29 чэрвеня 2010 пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Мінсувязі было зацверджанае палажэнне аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. Так дзяржава клапоціцца аб непаўнагадовых грамадзянах, абмяжоўваючы іх доступ да “экстрэмістскіх і парнаграфічных матэрыялаў”. Але ж гэта толькі афіцыйная прычына.
“Мы гатовы фільтраваць байнэт хоць заўтра”
Адразу пасля ўступлення ў сілу пастановы аб інтэрнэт-фільтрацыі “Белтэлекам”, які з’яўляецца манапалістам на прадастаўленне інтэрнэт-паслуг, ужо заяўляў, што гатовы фільтраваць байнэт хоць заўтра.
“Ёсць тэрмін выканання патрабаванняў — 1 верасня, і яго ніхто не скасоўваў. Натуральна, мы як дзяржаўны правайдэр не збіраемся парушаць указ. Закуплены софт, абсталяванне, ёсць работнікі, якія гэтым займаюцца”, — запэўніла кампанія.
Сваю гатоўнасць фільтраваць інфармацыю пацвердзілі і іншыя правайдэры. Некаторыя, праўда, адзначаюць, што не ўсё яшчэ зразумела са спісамі забароненых рэсурсаў, але Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі абяцае, што асуджаныя на забарону сайты будуць цалкам прадстаўленыя ў спісах.
Існуе, аднак, і адваротны бок медаля. З 1 верасня інтэрнэт-карыстальнікам давядзецца сутыкнуцца не толькі з чаканым фільтраваннем, але і некаторымі нечаканым абставінамі.
За дзяржаўную цэнзуру заплацяць самі карыстальнікі?
Як адзначаюць самі правайдэры, абсталяванне для інтэрнэт-фільтрацыі абышлося вельмі дорага. “Самая вялікая праблема — лішнія выдаткі, нічым не кампенсаваныя”, — прызнаўся дырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі “Айчына-плюс” Максім Ляўданскі.
Па яго словах, мэты, прадугледжаныя пастановай аб інтэрнэт-фільтрацыі, высакародныя, але вось меры па іх рэалізацыі “кульгаюць”.
“Выдаткі на ажыццяўленне фільтрацыі павесілі на правайдэраў, а правайдэры, у сваю чаргу, павесяць на карыстальнікаў, — тлумачыць ён. — Ну, а як жа інакш нам акупіць выдаткі?”
Максім Ляўданскі дадае, што “праз дэмпінг „Белтэлекама” кошты падняць нерэальна. Гэта значыць, што карыстальнікі пацерпяць не праз падаражанне тарыфаў на інтэрнэт — хутчэй ім недададуць нейкую паслугу ці дадуць яе, але не ў той якасці. Тут варыянтаў шмат, і ўсё залежыць толькі ад ступені кепскага фінансавага становішча кампаніі”.
Такім чынам, цэнзура байнэту адгукнецца на простых карыстальніках сеціва, зробіць паслугі больш дарагімі, і, як следства, меньш дасяжнымі. Ці ж гэта не тое, чаго беларускія ўлады імкнуцца дасягнуць? Уведзены два месяцы таму ўказ аб інтэрнэце № 60 – яскравае гэтаму пацверджанне.
Указ № 60 падкасіў інтэрнэт-кавярні
Пакутуюць ад указу № 60 не толькі правайдэры, але і інтэрнэт-кавярні, вымушаныя ўжо другі месяц не абслугоўваць наведвальнікаў без “паперкі”.
Так, што з 1 ліпеня ў Беларусі скарыстацца паслугамі інтэрнэт-кавярні можна толькі паказаўшы дакумент, які пацвярджае асобу. Па розных дадзеных, колькасць наведвальнікаў такіх установаў за гэты час скарацілася на 30–50%.
“Попыт на інтэрнэт-паслугі знізіўся ў два разы, — расказаў дырэктар буйной сталічнай інтэрнэт-кавярні. — Натуральна, удвая скараціліся і прыбыткі, што зрабіла прадпрыемства папросту нерэнтабельным”.
Як прызнаюцца супрацоўнікі, нават тыя людзі, якія маюць пры сабе пашпарт, усё роўна пастаянна абураюцца новымі парадкамі. А ўказ № 60, лічаць эксперты, папросту забіў гэтую сферу бізнесу.
“Уладальнікі інтэрнэт-кавярняў будуць вымушаныя зачыняць цэнтры і прадаваць памяшканні, рэарганізоўваць іх у крамы”, — мяркуе дырэктар мінскай інтэрнэт-кавярні.
Што датычыць апраўдання такіх мераў, то замест каментара спецыяліст прывёў статыстыку: за шэсць гадоў працы ўстановы іх толькі тройчы наведвалі прадстаўнікі органаў правапарадку, якія шукалі інтэрнэт-шкоднікаў. І гэта пры сярэдняй наведвальнасці інтэрнэт-кавярні 300 чалавек за суткі…
Вынік напрошваецца сам сабой: у свабодным доступе грамадзян да сеціва беларускія ўлады бачаць вялікую пагрозу. Новыя меры па фільтрацыі інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ўказ № 60 значна абмяжуюць магчымасці простых карыстальнікаў у процівагу усім цывілізаваным краінам, што ідуць па шляху хуткага развіцця электронных тэхналогіяў.
Кацярына Клімко, паводле naviny.by