18 верасня, у першы дзень датэрміновага галасавання, актывісты моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» зладзілі ў Мінску перадвыбарчы пікет з сімвалічнай раздачай баршчу. Менавіта гатаваннем баршчу, паводле словаў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, павінны займацца беларускія жанчыны замест удзелу ў палітычных акцыях.
Пасля пачатку пікета да ўдзельнікаў і журналістаў падбеглі невядомыя, пачалі збіваць і затрымліваць усіх прысутных. Падчас затрымання невядомыя ў цывільным запіхвалі ўсіх прысутных у мікрааўтобусы. Невядомыя затрымалі незалежнага тэлеаператара Аляксандра Баразенку, фатографаў «Associated Press» Сяргея Грыца, «Reuters» Васіля Фядосенку, EPA (Еўрапейскае прэс-фотаагенцтва) Таццяну Зяньковіч, карэспандэнта «БелаПАН» Паўла Падабеда, а таксама здымачную групу нямецкага тэлеканала ZDF – аператара Дзмітрыя Рудакова і прадзюсара Аляксея Акулава.
Як распавёў адзін з відавочцаў падзеі, невядомыя ў цывільным падбеглі адразу перад пачаткам пікета. Іх увагу прыцягнулі ў першую чаргу замежныя журналісты – здымачная група нямецкага тэлеканала ZDF. Пасля таго як астатнія журналісты пачалі здымаць затрыманне немцаў, людзі ў цывільным сталі затрымліваць і іх, адзначыў сведка.
Затрыманы журналіст: «Мяне ўдарылі кулаком у твар, проста ў правае вока. У мяне палова твару залітая крывёй»
Журналіст Сяргей Грыц распавёў, што пры затрыманні яму ўдарылі ў вока (на фота): «Проста наляцелі мужыкі, пачалі вырываць апаратуру і запіхваць усіх у мікрааўтобус. Мяне ўдарылі кулаком у твар, проста ў правае вока. У мяне палова твару залітая крывёй. Мяне схапілі за абедзве фотакамеры і спрабавалі цягнуць да аўтобуса. Я, натуральна, не пайшоў, і ў гэты момант мяне ўдарылі ў твар. Акуляры недзе засталіся на полі бою. Адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, забралі ўсю апаратуру, усе фотаздымкі сцерлі. Нас развялі па кабінетах, перапісалі дадзеныя, забралі дакументы. Потым дзве гадзіны вадзілі з кабінета ў кабінет. Пасля гэтага адпусцілі, суха папрасіўшы прабачэння».
Па словах Грыца, у аўтобусе невядомыя ў цывільным адразу ж адбіралі тэлефоны ў тых, хто спрабаваў тэлефанаваць. У аддзяленні міліцыі ўсіх затрыманых памясцілі ў актавай залі, рассадзіўшы іх на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго. Апаратуру адабралі адразу ж і склалі яе на адным са сталоў.
«Я правёў дзве гадзіны ў розных кабінетах. У мяне нічога ніхто не пытаў. Забралі пашпарт і, відавочна, самі даведаліся, хто я такі».
Журналіст кажа, што яго з калегамі адпусцілі без складання пратаколаў. Апаратуру яму вярнулі, але здымкі з акцыі былі выдаленыя.
Тэлежурналіст Алесь Баразенка, які быў сярод затрыманых, распавёў, што з перашкодамі ў працы з боку ўладаў ён сутыкаецца не ўпершыню:
«Мяне даволі брутальна запхнулі ў мікрааўтобус. Як я цяпер гляджу на фота, мяне трымалі за шыю. Але гэтага я не памятаю, бо быў на эмоцыях. Яны нічога не казалі, а мы крычалі, што мы журналісты і нас павінны адпусціць, але гэта нікога не цікавіла. Я ні кроплі не здзіўлены, бо засталося менш за тыдзень да так званых выбараў. Ну, і хутка мы пабачым яшчэ большае закручванне гаек. І гэта толькі пачатак таго, што нас чакае ў бліжэйшы тыдзень. Я не ўпершыню трапляю ў такую сітуацыю. Усім вядома, прынамсі беларускім журналістам, што ў краіне беззаконне. Таму гэта тыя рэаліі, у якіх даводзіцца працаваць. Акцыі маўклівага пратэсту паказалі, чаго вартыя праваахоўныя органы і як яны працуюць. Я думаю, Сяргей будзе абскарджваць гэтыя дзеянні, а мы дапаможам і далучымся».
Пазней, каля 17 гадзіны, 18 верасня ў Мінску былі затрыманыя незалежныя тэлежурналісты Вячаслаў Пяшко і Валянцін Міхальцоў. Яны праводзілі здымкі на вуліцы, падчас чаго да іх падышлі міліцыянты і пачалі затрымліваць. Праз тры гадзіны журналістаў адпусцілі, але камера, на якую яны здымалі, засталася ў міліцыянтаў.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў: «Вінаватыя ў нападзе павінны панесці крымінальную адказнасць за свае дзеянні»
Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца (на фота), напад на карэспандэнтаў падчас перадвыбарчага пікета з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства аб СМІ.
Андрэй Бастунец падкрэсліў, што прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі згодна з заканадаўствам маюць права прысутнічаць на любых публічных мерапрыемствах, у тым ліку і несанкцыянаваных. Пры гэтым прадстаўнікі праваахоўных органаў не маюць права перашкаджаць журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі.
«У сённяшнім выпадку, асабліва калі пацвердзіцца інфармацыя пра збіццё карэспандэнтаў і пашкоджанне тэхнікі, выпадак неабходна трактаваць згодна з артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста”. Вінаватыя ў нападзе павінны панесці крымінальную адказнасць за свае дзеянні», — дадае Андрэй Бастунец.
Намеснік старшыні БАЖ журналістка Святлана Калінкіна пракаментавала інцыдэнт з журналістамі:
«Гэта проста ўсё абуральна. Калі ў краіне фармальна існуюць усе і законы, і артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць журналістам права на прафесію, а людзям — на атрыманне інфармацыі, але заўсёды знаходзяцца нейкія асобы ў цывільным, якім можна ўсё — парушаць і законы, і Канстытуцыю, і правы журналістаў беларускіх і замежных. І ніколі на іх няма ніякай управы. Гэта тэндэнцыя, з якой пачынаюцца ў Беларусі амаль што кожныя выбары. Я думаю, гэта робіцца наўмысна, каб быў страх у грамадстве, каб была такая нервовасць, каб людзі баяліся лішні раз выйсці на вуліцу».
Праваабаронца: «Прававыя механізмы не дзейнічаюць, бо калі б яны дзейнічалі, то гэтая практыка даўно спынілася б»
Прадстаўнікі СМІ, згодна з заканадаўствам, маюць права прысутнічаць на любых публічных мерапрыемствах, у тым ліку і несанкцыянаваных. Але старшыня БХК Алег Гулак (на фота), зыходзячы з мінулага досведу, мае сумневы, што вінаватых удасца пакараць:
«Ізноў парушэнне. На жаль, працягваецца практыка незаконных затрыманняў, парушэння правоў і грубых, незаконных дзеянняў. Трэба звяртацца, абскарджваць. Толькі, на жаль, гэтыя прававыя механізмы не дзейнічаюць, бо калі б яны дзейнічалі, то гэтая практыка даўно спынілася б. Парушаюцца правы журналістаў, правы грамадзян, і праваахоўныя органы выходзяць за межы сваёй кампетэнцыі. І гэта сур’ёзныя парушэнні, якія, як мінімум, цягнуць за сабой дысцыплінарную адказнасць. Варта было разглядаць і пытанне аб крымінальнай адказнасці. Толькі для гэтага патрэбныя механізмы і інструменты. Яны, на жаль, не працуюць».
Артыкулы па тэме
БАЖ мае заўвагі да асвятлення выбараў, аднак у Назіральнай Радзе па СМІ БАЖаўцы не патрэбныя