Радыкальная трансфармацыя палітычных стратэгій выклікала шок як у беларускай, так і ў эўрапейскай супольнасці: ніхто не чакаў, што ў сітуацыі ўсталявання, няхай і хісткага, але “дыялогу” з Эўразвязам і вачавіднага астуджэння дачыненняў з Расіяй, Беларусь будзе вернутая ў 37-мы год.

Брутальны разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску, арышты грамадскіх актывістаў, журналістаў, палітычных дзеячоў і апанэнтаў рэжыму не толькі выклікаюць абурэнне, але і ставяць шэраг пытанняў: навошта гэта патрэбна ўладам, які характар будуць мець цяпер дачыненні Беларусі з Эўразвязам і Расіяй, што рабіць фактычна раскрыжаванай грамадскай супольнасці Беларусі і якая будучыня чакае нашую краіну ў бліжэйшыя гады (да наступных прэзідэнцікх выбараў). Натуральна, адказы практычна на ўсе даддзеныя пытанні маюць пэўную колькасць варыянтаў і залежаць ад разнастайных фактараў. Большасцю з іх заклапочаныя разнастайныя аналітыкі (гл. артыкулы на сайце “Наше Мнение”, “Новая Еўропа“, Belintellectuals ды інш.), мы жа прапаноўваем звярнуцца да бадай аднаго з самых важных пытанняў усёй нашай гісторыі: “што рабіць”, – што рабіць далей, што не зрабілі раней. Аднак для разваг над гэтым пытаннем нам неабходна сцісла акрэсліць кантэкст, характэрны для сённяшнягя беларускага грамадства.

Геапалітычны фактар

Перад выбарны перыяд прадстаўнікі як беларускай, так і эўрапейскай супольнасці (якія цікавяцца сітуацыяй у Беларусі) успрымалі як лібералізацыю: практычная адсутнасць перашкодаў пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп па збору подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, непасрэдна збору подпісаў, рэгістрацыі саміх прэтэндэнтаў, правядзенні агітацыйнай кампаніі, правядзенні разнастайных публічных мерапрыемстваў, выказванняў у СМІ і г.д. Шмат каму здавалася, што беларускія ўлады нарэшце ўсвядомілі неабходнасць усталявання партнэрскіх дачыненняў з ЭЗ і гатовыя зрабіць пэўныя паслабленні ва унутранай палітыцы. Візіты высокапастаўленых прадстаўнікоў эўрапейскіх урадаў толькі ўзмацнялі спадзеў на “эўрапеізацыю” Беларусі ў бліжэйшыя гады, пры гэтым, дадзеныя спадзяванні былі звязаныя ў першую чаргу непасрэдна з дзеючай уладай. Выбары ж павінныя былі стаць апошняй праверкай, гарантыяй як для эўрапйскх палітыкаў, так і для інвестараў. Па сутнасці, усё, што патрабавалася ад Лукашэнка – “прызначыць” сабе больш-менш адэкватную лічбу пры падліку галасоў і спакойна рэагаваць на любыя акцыі апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Тады б яго чакалі не толкі абяцаныя цягам візіта Вастэрвелле і Сікорскага тры мільёны эўра, але і шматлікія іншыя “бонусы” ад ЭЗ[1]. У той жа час рэзкія выказванні Лукашэнка ў бок Мядзведзева-Пуціна рабілі немагчымымі афіцыйныя кантакты паміж імі, што яшчэ больш падштурхоўвала да думкі аб Эўропе як адзіна магчымым партнэры Беларусі ў рэгіёне.

 

Аднак падзеі 19-га снежня і апошняга тыдня адлюстроўваць абсалютна адваротнае: улады Беларусі не толькі парушылі разнастайныя нормы міжнароднага права (прыкладам, Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах) і ўмовы правядзення выбараў, рэгламентуемыя ўсеагульнымі выбарчымі стандартамі АБСЕ (аб адустнасці якіх дазваляе сабе заяўляць старшыня ЦВК Л. Ермошына), але і абсалютна адкрыта прадэманстравалі як поўную пагардлівасць да асноўных эўрапейскіх каштоўнасцей, так і сваю ненадзенасць як партнэраў. Інакш як “аплявухай” Эўразвязу дзеянні беларускіх уладаў назваць складана. Найбольш здзеклівай пры гэтым уяўляецца сітуацыя з цяперашнімі палітвязнямі, асабліва, калі ўзгадаць 2006 год, дакладней сітуацыю пасля Плошчы, затрыманне А. Казуліна і “гандаль” за яго вызваленне з вязніцы паміж джяржаўным апаратам Беларусі і эўра-структурамі. Гэтым разам палітвязняў у дзесяткі разоў больш, адпаведна і гандаль можа быць разгорнуты ўжо на зусім іншых умовах з боку беларускіх уладаў.

Пры гэтым проста неверагоднай падаецца тая хуткая змена ў дачыненнях да Расіі, якую дэманструе дзяржаўны апарат Беларусі: па дадзеных СМІ, непасрэдна пасля “выбараў” зноў пачаліся перамовы аб набыцці расійскім бокам акцый МАЗа[2], парламент Беларусі ратыфікаваў усе 18 дакументаў па старэнні АЭП з Расіяй і Казахстанам[3], цягам сваёй прэс-канферэнцыі А. Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што ў яго атрымалася “адыйсці ад кропкі ненармалёвых дачыненняў з расійскім кіраўніцтвам”[4]. Пры гэтым Беларусь зноў вяртаецца ў пазіцыю “малодшага брата”, “адзінага народа”: “Гэта ж вашыя людзі. Вы нясеце адказнасць за Беларусь. Вы вялікая братэрская краіна, наш старэйшы брат”[5].

Непасрэдна ж кіраўнікі Расіі не імкнуцца да прызнанняў у любові да Лукашэнка, як, у прынцыпе, і да канкрэтнага прызнання легітымнасці выбараў. Заява прэзідэнта Расіі Мядзведзева адносна таго, што “выбары ў Беларусі – гэта ўнутраная справа самой Беларусі” толькі падкрэслівае пазіцыю дыстанцаванасці, якую заняў Крэмль у дачыненні да афіцыйнага Мінску. У сувязі з гэтым некаторыя аналітыкі схільныя бачыць у дадзеных дачыненнях прыкметы ўдзелу уладаў Расіі ва унутранай палітыцы Беларусі[6] і непасрэдна ў падзеях 19-га снежня. Аднак пакінуўшы ўбаку “ідэі змовы”, вачавідным застаецца факт вяртання знешняй беларускай палітыкі да арыентацыі на “вялікага брата”, што ў сваю чаргу для ўсіх беларусаў, падзяляючых эўрапейскія каштоўнасці і мары аб адпаведным будучым для сваёй краіны, сведчыць толькі аб адным: у бліжэйшыя пяць год спадзявацца можна толькі на сябе.

Што рабіць?

Дзеянні беларускіх уладаў да і пасля 19-га снежня, якія палітолаг Таццяна Чуліцкая ахарактарызавала як “узурпацыю ўлады”[7], можна разглядаць у розных накірунках. Найбольш жа цікавым уяўляецца перыяд “лібералізацыі” і яго радыкальная замена рэпрэсіямі “ў сталінскім стылю”. Пры гэтым пры аналізе як самога перыяду лібералізацыі, так і цяперашніх падзей, неабходна ўлічваць некаторыя фактары.  Лібералізацыя і рэпрэсіі (якія становяцца публічнымі) закранулі ў асноўным выключна Менск: у рэгіёнах ціск на прыхільнікаў дэмакратычных сілаў быў не меншым, чым цягам усіх папярэдніх выбарчых кампаній, пра рэпрэсіі, людзей у чорным на вуліцах Менску, выкраданні людзей з кватэр ды іншае жыхары маленькіх гарадкоў у лепшым выпадку могуць даведацца з пра -дэмакратычных інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў большасці выпадкаў вядомыя ўжо заангажаваным асобам, інфармацыя, якая ідзе з расійскіх тэлевізійных каналаў гэтаксама не можа разглядацца як “лёсазмяняльная”[8]. То бок, асноўнай крыніцай інфармацыі і “фармавання грамадскага меркавання” застаюцца асабістыя кантакты: “іншую Беларусь” большасці беларусаў могуць паказаць не тэлеканалы альбо нтэрнэт-рэсурсы, але людзі з бліжэйшага атачэння.

Такім чынам адсюль напрошваецца даволі простая выснова: спрыяць змене сітуацыі ў нашай краіне можа толькі актыўнасць саміх грамадзян. Пры гэтым, актыўнасць не абавязкова і нават зусім не абавязкова палітычнага характару: толькі праз кансалідацыю і салідарызацыю разнастайных супольнасцей беларускага грамадства можа быць урэшце-рэшт дасягнута фармаванне трывалай і моцнай грамадскай супольнасці, якая на дадзены момант прадстаўленая невялікай групай людзей пераважна ў сталіцы Беларусі. Варта адзначыць, што пад час так званай лібералізацыі, у Менску на самай справе ўтварыліся пэўныя арганізацыі, з’явіліся актары, гатовыя для стварэння нейкай платформы, аднак да гэтага часу непераадоленнай застаецца праблема адасобленасці як асобных груп (супольнасцей) адна ад адной, так і Менску ад рэгіянальных гарадоў Беларусі.

Важнасць жа менавіта грамадзянскіх ініцыятываў была самым лепшым чынам даказаная і правераная непасрэдна 19-га снежня і цягам усіх апошніх дзён: калі б не кансалідацыя студэнтаў ЕГУ, прадстаўнікоў беларускага трэцяга сектара, праваабарончых арганізацый Беларусі ды Эўропы ў назіранні з выбарамі, калі б не дзесяткі тысяч грамадзян, якія прыйшлі на Плошчу 19-га снежня, калі б не самаарганізацыя людзей для падтрымкі палітвязняў і грамадзянскіх актывістаў, у кватэры якіх ламіліся (і працягваюць ламіцца) невядомыя, то што б мы, беларусы, маглі супрацьпаставіць дзяржаўнай машыне тэрору? На каго, як не на саміх сябе, мы можам разлічваць у гэтай сапраўды катастрафічнай[9] сітуацыі? Таму менавіта зараз, як, магчыма, ніколі раней, актуальнай з’яўляецца актыўная дзейнасць у самых розных сферах грамадскага жыцця Беларусі: ад мастацтва, культуры і адукацыі, да праваабароны людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі.

Натуральна, заклікі да аб’яднання і пераадолення разнастайных унутраных супярэчнасцей паміж прадстаўнікамі розных супольнасцей могуць падасца ўтопіяй, прыкметай рамантызаванага ўяўлення сітуацыі, але, узгадваючы Салідарнасць у Польшчы, падзеі 68-га года ў Францыі альбо дзейнасць, накіраваную на руйнаванне Бярлінскай сцяны у абодвух частках Нямеччыны, дадзеныя ідэі не падаюцца такім ужо неверагоднымі. Прынамсі, шмат для каго падавалася неверагодным выйсце на вуліцы Менску ля 40.000 чалавек, пераадолеўшых страх, сумненні і хістанні. У 2006 г. шмат у каго вера і спадзеў былі зруйнаваныя зверскімі дзеяннямі ўладаў, але хочацца верыць, што гэтым разам людзі, якія трымаюць за кратамі амаль 700 чалавек, нашых знаёмых, сяброў, калегаў, суайчыннікаў, не атрымаюць больш такога падарунка. Менавіта таму адказам на пытанне “што рабіць” можа быць толькі адно: “дзейнічаць незалежна, вольна, разважліва і хутка”[10], то бок, стаць бачным і пачаць дзейнічаць, нягледзячы на скруху і страх.

Аляксандра Ігнатовіч


 

 

[1] Гл.: http://www.nytimes.com/2010/12/24/opinion/24iht-edbildt24.html?_r=3&i=48056

[2] Гл. : http://naviny.by/rubrics/economic/2010/12/23/ic_news_113_357963/

[3] Гл. : http://naviny.by/rubrics/economic/2010/12/21/ic_news_113_357829/

[4] Гл. : http://news.tut.by/politics/208920.html, http://news.tut.by/politics/209003.html

[5] Гл. тамсама

[6] Гл. : http://nmnby.eu/news/analytics/2987.html, http://nmnby.eu/news/analytics/2988.html

[7] Гл.: http://humanrightshouse.org/Articles/15663.html, http://www.belaruswatch.org/by/news/ad-nazirannja-za-vybarami-da-abarony-represavanyh

[8] Прыкладам, Л. Заіка сцвярджае, што 58.4% беларусаў не бачылі цыкл тв-серый “Хросны Бацька”. Гл.: http://nmnby.eu/news/analytics/2988.html, а С. Альфер звяртае ўвагу на тое, што як і раней 98% інфармацыі цягам прэзідэнцкай кампаніі было прысвечана дзейснаму прэзідэнту краіны. Гл.: http://nmnby.eu/news/express/2989.html

[9] Гл.: http://belintellectuals.eu/publications/445/

[10] Вацлав Гавел. Новогоднее обращение к народу (1990). Гл.: http://en.wikiquote.org/wiki/V%C3%A1clav_Havel