Пагрозы з боку КДБ вымусілі экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца выйсці з выбарчай кампаніі. Палітыку пагражалі паўторам ужо пройдзенага шляху: турма, канфіскацыя маёмасці ў яго і ў сваякоў. Таму Сяргей Скрабец пад ціскам і пагрозамі сыходзіць з выбарчай дыстанцыі.
Замест права абірацца дэпутатам – пагрозы і ціск
Шляхам запалохвання, пагроз і шантажу з боку кіраўніцтва Лідскага райвыканкама і КДБ паралізаваная і фактычна разагнаная ініцыятыўная група прэтэндэнта ў дэпутаты па Лідскай акрузе № 56 Сяргея Скрабца: “Кіраўніка майго штаба не адпусцілі ў адпачынак на працы і фактычна пасадзілі пад хатні арышт. Членам маёй ініцыятыўнай групы пагражалі: каму – звальненнем з працы, каму – адлічэннем з вучобы. У выніку толькі тры чалавекі з пятнаццаці не пабаяліся працягнуць працу па зборы подпісаў. Працавалі з кожным. Мне і маім сваякам таксама прыходзілі пагрозы ад супрацоўнікаў КДБ”.
У свой час экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец быў адпраўлены за краты за быццам бы нанесены дзяржаве матэрыяльны ўрон. Выйшаўшы на волю ў 2006 годзе, ён беспаспяхова спрабаваў уладкавацца на працу. Сёлета Сяргей Скрабец збіраўся балатавацца на кандыдата ў дэпутаты для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, што пройдуць у Беларусі 23 верасня. Аднак супрацоўнікі КДБ сталі пагражаць Сяргею:
“Мне пагражалі “закрыць рот”. Што я перажыў за апошнія гады – паўтару. Канфіскавана маёмасць у мяне і ў маіх бацькоў, у сваякоў, дзевяць чалавек былі пасаджаныя ў турмы па ілжывым абвінавачванні, сам я ўжо 8 гадоў не магу знайсці працы. Гучалі непрыхаваныя пагрозы паўтарэння ўжо пройдзенага мною шляху. У тым ліку – і турэмнага зняволення. Калі я не замоўкну. Але я здымаюся не таму, што баюся гэтых пагроз. У Лідзе застаюцца людзі, якім там жыць яшчэ і працаваць, якім няма куды з’ехаць, якія не хочуць садзіцца ў турму”.
Ціснуць не толькі на палітыкаў, але і на праваабаронцаў
Вечарам 2 жніўня супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, у якім знаходзілася іміджавая прадукцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. У РАУС г. Расоны быў складзены пратакол, а іміджавую прадукцыю, сярод якой былі канцылярскія вырабы, сумкі, майкі з фірмовай сімволікай, было вырашана канфіскаваць “з мэтай правядзення праверкі”. Дадзеная прадукцыя была падрыхтавана для доўгатэрміновых назіральнікаў, журналістаў і юрыстаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Артыкулы па тэме
4 жніўня – Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі