10 снежня, у Дзень правоў чалавека, ДПЧ ў Вільні сумесна з шэрагам еўрапейскіх праваабарончых і грамадскіх арганізацый аб’яўляе пра запуск электроннага збору подпісаў пад зваротам да дзейнага і будучага наноў абранага прэзідэнта Беларусі на старонцы http://www.belarus-petition.org/.
Ініцыятарамі праекту таксама з’яўляюцца арганізацыі Amnesty International, Libereco, Маладыя еўрапейскія федэралісты, Civil Rights Defenders, Фундацыя дамоў правоў чалавека, Таварыства па правах чалавека ў Беларусі, Ostgruppen, Belarus Watch, People in Need, Codap і “Вольная Беларусь”.
Петыцыя змяшчае заклік да датрымання Беларуссю правоў, якія з’яўляюцца базавым падмуркам функцыянавання сучаснага грамадства. У прыватнасці, у звароце пералічваюцца наступныя рэкамендацыі:
– увядзенне мараторыя і скасаванне смяротнай кары;
– захаванне права ўсіх беларускіх грамадзян на свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў, СМІ і веравызнання;
– дазвол на правядзенне мірных дэманстрацый;
– ахова ўдзельнікаў мірных сходаў ад адміністрацыйнага пераследу;
– забеспячэнне права журналістаў, праваабаронцаў і іншых грамадскіх актывістаў на дзейнасць без пераследу і запалохвання;
– спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў;
– скасаванне артыкула 193.1 КК, які прадугледжвае турэмнае зняволенне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Падпісацца пад онлайн-петыцыяй можна да дня інаўгурацыі абранага прэзідэнта Беларусі – як мяркуецца, у студзені. Усе подпісы будуць перададзеныя беларускім уладам і дыпламатычным прадстаўніцтвам за мяжой.
Любая арганізацыя, якая хоча падтрымаць петыцыю, можа звярнуцца на адрас info@belarus-petition.org (на ангельскай або нямецкай мовах). Падпісацца можа і кожны чалавек – па адрасе http://www.belarus-petition.org/.
Заклікаем падтрымаць і распаўсюдзіць петыцыю!
У Дзень правоў чалавека – петыцыя да беларускіх уладаў
Беларускі Дом правоў чалавека стаў адным з 12 ініцыятараў электроннага збору подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі з рэкамендацыямі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Збор подпісаў працягнецца да інаўгурацыі прэзідэнта, выбары якога прызначаныя на 19 снежня.