамі як вядомых беларускіх і замежных дзеячоў, так і простых грамадзянаў будзе перададзены прадстаўнікам Парламенту, Ураду і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што ўлады Беларусі пяройдуць да рашучых дзеянняў, накіраваных на спыненне выканання смяротных прысудаў.