Калі побач з домам №40 на вуліцы Перамогі пачалі збірацца аматары творчасці Ларысы Геніюш, яны ўбачылі на сцяне толькі дзіркі, самой мэмарыяльнай шыльды не было. Насупраць дзяжурыла міліцэйская машына і “Волга” зь людзьмі ў цывільным. У Ваўкавыск прыехалі з Мінску паэты Ўладзімер Някляеў і Міхась Скобла, краязнаўца Анатоль Белы (ён стаў галоўным ініцыятарам стварэння памятнай дошкі), даследчык літаратуры Анатоль Сідарэвіч, крытык Аляксандар Фядута, былі людзі з Мастоў, Свіслачы, Зэльвы, Горадні.

Раптоўна з сырэнай пад’ехала машына аварыйнай газавай службы. Рабочы схапіў кароткую агароджу са знакам забароны праезду і бегма кінуўся наперад, каб паставіць яе непадалёк ад дому, з якога знікла шыльда, прысвечаная Ларысе Геніюш. Такі ж знак паставілі з другога канца вуліцы, забараніўшы праезд на адцінку прыблізна двухсот метраў. Спынілі маршрутны аўтобус, прымусіўшы пасажыраў ісці далей пешшу. Брыгада працаўнікоў “аблгазу” адразу пачала абыходзіць дамы, быццам бы правяраючы газавыя трубы. Гэта перш за ўсё датычыла дому №40. Гаспадыня дому сказала, што шыльда сапраўды ранкам яшчэ вісела на сцяне, але потым нехта яе зняў.

У. Някляеў: “Можа быць заўтра гэтым людзям, якія ўчынілі проста вандалізм, будзе заўтра ці пазаўтра сорамна. Таму што яны ваююць не супраць нас, не супраць тых людзей, якія захацелі, каб тут вісела дошка, каб выйшла кніга яшчэ адна пра Ларысу Геніюш, – яны ваююць супраць будучыні. Гэта безнадзейная барацьба. Мы пераможам.”

Пасля гэтага ля стаянкі з машынамі на вуліцы Перамогі міліцыянты папярэдзілі аматараў творчасьці Геніюш, каб яны разыходзіліся, інакш будзе лічыцца, што яны праводзяць несанкцыянаваную акцыю.

Выслухаўшы міліцыянтаў, усе накіраваліся да Ваўкавыскага РАУС, каб высветліць лёс Мікалая Кавальчука. Некалькі дзясяткаў чалавек увайшлі ў пастарунак, і неўзабаве міліцыянты выпусцілі затрыманага. Ён выйшаў і паведаміў, што напісаў заяву аб тым, што лічыць сябе пацярпелым, паколькі шыльду Ларысе Геніюш, якую ён павесіў на прыватным доме па дамоўленасці з гаспадарамі, знялі без ягонай згоды і без дазволу гаспадароў. Міліцыянты адказалі, што лёс шыльды будзе “вырашаць суд”. Калі ён вырашыць вярнуць шыльду, яе аддадуць, а калі не, то спадар Кавальчук назад яе не атрымае.

Дом, які стаіць цяпер на вуліцы Перамогі, 40 у Ваўкавыску, быў збудаваны ў вёсцы Жлобаўцы, у ім нарадзілася Ларыса Геніюш. У 1948 годзе гэты дом перавезлі ў Ваўкавыск.

Инфармацыя: Радыё Свабода