У межах мерапрыемства быў праведзены паказ  дакументальнага фільма “Прычына смерці – прочырк” , які распавядае пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Аўтары фільма імкнуліся паказаць гледачам працэдуру пакарання і пакуты сваякоў тых, хто быў асуджаны на смерць. Гераіняй фільма стала маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку 2010 года. Святлана Жук даведалася пра смерць сына, калі прывезла яму чарговую перадачу. Яе не прынялі, а ахоўнік толькі сказаў: “Не шукайце яго нідзе. Адбыў па месцы выканання прысуду”. Так Святлана Жук зразумела, што сына ўжо расстралялі. Такія неканкрэтныя фармулёўкі, як зазначыў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, разам з іншымі фактарамі ўплываюць на распаўсюджанне плётак і міфаў і недахоп праўдзівай інфармацыі пра такі від пакарання.

Пасля прагляду фільма адбылася дыскусія з каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэем Палудам і маці расстралянага па абвінавачанні ў арганізацыі тэракту ў мінскім метро Уладзіслава Кавалёва – Любоўю Кавалёвай (на фота) .

Любоў Кавалёва распавяла пра акалічнасці справы абвінавачаных у арганізацыі тэракту Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва: да абвінавачаных цягам доўгага часу не дапускаліся адвакаты і родныя, іх катавалі, а сам судовы працэс выклікаў сумнёвы ў праваабаронцаў і грамадства. Так, амаль 50 тысяч карыстальнікаў інтэрнэту выказаліся за тое, каб падазраваным у выбухах пакінуць жыццё. Але гэта ніяк не паўплывала на далейшы лёс хлопцаў, якіх расстралялі ў сакавіку 2012 года.

У сваім змаганні за жыццё сына Любоў Кавалёва прайшла ўсе магчымыя інстанцыі ў Беларусі, неаднаразова звярталася асабіста да Аляксандра Лукашэнкі, патрабуючы аб’ектыўнага разгляду крымінальнай справы. Спадарыня Кавалёва звярталася і ў міжнародныя інстанцыі. Паводле яе звароту, Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што ў дачыненьні да Уладзіслава Кавалёва былі парушаныя права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, права перагляду судовага рашэння.

“Любоў Кавалёва ў гэтым пытанні дастаткова ўнікальны чалавек –  яна так зацята змагалася, адстойвала правы свайго сына. Праз яе жывыя сведчанні людзі могуць адчуць праблематыку і глыбіню тэмы. Для самой Любові гэта заўседы вельмі цяжка, але людзі, якія чуюць такія сведчанні, пачынаюць па-іншаму глядзець, разумеюць, што гэта не дзесьці там, недасяжна, а што гэта актуальна і пры такой судовай сістэме прочыркам, як у фільме, можа стаць хто заўгодна”, – распавёў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

Спадар Палуда (на фота) таксама прадставіў дзейнасць кампаніі і адзначыў ролю падобных мерапрыемстваў у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі: “Гэта не толькі беларуская праблема.  Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і з’яўляецца своеасаблівай крывавай плямай на мапе Еўропы. Для таго, каб кантынент быў вольны ад смяротнага пакарання, у Беларусі яно павінна быць спынена. Таму важнай часткай барацьбы за яго адмену з’яўляецца праца на міжнародным узроўні.  Міжнароднае меркаванне, міжнародныя перамовы маюць вялікі ўплыў і адыгрываюць значную ролю ў нашай працы”.

***
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі смерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасць вынесеных і прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў, хаця Беларусь, як чалец АБСЕ, абавязаная «прадстаўляць грамадзкасці інфармацыю адносна ўжывання смяротнага пакарання».

Артыкулы па тэме

10 кастрычніка – Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

Год як смяротны прысуд выкананы, але пытанні засталіся

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)