19 траўня кіраўнік праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders Роберт Хорд  прыбыў у Мінск, дзе ў яго была прызначаная сустрэча з кіраўніком Шведскай федэрацыі хакея Крыстэрам Энглундам на “Чыжоўка-Арэне” – там ў рамках чэмпіянату свету праходзіў матч паміж камандамі Італіі і Швецыі.

Роберт Хорд прывёз з сабою хакейны швэдар з надпісам “Bialiatski 33″, дзе нумар сімвалізуе 33 месяцы, праведзеныя кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў зняволенні па палітычных матывах. Перад паездкай у Мінск сп. Хорд паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што меў намер перадаць гэты швэдар сп. Энглунду пры сустрэчы, распавёўшы пра тое, на якім фоне праходзіць чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску.

Мабыць, гэты “сувенір” з прозвішчам палітвязня і стаў аб’ектам пільнай увагі аховы пры праходжанні Робертам Хордам дагляду на ўваходзе ў “Чыжоўка-Арэну”. У 20:00 шведскі праваабаронца быў затрыманы ў пункце пропуску ў будынак арэны. Сек’юрыці правялі яго ў спецыяльнае памяшканне для дагляду рэчаў.

Ахоўнікі не адпускалі Хорда да таго часу, пакуль не з’явіўся Крыстэр Энглунд. Пасля 10- хвілінных перамоваў праваабаронцу адпусцілі, забраўшы хакейны швэдар з надпісам “Bialiatski 33”. Пры праходжанні зоны кантролю ўнутры арэны сп. Хорда зноў затрымалі, паўторны дагляд яго рэчаў праходзіў ужо ў прысутнасці сп. Энглунда. На гэты раз нічога “забароненага” сек’юрыці не знайшлі.

У выніку запланаваная размова кіраўнікоў Civil Rights Defenders і Шведскай федэрацыі хакея адбылася. Пасля Роберт Хорд у кампаніі праваабаронцаў са Швецыі і Беларусі пайшоў глядзець хакейны матч.

“Чэмпіянат свету па палітвязнях” – білборды на мяжы

Паблізу ад беларускай мяжы гасцей Чэмпіянату свету па хакеі сустракаюць білборды з напамінам пра беларускіх палітвязняў.

Білборды ўсталяваныя на тэрыторыі Польшчы недалёка ад памежных пераходаў Брэст – Тэрэспаль і Брузгі – Кузніца.

На іх – выявы, якія сталі ўжо папулярнымі ў сацыяльных сетках, – хакейны шлем, аблытаны калючым дротам, і надпіс на англійскай мове: “Чэмпіянат свету па палітвязнях. Беларусь 2014”. Ніжэй – заклік “Не гуляй з дыктатарам” і спасылка на сайт statkevich.org.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязня, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца за кратамі, кажа, што такім чынам сябры ініцыятывы хацелі нагадаць хакейным заўзятарам і грамадзянам Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.

“Не сакрэт, што амаль тры гады праводзілася міжнародная кампанія з патрабаваннем пераносу Чэмпіянату ў іншую краіну, калі ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека, калі за кратамі застаюцца палітвязні.  Гэтага не здарылася. Наадварот, сітуацыя стала толькі горшай. Заявы аб тым, што спорт па-за палітыкай, выглядаюць асабліва цынічнымі зараз, калі, адразу пасля сочынскай Алімпіяды, праведзенай насуперак патрабаванням яе пераносу, Расія ажыццявіла агрэсію ва Украіне, калі ў нашай краіне за кратамі прадказальна апынуліся дзесяткі дэмакратычных актывістаў па цынічных абвінавачваннях і на беспрэцэдэнтныя тэрміны.  Гэта свята – не для ўсіх. Мы б хацелі, каб людзі памяталі аб гэтым”.

Documents: