Падчас інфармацыйных акцый, што былі арганізаваныя праваабаронцамі і грамадскімі актывістамі ў цэнтры Вільні, мінакі змаглі атрымаць актуальную інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і падпісаць паштоўкі для беларускіх палітзняволеных. Разам з іншымі паштоўкі для беларускіх палітвязняў падпісаў і  Стэфан Эрыксан( на фота) , які быў першым паслом Швецыі ў Беларусі і працаваў на гэтай пасадзе каля 4 год, пакінуўшы яе пасля дыпламатычнага канфлікта паміж Беларуссю і Швецыяй, выкліканага гісторыяй с “плюшавым дэсантам”.

 

 

 


 У акцыі, што прайшла ў Вільні 5 жніўня каля амбасады Беларусі прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Удзельнікі акцыі надзелі маскі з партрэтам Алеся Бяляцкага, разгарнулі нацыянальныя сцягі і  плакаты з надпісамі «Праваабаронца – не злачынца», «Саджайце бульбу, а не людзей!», «Вырашайце праблемы, а не саджайце тых, хто пра іх кажа», «Свабоду Алесю Бяляцкаму», «Свабоду палітвязням».

Падчас пікету была агучаная сумесная заява Беларускага Дома правоў чалавека і праваабарончага цэнтра “Вясна”, дзе выказана прынцыповая пазіцыя праваабаронцаў адносна арышту Бяляцкага: “Пазбаўленне волі аднаго з вядомейшых і аўтарытэтных праваабаронцаў Беларусі стала вынікам шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці краіны, з’яўляецца расправай за прынцыповую шматгадовую праваабарончую дзейнасць Алеся Бяляцкага”.

 “Мы рашуча выступаем супраць палітычна матываванага пераследу грамадзян краіны і патрабуем ад уладаў неадкаладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітзняволеных, аднаўлення іх ва ўсіх грамадзянскіх і палітычных правах,”- сказана ў заяве. Праваабаронцы Павел Левінаў і Валянцін Стэфановіч перадалі заяву ў амбасаду.

Падчас правядзення акцыі невядомыя вывесілі на сцяне амбасады на вышыні некалькіх метраў вялики плакат з партрэтам Алеся Бяляцкага і надпісам : “Freedom for political prisoners in Belarus” («Свабоду палітычным зняволеным у Беларусі»).  Ён  так і застаўся вісець перад вокнамі амбасады пасля заканчэння акцыі.

 

 


***

У жніўні 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачванні ва «ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйных памерах" па артыкуле 243, частка 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 24 лістапада, пасля амаль чатырох месяцаў папярэдняга зняволення, Мінскі Першамайскі раённы суд прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў строгіх ўмовах рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці – у тым ліку памяшкання, якое выкарыстоўвалася для офіса ПЦ “Вясна” – і да штрафу 757.526.717 беларускіх рублёў (каля 70.000 эўра). 24 студзеня 2012 года Мінскі гарадскі суд пацвердзіў прысуд па апеляцыі, ўсе хадайніцтвы, пададзеныя адвакатамі Бяляцкага былі адхіленыя. 29 сакавіка 2012 года, той жа суд вынес новае рашэнне, загадаўшы яму заплаціць дадатковую суму 140.366.151 рублёў (каля 12 700 еўра) штрафа ў дадатак да папярэдніх штрафаў, якія ўжо былі выплачаныя ў студзені 2012 года, у сувязі з меркаванай несвоечасовай выплатай запазычанасці.

 

 

***

Артыкулы па тэме

Праваабаронцы заклікаюць спыніць ціск на Алеся Бяляцкага

Знакавае рашэнне ААН: Затрыманне Алеся Бяляцкага адвольнае, патрабуецца вызваленне і кампенсацыя

Алеся Бяляцкага падтрымала больш за 100 тысяч чалавек па ўсім свеце