У 2007 годзе Камітэт міністраў Савета Еўропы заснаваў "Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання", які праводзіцца штогод таксама 10 кастрычніка. Гэта ўнёсак еўрапейскіх краінаў у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання.
Прыхільнікі абаліцыянісцкага руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне яны расцэньваюць як крайнюю форму пазбаўлення чалавека яго правоў – праз наўмыснае пазбаўленне жыцця дзяржавай. Гэта жорсткае, антыгуманнае і прыніжаючае чалавечую годнасць пакаранне. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
На еўрапейскай прасторы Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе ўсё яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне. У Беларусі смяротны прысуд прыводзіцца ў выкананне спецыяльнай камандай супрацоўнікаў МУС у СІЗА № 1 горада Мінска шляхам расстрэлу. Як і ў савецкія часы, пра дату і час пакарання не паведамляецца, цела сваякам пакаранага не выдаецца, месца пахавання не паказваецца.
Такая практыка не раз падвяргалася рэзкай крытыцы як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый. Камітэт па правах чалавека ААН тройчы прызнаваў такое абыходжанне негуманным, бесчалавечным і жорсткім відам абыходжання і парушэннем Беларуссю артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Апошняе падобнае рашэнне было вынесена КПЧ ААН па справе Уладзіслава Кавалёва, расстралянага 15 сакавіка 2011 года.
Варта адзначыць атмасферу сакрэтнасці ў дачыненні да пытання прымянення смяротнага пакарання ў краіне. Прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая праводзіцца з 2009 года, вядома толькі колькасць вынесеных і ўступіўшых у сілу смяротных прысудаў. Так, з 1990 года ў Беларусі ўступілі ў сілу смяротныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да 329 чалавек. З іх 281 прысуд быў вынесены ў перыяд з 1990 па 1999 гады. Пасля 1999 года назіраецца тэндэнцыя да рэзкага зніжэння колькасці вынесеных прысудаў. Так, з 2000 па 2013 было вынесена 50 смяротных прысудаў. Дадзены факт, у першую чаргу, звязаны са з’яўленнем у 1998 годзе ў Крымінальным кодэксе Беларусі альтэрнатыўнага смяротнаму пакаранню віда пакарання – пажыццёвага зняволення.
“Смяротны прысуд несправядлівы і бескарысны. Ні адна сістэма правасуддзя не застрахаваная ад судовых памылак або несправядлівага суда. Не ва ўсіх асуджаных на смерць ёсць магчымасць мець нармальную абарону ў судзе. Нарэшце, наяўнасць смяротнага пакарання ў грамадстве ніколі не спрыяла скарачэнню колькасці забойстваў або іншых відаў гвалту. Уявім, што забойца прызнаўся ў сваіх злачынствах і доказы яго віны ў судзе не падлягаюць сумневу. Ці заслугоўвае ён тым не менш смерці? Не. Нашы грамадствы павінны шукаць іншыя рашэнні і прапаноўваць судовыя альтэрнатывы пакаранню смерцю”, – гаворыцца ў сумеснай заяве Валянціна Стэфановіча (ПЦ "Вясна"), Карыма Лахіджы (FIDH), Фларэнса Беліўе(FIDH) і Рабэра Бадзінтэра – французскага юрыста, галоўнага і паслядоўнага змагара за адмену смяротнага пакарання ў Францыі, якой ён дамогся 30 верасня 1981 г.
У ААН зарэгістраваны індывідуальны зварот беларуса, асуджанага да смяротнай кары
10 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі “Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” стала вядома, што ў ААН зарэгістраваны індывідуальны зварот асуджанага да смяротнай карыбеларуса Паўла Селюна.Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, які з’яўляецца даверанай асобай асуджанага.
У сувязі з гэтым накіраваны зварот у Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, каб інфармаваць аб тым, што індывідуальны зварот Селюна Паўла Мікалаевіча быў зарэгістраваны Камітэтам па правах чалавека ААН 2 кастрычніка 2013.
“У адпаведнасці з правілам 92 правіл працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду дадзенага зварота па сутнасці”, – нагадваюць праваабаронцы МЗСу. У зваротах праваабаронцы просяць не выконваць смяротны прысуд да разгляду яго індывідуальнага звароту ў КПЧ ААН.
Функцыя кантролю ў дадзеным выпадку ўскладаецца на МЗС. Таму праваабаронцы дадаткова просяць, каб МЗС апавясціў Вярхоўны Суд, Генпракуратуру і МУС аб рэгістрацыі КПЧ ААН зварота Паўла Селюна, а таксама пракантраляваць выкананне міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь гэтымі дзяржаўнымі органамі і аказаць ім неабходнае садзейнічанне ў гэтым.
Неабходнасць накіравання дадзеных зваротаў у дзяржаўныя органы выклікана тым, што папярэднія смяротныя прысуды выконваліся беларускай дзяржавай да разгляду зарэгістраваных зваротаў у КПЧ ААН і вынесеных КПЧ тэрміновых працэдур абароны.
Артыкулы па тэме