Палітызаваная казка
22 верасня грамадскія актывісты і журналісты арганізавалі ў Мінску сатырычную акцыю.
Удзельнікі акцыі паўсталі ў вобразах герояў мультфільмаў і ад іх імя адаслалі ў Міністэрства замежных спраў Беларусі чарговы зварот з просьбай скасаваць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Перформанс адбыўся ў межах кампаніі Асамблеі НДА “Стоп 193.1!” Падобная акцыя з удзелам дзедаў марозаў ужо праходзіла ў Беларусі ў мінулым годзе.
Па сцэнару перформанса, галоўны яго герой Шрэк, па аналогіі з беларускімі ўладамі, выдаў чарговы ўказ. Сваім указам казачны дыктатар паведаміў, як сапраўды трэба жыць: ніколі не збірацца разам, нічога не рабіць разам і выехаць у высылку на балота. Аднак казачныя жывёлы вырашылі не падпарадкоўвацца ўказам і адправіліся адстойваць свае правы на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.
Сатырычныя акцыя стала адказам на крокі ўладаў. За апошні час і чыноўнікі Мінюста і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў неаднаразова выказваліся пра скасаванне крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак далей абяцанняў справа не пайшла. Таму казачныя персанажы перадалі яшчэ адзін зварот з заклікам скасаваць артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.
“Варыцца ў сваім катле”
15 верасня МЗС Беларусі адаслала ў ААН дакумент, з якога вынікае, што ўлады працягваюць заяўляць, што ў Беларусі няма праблемаў з правамі чалавека. У гэтым дакуменце ёсць сцвярджэнне, што “Беларусь не прымае рэкамендацыю адносна скасавання артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса. Дадзены артыкул накіраваны на спыненне дзейнасці ў Беларусі экстрэмісцкіх груп і арганізацый…”.
Таму перформанс з казачнымі персонамі адбыўся менавіта напярэдадні 15-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, якая павінна адбыцца 23 верасня. У рамках сесіі будзе зацверджаны канчаткова дакумент з ацэнкай становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Адмаўляе наяўнасць праблем у сферы правоў чалавека і грамадскіх аб’яднанняў і прэзідэнт Беларусі. Не так даўно ім была зроблена чарговая гучная заява па гэтай тэматыцы. Прэзідэнт, па яго словах, “не збіраецца ўмешвацца ў працэс стварэння палітычных партый і грамадскіх арганізацый у краіне”. Надзею на нармалізацыю сітуацыі падалі словы аб тым, што арганізацыям трэба “варыцца у сваім катле”, то бок без дзяржаўнага ўмяшальніцтва.
Аднак наступныя словы, адрасаваныя, відаць, як раз міжнародным арганізацыям, сталі вырашальнымі. “Няма чаго выдумляць і падкідваць нам тэзісы з-за мяжы, якім павінна быць грамадзянская супольнасць”, – сказаў Лукашэнка. А таму чарговыя надзеі на паляпшэнне сітуацыі і цяпер застануцца, відаць, толькі гучнымі словамі ўлады.
Кацярына Клімко, паводле nn.by i charter.97