Беларусь разам з Экватарыяльнай Гвінеяй, Эрытрэяй, Іранам, Кубай, Узбэкістанам, Туркменістанам і Паўночнай Карэяй атрымалі ацэнку ў прамежку ад 90 да 100 пунктаў: гэта краіны, дзе СМІ альбо зусім не існуюць, альбо працуюць у вельмі складаных умовах, дзе мэдыі — рупар рэжыму, а доступ грамадзян да неперадузятай інфармацыі жорстка абмежаваны.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна( на фота) лічыць, што справа не толькі ў жорсткім пераследзе незалежных журналістаў, ціску на недзяржаўную прэсу: «На жаль, свабода слова, свабода выказванняў не з’яўляюцца рэальнай каштоўнасцю для самога грамадства. Нам яшчэ вельмі важна і неабходна зноў і зноў фармуляваць ролю і месца мас-мэдыя ў нашым грамадстве, пазбавіцца ўяўлення, што гэта частка прапагандысцкай машыны, частка ідэалагічнага апарату. Як разбурыць гэты стэрэатып? Без гэтага, відаць, нельга будзе разлічваць, што ў самім грамадстве ўзрасце запатрабаванасць якаснага мэдыяпрадукту».
Ніводная акцыя ў Беларусі не абыходзіцца без затрыманняў журналістаў. Апошнія сведчаньні таму — Чарнобыльскі шлях, калі на трое сутак былі асуджаныя журналісты Радыё Рацыя Генадзь Барбарыч і Аляксандар Ярашэвіч, затрыманні ў Астраўцы.
У лідэрах па затрыманнях — журналісты незалежнага тэлеканалу Белсат. Апавядае прадстаўнік каналу ў Беларусі Міхась Янчук: «Тэлебачанне вымушана працаваць амаль што ў партызанскіх умовах, якія змушаюць журналістаў быць на перадавой лініі фронту. Нашы занадта рэакцыйныя міліцыянты хапаюць іх першымі. А паколькі рэдакцыйных пасведчанняў, акрэдытацыі няма, нашы журналісты часьцей трапляюць і на „суткі“, іх судзяць, забіраюць у іх абсталяванне».
Традыцыйна ва Ўсясветны дзень свабоды друку Беларуская асацыяцыя журналістаў падводзіць вынікі конкурсу «Вольнае слова». І многія працы беларускіх журналістаў адпавядаюць найвышэйшым усясветным стандартам, кажа старшыня журы конкурсу Юрась Карманаў:
«Фактычна няма забароненых тэмаў для беларускіх журналістаў. На конкурс было даслана больш за сотню працаў ад 56 журналістаў. Беларуская журналістыка рушыць у бок мультымедыйнасці. Бальшыня працаў была аздоблена не толькі фатаздымкамі, але яшчэ і відэа. З пункту погляду тэхнічнай узброенасці мы вельмі моцна выраслі».
“Рэпарцёры без межаў” асудзілі арышты журналістаў падчас “Чарнобыльскага шляху”
Журналісцкая праваабарончая арганізацыя асудзіла арышты і затрыманні незалежных журналістаў 26 красавіка. “СМІ ізноў сталі міжвольнымі ахвярамі абсалютнай неталерантнасці рэжыму Лукашэнкі да грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Журналісты Радыё Рацыі рабілі сваю працу, асвятляючы грамадска значную падзею, і міліцыя не мела прычын умешвацца”, – адзначаюць “Рэпарцёры без межаў”.
Таксама 3 мая, ва Усясветны дзень свабоды прэсы, арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала свой штогадовы спіс ворагаў свабоды прэсы, куды трапіў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Артыкулы па тэме
"Чарнобыльскі шлях": улады паабяцалі не дапусціць неабгрунтаваных затрыманняў, але слова не стрымалі
Фільм «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс»: гэта не проста скаргі і эмоцыі, гэта скалечаныя жыцці
КДБ разгледзеў экстрэмізм у альбомах "Прэс-фота Беларусі – 2011", фатографы выкліканыя ў суд