“Не смяротнаму пакаранню!”
Прадстаўнікі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ірына Тоўсцік былі затрыманыя насупраць рэзідэнцыі прэзідэнта у цэнтры сталіцы. Праваабаронцы і незалежны журналіст Сяржук Сыс былі апранутыя ў спецыяльныя майкі, на якіх былі намаляваныя плямы крыві, і разгарнулі расцяжку “Не смяротнаму пакаранню!”
Выйсці на вуліцу праваабаронцаў вымусілі апошнія звесткі пра нядаўняе выкарыстанне вышэйшай меры пакарання ў краіне. Так, паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, у канцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзепчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойном нападзе і забойстве. Другога прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання за здзяйсненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Берасцейскай вобласці.
Пасля правядзення прэс-канферэнцыі, звязанай з прывядзеннем у выкананне смяротных прысудаў, праваабаронцы накіраваліся да адміністрацыі прэзідэнта, каб выказаць свой пратэст уладам, якія парушылі такім чынам міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства. Але адразу ж пасля пачатку пікету праваабаронцы былі затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленне міліцыі, а журналіст Сяржук Сыс – адпушчаны на волю.
Затрыманы Алесь Бяляцкі, які з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека, так патлумачыў мэту праведзенага пікету: “Мы рашуча выступаем супраць смяротнага пакарання. Хацелі заявіць, што нельга было караць смерцю яшчэ двух чалавек, калі ёсць заклік міжнароднай супольнасці ўвесці мараторый і заклік ААН, пакуль вырашаецца гэтае пытанне, не праводзіць пакаранняў. Але ўлады ўсе дамоўленасці цынічна парушылі”.
Цяпер праваабаронцаў чакае ноч у цэнтры – ізалятары, а потым суд за “парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў” і верагоднае пакаранне.
“Беларусь дэманстратыўна інгаруе свае міжнародныя абавязкі”
Такія дзеянні ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў, актывістаў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, поўнасцю супярэчаць тым пазітыўным тэндэнцыям, што нядаўна намеціліся ў дачыненні да адмены гэтай меры пакарання. Сітуацыю каментуе прадстаўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” і прэзідэнтка Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Равяка (на фота) .
-Як Вы расцэньваеце сам факт затрымання ў святле сітуацыі з правамі чалавека і смяротнай карай у Беларусі?
-Я расцэньваю гэта як дэманстрацыю згортвання дыялогу беларускіх уладаў з еўрапейскімі інстытуцыямі – Еўразвязам і СЕ. Як тое, што Беларусь ужо не будзе імкнуцца ўзнавіць свой статус спецзапрошанага ў ПАСЕ. А таксама так, што беларускія ўлады намераныя і надалей інгнараваць тыя патрабаванні міжнароднай супольнасці да правоў чалавека, якія вылучаны імі. Беларусь дэманстратыўна інгаруе свае міжнародныя абавязкі, узятыя ў межах Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
– Што Вы думаеце пра апошнія пакаранні смерцю і пра атаку на вашых адзінадумцаў і па-чалавечы, і як праваабаронца?
-Я думаю, што беларускія ўлады вырашылі такім чынам прадэманстраваць, што яны поўныя гаспадары ў краіне: ні Еўропа, ні міжнародныя арганізацыі, ні меркаванне ўласных грамадзян і првааабпронцаў ім няважныя – права вырашаць уве важныя пытанні яны пакідаюцуь выключна за сабой. Што ж датычыць маіх калегаў, то я думаю, што яны вельмі мужныя людзі і ўяўлялі, чым для іх можа скончыцца такая публічная дэманстрацыя пратэсту. Але ніхто не кажа, што быць праваабаронцам – лёгка.