Шэраг праваабарончых арганізацый заклікалі запрошаныя на чэмпіянанат  дзяржавы ўстрымацца ад накіравання афіцыйных ўрадавых дэлегацый для ўдзелу ў мерапрыемствах, звязаных з чэмпіянатам. “Адмовіўшыся ад удзелу ў палітызаваных мерапрыемствах чэмпіянату свету па хакеі, урады зацікаўленых краінаў дазволяць спартсменам і заўзятарам атрымаць асалоду ад маючых адбыцца спартыўных мерапрыемстваў – без падтрымкі тых парушэнняў, якія неаднаразова абвяшчаліся грубымі, сістэмнымі і сістэматычнымі Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і іншымі міжнароднымі органамі,” – гаворыцца ў звароце праваабарончых арганізацый да ўрадаў краін-удзельніц Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску. Зварот падпісалі: Civil Rights Defenders (Швецыя), FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека), Фінская ліга правоў чалавека (Фінляндыя), Праваабарончы цэнтр “Вясна” (Беларусь), Фонд Дамоў правоў чалавека, Казахстанскае міжнароднае бюро па правах чалавека і захаванні законнасці (KIBHR) (Казахстан), LDH, Французская ліга правоў чалавека (Францыя), LIDU, Італьянская ліга правоў чалавека (Італія), Libereco – Partnership for Human Rights (Германія, Швейцарыя), Ліга правоў і свабодаў (Канада), Нарвежскі Хельсінкскі камітэт (Нарвегія), Östgruppen (Швецыя).

Праваабаронцы праінфармавалі ААН аб адвольных затрыманнях напярэдадні ЧС-2014

Таксама Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў Рабочую групу па адвольных затрыманнях ААН аб прэвентыўных затрыманнях грамадзян Беларусі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі -2014.

Як правіла, актывістаў затрымліваюць выключна па сфабрыкаваных і аднатыпных абвінавачваннях– "дробнае хуліганства", "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі". Суды ж аднабакова і фармальна падыходзяць да разгляду адміністрацыйных спраў, выкарыстоўваюць прэзумпцыю даверу да супрацоўнікаў міліцыі і не надаюць значэнне доказам абароны.

Такія факты затрыманняў праваабарончыя арганізацыі неаднаразова ацэньвалі як беспадстаўныя і палітычна матываваныя .

Па стане на 8 траўня пад арыштам на працяглыя тэрміны знаходзіцца 21 актывіст. Усе затрыманыя на тэрміны ад 10 да 25 сутак арышту.

Праваабаронцы падрыхтавалі прававыя парады для гасцей краіны

Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі-2014 Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Penal Reform Int. сістэматызавалі некаторыя важныя прававыя парады для гасцей краіны. Што забаронена і што не рэкамендуецца, правілы камунікацыі з міліцыяй і неабходныя тэлефоны.

 

 

 


Беларускія ўлады напярэдадні чэмпіянату не пускаюць праваабаронцаў у краіну

7 мая кіраўніка шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углу, які намерваўся наведаць Беларусь, затрымалі ў транзітнай зоне нацыянальнага аэрапорта “Мінск-2”. Памежнікі на словах паведамілі, што ўезд у Беларусь яму забаронены. 8 мая праваабаронца выляцеў з Беларусі. «Раніцай мяне пасадзілі на самалёт. Мне пажадалі прыемнага палёту. Праўда, не сказалі „Да пабачэння“. Я, у сваю чаргу, запытаўся: ці значыць гэта, што год гасціннасці ў Беларусі ўжо скончыўся? Але памежнік зрабіў выгляд, што не разумее пытання», — распавёў Марцін Угла.

Артыкулы па тэме

Беларусь павінна гуляць сумленна – у спорце і па-за спортам

Чарнобыльскі шлях-2014 пачаўся і скончыўся затрыманнямі

Беларусь: Спорт – для спорту