25 кастрычніка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці праваабаронцы, супраць якога мытня распачала справу аб непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы. Два месяцы таму, 25 жніўня, супрацоўнікі мытні знялі праваабаронцу з цягніка «Вільня-Мінск», у прамым сэнсе – вынеслі на руках, каб правесці без дай прычыны асабісты дагляд. Потым яго ж мытня і спрабавала абвінаваціць у парушэнні заканадаўства – непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы. Але прадугледжаныя заканадаўствам два месяцы для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці прайшлі.
Зараз працу з Судаленкам зноў пачала падатковая. Раней падатковая патрабавала дэкларацыю не толькі ў Леаніда Судаленкі, але нават у яго сына, які на той час служыў у беларускім войску.
Падатковая інспекцыя выклікае на 23 лістапада праваабаронцу «для складання матэрыялаў аб адміністрацыйным правапарушэнні». Леанід Судаленка апавясціў інспекцыю пра сваё нежаданне аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы абвінавачванняў у адміністрацыйным правапарушэнні супраць самога сябе.
9 лістапада падатковы інспектар Таццяна Гаспадарова па выніку праверкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці склала акт камеральнай праверкі, дзе падатковая прыйшла да высновы, што праваабаронца ўтойваў заработную плату на 500 рублёў (0,026 Eur), а таксама ва ўтойванні 387 тысяч рублёў (20, 27 Eur) ад атрыманых па акцыях дывідэндаў. Адначасова падатковая просіць Леаніда Судаленку патлумачыць, як і каму ён рэалізоўваў сельскагаспадарчую прадукцыю, ад продажу якой меў грашовы даход за дэклараваны перыяд.
Патрабаванне ўзгадаць, каму тры гады таму, у 2012 годзе ён прадаў цыбулю і буракі для Леаніда Судаленкі выглядае абсурдна. «А калі б я спытаў у інспектара, у каго той купляў тры гады таму кавун на рынку? Што тычыцца дывідэнтаў, то інспекцыя лічыць налічаную суму, у той час як я ўказаў атрыманую, г.зн. падатак 12% з дывідэндаў у мяне ўжо вылічылі. Утойванне 500 рублёў зарплаты з’яўляецца падліковай памылкай, на якую ў іншага грамадзяніна, думаю, падаткавікі не звярнулі б увагі», – пракаментаваў праваабаронца.
Нагадаем, раней з-за частых праблем пры перасячэнні мяжы, а дакладней – нематываваных асабістых даглядаў каля дзевяноста чалавек падпісалі зварот да старшынь Мытнага і Памежнага камітэтаў з патрабаваннем спыніць бязмежжа ў дачыненні Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова. Праваабаронцаў шматкроць пільна даглядалі на мяжы, забіралі для пошукаў «экстрэмізму» ноўтбукі і розныя носьбіты інфармацыі, здымалі з цягнікоў і чынілі іншыя нязручнасці пры вяртанні на Радзіму з-за мяжы. Падпісанты звароту прасілі спыніць гэтае бязмежжа.
Артыкулы па тэме