Напачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіла дырэктар Беларускага ДПЧ Ганна Герасімава, якая падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва беларускіх праваабаронцаў з украінскімі калегамі і Домам правоў чалавека, які 26 сакавіка адкрыўся ў Чарнігаве. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, жыхары і госці Вільні атрымалі магчымасць не толькі ўбачыць фотаздымкі кіеўскіх падзей, але і пазнаёміцца з фотакарэспандэнтам Марыянай Хардзі.
Некалькі дзесяткаў здымкаў адлюстроўваюць падзеі ва Украіне ад лістапада 2013г. да лютага 2014 г., калі масавы мірны пратэст супраць непадпісання дакументаў аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам перарос у крывавыя супрацьстаянні пратэстоўцаў ды прадстаўнікоў сілавых структур у цэнтры Кіева і іншых гарадах Украіны. “Фотаздымкі паказваюць, як паступова народ аб’яднаўся і паўстаў: спачатку усё было мірна, потым “Беркут” жорстка разагнаў мітынгоўцаў і тады пратэстоўцаў аб’яднала ўжо не толькі жаданне ўступіць у Еўрасаюз, але і абурэнне збіццём людзей і жаданне памяняць уладу. Я паказваю на здымках гэтую гісторыю і абодва яе бакі: і збітых мітынгоўцаў, і падпаленых прадстаўнікоў “Беркута”. Я за аб’ектыўнасць і лічу, што фотакарэспандэнт мусіць паказваць толькі праўду, незалежна ад палітычных поглядаў, эмоцый і сімпатый”, – распавяла Марыяна Хардзі.
Падчас здымкаў пратэстаў у цэнтры Кіева ў студзені і лютым 2014 года фатограф атрымала раненні і ўжо была ўзнагароджана за працу ў гарачых кропках Еўрамайдана . Марыяна Хардзі прызналася, што нягледзячы на вялікі вопыт працы падчас мітынгаў і акцый пратэстаў, ёй шмат што давялося перажыць упершыню падчас здымкаў у Кіеве: “У мяне ўпершыню кінулі гранату, у мяне ўпершыню трапіла куля, хоць і гумовая. Мяне білі чатыры “беркутаўцы” і знішчылі апаратуру. У ваеннага журналіста ёсць бронекамізэлька і спецыяльная падрыхтоўка, а ў тых умовах было невядома чаго чакаць”.
Фотаздымкі кіеўскіх падзей ад Марыяны Хардзі ўжо былі прадэманстраваныя ў Балгарыі, Польшчы ды Украіне. Фатограф падкрэсліла, што гатовая і далей арганізоўваць падобныя выставы для таго, каб людзі змаглі пабачыць кадры гэтага супрацьстаяння: “ Гэта мая краіна. Гэта яе гісторыя. Я паеду хоць на край света, каб данесці праўду”.
Артыкулы па тэме
Беларускія НДА накіравалі ў ААН даклад у рамках працэдуры Ўніверсальнага перыядычнага агляду
АБСЕ апублікавала пратакол перамоваў у Мінску
Новые выпускники проекта BISH – будущее правозащитного сообщества Беларуси