БХК у фактах і асобах
Заснавальнікамі арганізацыі Беларускі Хельсінскі Камітэт (БХК) сталі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы краіны: Васіль Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Карлас Шэрман і інш.
БХК выяўляе выпадкі парушэння правоў чалавека, аказвае прававую дапамогу канкрэтным людзям (штогод у БХК прыходзіць да 2000 скаргаў), рэгулярна праводзіць праваабарончыя семінары і навучальныя трэнінгі для юрыстаў, займаецца выданнем спецыяльнай літаратуры, арганізуе розныя мерапрыемствы з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.
Традыцыйна праваабаронцы сумесна з калегамі з іншых праваабарончых арганізацый удзельнічаюць у кампаніях па назіранні за ходам выбараў.
БХК праводзіць аналіз заканадаўства і выступае з прапановамі па яго ўдасканаленні: былі падрыхтаваныя прапановы, якія датычаць Крымінальнага кодэксу, працоўнага заканадаўства, законаў аб сродках масавай інфармацыі, выбарах, а таксама Канстытуцыі Беларусі.
Прадстаўнікі БХК удзельнічалі ў мностве “шараговых” і “гучных” справаў, абараняючы Паўла Шарамета, Валерыя Шчукіна, Ірыну Макавецкую і іншых журналістаў; “Народную волю” і “Белорусскую деловую газету”; Юрыя Бандажэўскага, Андрэя Клімава і іншых вязняў сумлення; сваякоў зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага; вернікаў розных канфесіяў; кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты; удзельнікаў мірных маніфестацыяў; прадпрымальнікаў і сацыяльна неабароненых грамадзянаў; уцекачоў; зняволеных, якія падвергліся жорсткаму абыходжанню, і сотні іншых людзей.
У 1998 г. БХК быў узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага Саюза і ЗША за ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці. У 2008 г. арганізацыя, першай у краіне, атрымала статус афіцыйнага партнёра Рады Еўропы.
“Улада пачала да нас прыслухоўвацца”
Асноўным вынікам дзейнасці БХК стала тое, што ўлады ўсё-такі пачалі прыслухоўвацца да праблемы парушэнняў правоў чалавека, мяркуе лідар арганізацыі Алег Гулак (на фота).
“Тэма правоў чалавека стала адной з цэнтральных, яна агучваецца на высокіх міжнародных узроўнях. І ўлады не могуць не звяртаць увагі на тэму парушэнняў правоў чалавека”, — заявіў Гулак у інтэрв’ю БелаПАН.
“Чаго не ўдалося зрабіць БХК у сферы правоў чалавека — дык гэта таго, што людзі дагэтуль спадзяюцца не на сябе, а на чыноўнікаў. Людзі не навучыліся самі, персанальна, адстойваць свае правы”, — дадаў лідар праваабарончай арганізацыі.
Праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца, падкрэсліў ён. “Мы, як і раней гэта рабілі, будзем праводзіць шырокія семінары па адукацыі людзей, іх інфармаванні аб прававым забеспячэнні, каб яны ведалі, на што могуць разлічваць у абароне сваіх правоў”, — сказаў Гулак.
Ён заявіў, што БХК не спыніць сваёй дзейнасці нават у выпадку змены ўлады ў Беларусі. “Праблемы з правамі чалавека існуюць нават у самых дэмакратычных дзяржавах — гэта праблема смяротнай кары, праблема ўтрымання зняволеных, праблема свабодных выбараў і спадарожныя ім праблемы. Таму я не думаю, што нават пры самым дэмакратычным прэзідэнце гэтыя праблемы знікнуць”, — сказаў Гулак.
Юрыст БХК Гары Паганяйла звярнуў увагу на тое, што арганізацыі не ўдалося дамагчыся, каб правы чалавека “сталі сапраўднасцю”.
“У Канстытуцыі шмат норм, якія гарантуюць грамадзянам розныя правы. Але гэтыя нормы не выконваюцца або выконваюцца не ў поўнай меры”, — канстатаваў ён.
Як бы там ні было, але “БХК жыве, і спадзяецца выжыць далей”, падкрэсліў праваабаронца.
Паводле інфармацыі БелаПАН і БАЖ