Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў палічыў, што, прымушаючы яго да здачы адбіткаў пальцаў, дзяржава парушае артыкулы 14 и 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
3 красавіка 2011 года суд Савецкага раёна прызнаў Васіля Палякова вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і пакараў яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь (875 тыс. рублёў). Гэта быў першы ў Беларусі судовы прысуд за адмову ад дактыласкапіі. У Беларусі адмова ад дактыласкапіі не з’яўляецца правапарушэннем, такім чынам, ніякай адказнасці за гэта той, хто адмовіўся прайсці гэтую працэдуру, несці не павінны. Аднак суддзя Галіна Сыцько ўгледзела ў дзеяннях Васіля Палякова віну ў тым, што ён не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікам міліцыі.
Васіль Палякоў (на фота) сваю адмову ад праходжання дактыласкапіі патлумачыў тым, што, па-першае, лічыць яе праявай дыскрымінацыі, па-другое, яна не з’яўляецца абавязковай, а па-трэцяе, у міліцыі няма адмысловых прылад для гэтай працэдуры. Пры гэтым ён заўважыў у судзе, што закон аб абавязковай дактыласкапіі не прадугледжвае пакарання за адмову ад працэдуры.
У сваім звароце Палякоў прыводзіць довады, чаму прымусовая дактыласкапія парушае ягоныя правы:
«Наяўнасць у нацыянальным заканадаўстве Беларусі названага прадпісання прывяло да прымянення да мяне дыскрымінацыі па прыкмеце майго полу і года нараджэння, забароненай па сэнсу артыкула 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Увёўшы ў нацыянальнае заканадаўства такі выбарчы падыход, Рэспубліка Беларусь парушыла прынцып роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, паколькі падставай для дыскрымінацыі на заканадаўчым узроўні ўвяла такую персанальную характарыстыку як узрост і пол чалавека. У выніку да чалавека ставяцца не як да асобы, а як да прадстаўніка групы людзей (ваеннаабавязаныя грамадзяне). Калі мяне выклікалі ў міліцыю здаць адбіткі пальцаў, я адмовіўся, бо супрацоўнікі міліцыі не прывялі ні аднаго аргументу, акрамя як патрабаванні заканадаўства, які б абавязваў мяне прайсці працэдуру абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі».
У скарзе дэмакратычны актывіст называе яшчэ адзін факт, які можна расцэньваць як парушэнне правоў чалавека:
«Суд адхіліў хадайніцтва на запрашэнне ў якасці законнага прадстаўніка праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Прычым, суддзя спаслаўся на артыкул Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Лічу, што дадзены артыкул супярэчыць міжнароднаму заканадаўству, і прашу Камітэт ААН указаць на гэты факт беларускай дзяржаве».
***
Адбіткі пальцаў у ваеннаабавязаных беларускіх мужчын пачалі браць у 2008 годзе — пасля выбуху ў Мінску на начным канцэрце ў Дзень Рэспублікі. Кампанія па дактыласкапіі набыла беспрэцэдэнтны размах.
Артыкулы па тэме
Даклад па сітуацыі ў Беларусі будзе прадстаўлены ў Камітэт ААН супраць катаванняў
У Беларусі з 6 студзеня будуць штрафаваць за парушэнне патрабаванняў інтэрнэт-фільтрацыі