Беларускі ДПЧ прыняў адкрытую дыскусію “Літва і Беларусь: палітыкі нармалізацыі”, арганізаваную беларусамі з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (ЕГУ) і літоўцамі з “Ініцыятыў жанчын новага пакалення”.
Абмеркаванне прайшло у межах альтэрнатыўнага творчага фестываля Ladyfest 2009.
Паводле беларускіх навукоўцаў, у беларускім грамадстве да жанчын вылучаюцца значна вышэйшыя патрабаванні, асабліва ў публічнай сферы.
Пры гэтым у плане жорсткасці рэпрэсіяў жанчыны якраз-такі могуць пачувацца нароўні з мужчынамі. Паводле даследчыц ЕГУ, прадстаўнічкі так званага “слабага полу” падчас апазіцыйных мерапрыемстваў збіваюцца гэтаксама, як і мужчыны.
Апазіцыянеркі-жанчыны значна часцей паведамляюць пра факты ўчынення супраць іх дзеянняў з сексуальным або здзеклівым адценнем. На шчасце, фактаў згвалтавання актывістак прадстаўнікамі праваахоўных органаў пакуль не зафіксавана.
Прадстаўнічка Цэнтру гендэрных даследаванняў ЕГУ, якая прасіла не ўказваць свайго прозвішча, у сваім дакладзе зазначыла, што ўспрыманне мужчынскіх і жаночых роляў у Беларусі перадвызначанае характарам палітычнага рэжыму.
Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка рупліва ствараў імідж сябе як “бацькі нацыі”, выключаючы са сферы палітычнага жаночы зачын.
Гэтая палітыка дасягнула кульмінацыі, калі прэзідэнт, што не жыве з жонкай і ніколі не з’яўляўся на публіцы з іншай жанчынай, заявіў, што ў яго ёсць маленькі сын. Пяцігадовы Коля змушаны разам з бацькам перад аб’ектывамі тэлекамер удзельнічаць у мерапрыемствах, ваенных парадах, нават афіцыйных візітах за мяжу – не зважаючы ні на які пратакол.
“Гэта выпадак паступовай нармалізацыі таго, што раней было ў прынцыпе немагчыма сабе ўявіць. Гэта не дэманстрацыя таго, які ён добры бацька – хутчэй гэта імкненне паказаць, што гэты чалавек можа зрабіць усё, што яму прыйдзе ў галаву, і іншыя гэта “з’ядуць”. Ніхто ж не пытае, як сябе адчувае хлопчык у гэтых умовах, не гаворачы ўжо пра яго нікому не вядомую маці, у якой фактычна адабралі дзіця. Калі б нешта падобнае сабе дазволіла жанчына на адказнай пасадзе – жыць з рознымі партнёрамі, нарадзіць пазашлюбнае дзіця і пры кожнай нагодзе яго выводзіць “у людзі” – гэта проста немагчыма сабе ўявіць, як да яе паставіліся б,” – сцвярджалі ўдзельнікі дыскусіі ў ДПЧ.
А.Лукашэнка ўжо абвясціў Колю пераемнікам – насуперак Канстытуцыі і базавым прынцыпам дэмакратыі.
“У беларускім выпадку адсутнасць жанчыны каля прэзідэнта – гэта не толькі знак няроўнасці палоў, але і адлюстраванне таго, як успрымаецца дзяржаўная ўлада. Лукашэнка, як лідэр нацыі, не мае патрэбы ў жанчыне, бо ўся нацыя з’яўляецца яго “жанчынай”. Перадача ўлады ад бацькі сыну не прадугледжвае ніякага ўдзелу жаночага полу,” – заключыла дакладчыца.
Удзельнікі дыскусіі мяркуюць, што тое, як у Беларусі пасродкам афіцыйных СМІ “нармалізуюцца” рэакцыйныя гендэрныя адносіны, павінна быць прадметам увагі праваабаронцаў.
“Нармалізацыя – гэта калі ўсякае альтэрнатыўнае меркаванне заглушаецца”, – тлумачыць дырэктарка Беларускага ДПЧ Анна Герасімава. – “Сённяшняе мерапрыемства тычыцца свабоды выказвання, важнага кірунку дзейнасці нашай арганізацыі”.