Год таму, 19 снежня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія суправаджаліся шматлікімі парушэннямі унутранага выбарчага заканадаўства і не адпавядалі міжнародным стандартам. Увечары дзесяткі тысяч людзей сабраліся на дэманстрацыю для мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная, і больш за 700 чалавек, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты,былі збітыя, арыштаваныя ці аштрафаваныя. У гэты дзень пачалася беспрэцэдэнтная хваля палітычна матываваных рэпрэсіяў у Беларусі, што выявіліся ў масавых ператрусах, канфіскацыях абсталявання, пераследзе і доўгіх тэрмінах турэмнага зняволення для тых, хто асмеліўся выказаць свой пратэст.

Сёлета, увечары 19 снежня людзі вырашылі проста прайсці тым шляхам, што і год таму, ды запаліць свечкі на плошчы Незалежнасці, дзе ў мінулым годзе адбыўся жорсткі разгон акцыі пратэсту. У сацыяльных сетках з’явіліся запісы, што людзі збіраліся  «прайсціся тым жа маршрутам, што і год таму ў той жа час, што і год», г.зн. а 20-й гадзіне. Людзі маюць на ўвазе прыватны, персанальны пратэст, без лозунгаў і плакатаў. Ніхто з апазіцыі не ўзяў на сябе арганізацыю масавай акцыі. Затрыманні пачаліся яшчэ раніцай.

Падчас акцыі, якую праводзілі актывісткі FEMEN, ахова будынка КДБ ў Мінску каля 11 раніцы затрымала журналістку Таццяну Гаўрыльчык, фатографа Юлію Дарашкевіч і ды тэлеаператара Кіцці Грын з Аўстраліі. Удзельніцам акцыі напачатку ўдалося збегчы, аднак увечары яны перасталі выходзіць на сувязь. Увечары 20 снежня стала вядома, што актывістак FEMEN збілі, абстрыглі і забралі дакументы.

Адна з лідэраў руху FEMEN Ганна Гуцал заявіла: «Яны жывыя, але не здаровыя і вельмі наляканыя, іх учора захапілі КДБ, усю ноч вазілі іх у машыне, потым вывезлі ў лес, аблілі алеем, пагражалі падпаліць, потым пагражалі нажом, нажом рэзалі валасы, кавалкамі з галавы зразалі, здымалі гэта ўсё на відэакамэру, пакінулі іх у лесе. Яны вось зараз дабраліся да вёскі Бякі́ Ельскага раёну Гомельскай вобласці, яны пабітыя, у іх забралі дакументы”.

Прыкладна а 16-й гадзіне каля дома ў мікрараёне Сухарава быў затрыманы экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі (на фота). Трое невядомых без тлумачэння накінуліся на яго пры выхадзе з пад’езда, не прадстаўляючыся, закінулі ў мікрааўтобус і адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. Пры гэтым ён адзначыў, што ў РУУС яго прыкулі да лаўкі. У такім стане ён правёў каля чатырох гадзін:

«Усё адбывалася па той самай схеме, як і 19 снежня мінулага года. Гэтак жа затрымлівалі, не прадстаўляліся і кідалі ў такі самы аўтобус. Адзінае, што тады было больш брутальна — зараз не білі па галаве. Больш нічога не змянілася. Тым самым улады паказваюць, што чалавека могуць затрымаць у любы момант».

Увечары пачаліся больш масавыя затрыманні,якія былі надзвычай жорсткімі — людзей цягалі па прыступках, лупілі па галовах. Спецназаўцы на плошчы Незалежнасці выхоплівалі ўдзельнікаў пратэсту з гурту людзей. Колькасць пратэстоўцаў каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці дасягнула каля 200 чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, вечарам 19 снежня ў Мінску было затрымала прыкладна 50 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб запаліць свечкі ў знак салідарнасці з палітзняволенымі, арыштаванымі пасля леташніх выбараў прэзідэнта. Асноўныя затрыманні прайшлі на плошчах Незалежнасці, Кастрычніцкая і Якуба Коласа. На плошчы Незалежнасці людзей затрымлівалі непасрэдна каля касцёла, дзе ў гэты час ішло набажэнства.

20 снежня у судзе Маскоўскага раёна Мінска прайшлі суды над затрыманымі 19 снежня ўдзельнікамі акцыі памяці. Гэта каля 30 чалавек, якія былі дастаўленыя ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска. Яны атрымалі штрафы і арышты ад 3 да 15 сутак. На ўсіх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП РБ). Вызвалілі толькі траіх непаўнагадовых. Адну дзяўчыну забралі на «хуткай».

Мінскі ГУУС паведамляе: 46 найбольш актыўных удзельнікаў акцыі былі дастаўленыя ў тэрытарыяльныя РУУС сталіцы для разгляду. Пасля ўстанаўлення асобаў 14 удзельнікаў акцыі былі адпушчаныя, а ў дачыненні да 32 складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах 09.04 (Невыкананне абавязкаў па выхаванню дзяцей), 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання) і 17.1 (Дробнае хуліганства) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “.

Палітыкі і НДА з розных краін свету выступаюць за правы чалавека ў Беларусі
Вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан і дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан падрыхтавалі сумесную заяву адносна правоў чалавека ў Беларусі у гадавіну жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года.

 Апошнія 12 месяцаў беларускія ўлады накіроўвалі ў турму мірных дэманстрантаз, разганялі негвалтоўныя пратэсты і працавалі над тым, каб прымусіць замаўчаць крытычная галасы. Таксама мы атрымлівалі вартыя даверу паведамленні аб прыніжаючым і бесчалавечным абыходжанні зпалітычнымі зняволенымі. Многія з іх былі вызваленыя, але мы паўтараем наш заклік, што ўсепалітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна вызваленыя і рэабілітаваныя, у тым ліку экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, і праваабаронца Алесь Бяляцкі”, – гаворыцца ў заяве.

Таксама 19 міжнародных НДА распаўсюдзілі сумесны ліст, у якім заклікалі Аляксандра Лукашэнку “неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных Беларусі і спыніць пераслед  і запалохванне дысідэнтаў”. Акрамя таго, аўтары ліста патрабуюць рэабілітаваць усіх абвінавачаных па палітычных матывах, не перашкаджаць дзейнасці палітычных  партый і НДА і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

“Ужо год пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Беларусь знаходзіцца ў найбольш трывожным крызісе з правамі чалавека за 20 год незалежнасці. Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне яшчэ ніколі не была горшай і працягвае пагаршацца”, – сказана ў сумеснай заяве.

Documents: