24 студзеня стала вядома аб тым, што экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў (на фота) падпісаў прашэнне аб памілаванні. Па словах яго жонкі Ірыны Халіп, ён вымушаны быў гэта зрабіць пад уздзеяннем катаванняў. Спасылаючыся на словы Саннікава, Халіп паведаміла, што прашэнне было падпісана яшчэ 20 лістапада. Аднак у МУС сцвярджаюць, што гэта адбылося 23 снежня.
Халіп заявіла, што задача ўлады «не проста выбіць з палітзняволеных паперкі» з просьбай аб памілаванні, а «знішчыць іх фізічна».
«У іншым выпадку Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 23 снежня размахваў бы гэтымі паперкамі, заяўляючы, што яго просяць аб памілаванні», — перакананая жонка Саннікава.Цяпер адвакаты Саннікава рыхтуюць скаргу ў ААН.
«Было відавочна пачынаючы з моманту арышту, што будзе абвінаваўчы прысуд, што будуць адхіленыя касацыйная і наглядная скаргі. Таму зараз рыхтуюцца дакументы для скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Мяркую, ужо на наступным тыдні яна будзе адпраўленая», – паведаміла Халіп.
Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні праз цяжкі стан здароўя
Зміцер Бандарэнка (на фота) — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава — 1 лютага таксама напісаў прашэнне аб памілаванні. Раней яму было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя. У палітыка пасля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленне спіннамазгавых нэрваў.
У канцы студзеня стала вядома, што палітыку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў выпраўленчай калоніі Магілёва №15. У прыватнасці, з 30 студзеня яму было забаронена карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзе. Аднак 2 лютага Бандарэнку вярнулі мыліцу і артапедычны абутак, дазволілі не хадзіць у шэрагу.
Міколу Статкевіча змусілі знішчыць каля 700 лістоў і водзяць на прагулкі ў атачэнні службовых сабак
Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча (на фота), атрымала лісты з Магілёўскай турмы, дзе былы кандыдат на прэзідэнта паспеў адбыць больш за тыдзень у карцэры. «Напісаў, што нават ватоўку на ноч ў карцэры не выдавалі, было вельмі холадна, а зараз, спадзяецца, ўжо будзе лягчэй», — паведаміла Марына Адамовіч. Таксама Мікалай Статкевіч выказаў прабачэнні аўтарам лістоў, на якія ён не здолеў адказаць, бо частку лістоў яму проста забаранілі ўзяць з сабой на этап.
Мікалаю Статкевічу адміністрацыя былой ягонай калёніі ў Шклове запісала ў асабістай характарыстыцы, што ён нібыта схільны да агрэсіі і здольны на ўцёкі і таму яго трэба ахоўваць звышпільна, нават з сабакамі, паведаміла Марына Адамовіч.
Артыкулы па тэме
Прысуд Бяляцкаму пакінуты без зменаў: 4, 5 гады турэмнага зняволення