“Расейская правакацыя”
Расейскі дакументальны фільм “Хросны бацька”, публікацыя пра які была змешчана на першай паласе зніклай “НН”, выйшаў у праграме “Надзвычайнае здарэнне” на тэлеканале НТВ 4 ліпеня. Ён быў цалкам прысвечаны Аляксандру Лукашэнку, асоба якога падавалася ў правакацыйна- негатыўным святле. У фільме, у прыватнасці, прыводзіліся архіўныя інтэрв’ю з выкрадзенымі апазіцыянерамі і іх сваякамі і гаварылася пра датычнасць беларускіх уладаў да знішчэння палітычных апанентаў. У фільме недвухсэнсоўна указвалася, што прэзідэнт Беларусі – злодзей, які вінаваты ў забойстве людзей. Таксама прыводзіліся некаторыя “чорныя плямы” з яго асабістага жыцця, у прыватнасці – аб яго пазашлюбным сыне Колі і яго маці. Такая стужка трапна адлюстроўвае рэзкае пагаршэнне адносінаў Масква-Мінск, звязанае з нафта-газавым канфліктам краінаў.
Трансляцыю стужкі ў Беларусі перакрылі — яе змаглі ўбачыць толькі ўладальнікі спадарожнікавых талерак. Фільм, тым не менш, атрымаў шырокі грамадскі рэзананс: выкладзены на YouTube, фільм сабраў ужо больш за 100 000 праглядаў. Напісала пра дакументальную стужку і “Наша Ніва” – незалежны штотыднёвік, адзіны з нямногіх, што даступны ў свабодным продажы на Беларусі. Аднак да чытача наклад газеты так і не дайшоў.
Знікшы нумар газеты
Звычайна “НН” паступае ў продаж у Мінску ў сераду, у рэгіёнах — у чацвер. Але ж ні ў сераду, ні ў чацвер газета ў кіёсках не з’явілася, хаця ў сераду газета выйшла з друкарні паводле графіку, – паведамляе сайт выдання.
Начальнік участка газетна-часопіснай экспедыцыі “Белсаюздруку”, праз якую газета з друкарні ідзе па краіне, запэўніў супрацоўнікаў рэдакцыі незалежнай газеты, што “Наша Ніва” была праведзеная па накладных у звычайным парадку і разасланая.
У некаторыя кіёскі газета сапраўды трапіла: у Магілёве і Гродна сябрам рэдакцыі ўдалося адшукаць па кіёску, дзе нумар газеты усё ж прадаваўся. У двух шапіках у цэнтры Мінска таксама адказалі, што газета пабывала ў продажы і цалкам прадалася. У іншыя 32 кіёскі сталіцы, з прадаўцамі якіх пагутарылі супрацоўнікі “Нашай Нівы”, газета не паступала. Не змаглі яе знайсці і ў Гомелі, Брэсце, Віцебску ды іншых буйных гарадах краіны.
Кіраўніцтва абласных падраздзяленняў сістэмы “Саюздрук” адказвае па-рознаму: у “Мінаблсаюздруку” і “Брэстаблсаюздруку” кажуць, што газета да іх не паступала, але не ведаюць прычын гэтага. Прадстаўнік “Магілёўаблсаюздруку” Вікторыя Церашкова сказала, што да іх паступілі толькі дакуманты на нумар “НН” ад 7 ліпеня, а сама газета не прыходзіла. “Дырэктар сказаў, што газеты не будзе”, — паведаміла яна. Трэба падкрэсліць, што версіі прычын адсутнасці нумара ў продажы супрацьлеглыя, блытаныя. Але факты кажуць самі за сябе: нумар, дзе змяшчалася вельмі “непрыемная” інфармацыя пра прэзідэнта Беларусі, так і застаўся на складах, ці быў знішчаны па загадзе.
“Сумная прыкмета цэнзуры”
“Калі б адбыўся тэхнічны збой у працэсе дастаўкі, газета мела б з’явіцца ў продажы са спазненнем максімум на паўдня, з наступнай экспедыцыяй. Таксама немагчыма патлумачыць паступленне газеты ў асобныя кіёскі і яе адсутнасць у абсалютнай большасці, пры тым што прадукцыю развозіць адзін экспедыцыйны аўтамабіль”, – адзначаецца ў рэдакцыйнымі каментары на сайце з гэтай нагоды.
Зараз рэдакцыя рыхтуе зварот у пракуратуру: “Калі справа дойдзе да суда, мы будзем звяртацца да нашых чытачоў, якім не ўдалося набыць апошні нумар у шапіках, з просьбай пацвердзіць гэта ў заявах для суда”.
Каментуючы сітуацыю, эксперты беларускіх СМІ акцэнтуюць увагу на існаванні цэнзуры, а таксама на незаконнасці дзеяння беларускіх уладаў. Жанна Літвіна (на фота), кіркўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) так бачыць сітуацыю: “На жаль, факт знікнення большай часткі накладу “НН”, што мела паступіць у кіёскі сістэмы „Саюздрук“, — сумная прыкмета ажыццяўлення цэнзуры ў нашай краіне, – зазначае Ж. Літвіна. – Тое, што зараз адбываецца, у чарговы раз пацвярджае, што вяртанне дзвюх незалежных газет у сістэмы „Белпошта“ і „Саюздрук“ было палітычным рашэннем. Якое, аднак, яшчэ не гарантуе, што гэтыя выданні будуць пазбаўленыя праблем з распаўсюдам”.
Кацярына Клімко, паводле інфармацыі БАЖ