9 снежня 2009 года беларускае Міністэрства юстыцыі, ужо ў другі раз цягам гэтага года, адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). Першы Ўстаноўчы сход партыі адбыўся ў лютым 2009 г., але ў красавіку Міністэрства адмовіла апазіцыйнай партыі ў рэгістрацыі. Праз два месяцы Вярхоўны Суд Беларусі не задаволіў скаргу БХД на адмову ў рэгістрацыі.

31 кастрычніка 2009 г. ў Мінску прайшоў другі Ўстаноўчы сход БХД, пасля чаго ў Міністэрства юстыцыі зноў былі прадстаўленыя ўсе неабходныя дакументы на рэгістрацыю. Аднак Міністэрства зноў прыняло рашэнне не на карысць рэгістрацыі на падставе, нібыта, дапушчаных парушэнняў.

 Згодна з патрабаваннямі закона, звыш 1000 членаў партыі падпісалі ўстаноўчыя дакументы. Шэраг з іх, скарыстаўшыся сваім законным правам на ўдзел у палітычнай дзейнасці, цяпер зазнаюць няспынныя рэпрэсіі з боку дзяржавы. Беларускія ўлады сумесна з КДБ развязалі кампанію па масавым запалохванні заснавальнікаў, пагражаючы ім звальненнем або адлічэннем з ВНУ. У выніку, некаторыя сябры БХД паддаліся на ціск і адклікалі свае подпісы пад заснавальнымі дакументамі партыі. На працягу 2009 г. БХД зафіксавала 82 выпадкі рэпрэсіяў супраць сваіх заснавальнікаў, у тым ліку – 5 выпадкаў звальнення з працы і адно выключэнне з унівесрітэта.

 Заклікаем беларускія ўлады неадкладна зарэгістраваць БХД і спыніць запалохванне сябраў партыі.

 Акрамя гэтага, мы заклікаем беларускія ўлады паважаць права чалавека на свабоду аб’яднанняў і ўдзел у стварэнні ды дзейнасці аб’яднанняў, будзь тое партыя ці няўрадавая арганізацыя. На дадзены момант, поруч з выпадкам БХД, аналагічныя парушэнні маюць месца, у прыватнасці, у дачыненні да Праваабарончага цэнтра “Вясна”, маладзёвай арганізацыі “Малады фронт”, Беларускай партыі працоўных, культурна-асветніцкай асацыяцыі “Залаты леў” і да Аб’яднання беларускіх студэнтаў.

 Паводле артыкула 193.1 КК РБ, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі грамадзяне могуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці, ажно да 2 гадоў пазбаўлення волі. Такім чынам, заклікаем улады Беларусі неадкладна скасаваць артыкул 193.1 КК РБ, адмяніць забарону на дзейнасць нерэгістраваных арганізацыяў і спыніць пераслед беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных актывістаў.

 Выражаем сваю салідарнасць і падтрымку ўсім людзям і арганізацыям у Беларусі, якія мірным шляхам змагаюцца за ўмацаванне правоў чалавека ў краіне.

Libereco – Partnership for Human Rights (www.lphr.org)
People In Need (www.peopleinneed.cz)
European Exchange (www.european-exchange.org)
Human Rights in Belarus (www.human-rights-belarus.org)
Young European Movement (www.jeb-bb.de)
Belarusian Human Rights House (www.humanrightshouse.org)

Кантакты:
Libereco: info@lphr.org
People In Need: mail@clovekvtisni.cz
European Exchange: schiffer@european-exchange.org
Human Rights in Belarus: info@human-rights-belarus.org
Young European Movement: info@jeb-bb.de
Belarusian Human Rights House: belarus@humanrightshouse.org