На акцыю, арганізаваную Беларускім Грамадзянска-палітычным прадстаўніцтвам у Літве (HUB), Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні і арганізацыяй Belarus Watch прыйшлі каля трох дзесяткаў чалавек. Удзельнікі акцыі з нацыянальнымі сцягамі ды партрэтамі Алеся Бяляцкага прыйшлі да беларускай амбасады ў Вільні, каб выказаць свой пратэст супраць злачынных дзеянняў беларускага рэжыму, што выявіліся ў асуджэнні вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, да  4,5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Удзельнікі акцыі таксама трымалі расцяжку з надпісам “ “Вясну” не спыніць” – гэтыя словы пасля абвяшчэння выраку паспеў крыкнуць Бяляцкі.

“Мы выказваем свой пратэст супраць асуджэння праваабаронцы Алеся Бяляцкага і выказваем салідарнасць з усімі палітзняволенымі ў Беларусі.  Канешне, можна казаць пра тое, што мы не можам паўплываць на вынікі судовага працэсу і на сам прысуд, але вельмі важна паказваць, што мы салідарныя з тымі, хто зараз знаходзіцца за кратамі ў Беларусі па палітычных матывах. Такім чынам мы паказваем і ўладам, што мы ёсць і мы сочым за сітуацыяй”, – распавяла пра акцыю дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека Ганна Герасімава.

З амбасады да ўдзельнікаў акцыі так ніхто і не выйшаў. Але мерапрыемства, між тым, не засталося без увагі – акцыю назіралі і актыўна фатаграфавалі праз вокны амбасады.

25 лістапада такая ж акцыя прайшла і ў Мінску, а таксама шэраг такіх акцый прайшоў па Еўропе, дзе актывісты змаглі ваказаць салідарнасць і падьтрымку Алесю Бяляцкаму.

***

24 лістапада залежны ад уладаў Беларусі суд прысудзіў вядомага беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, старшыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, да 4,5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

У адсутнасць якіх-небудзь доказаў, што А.Бяляцкі выкарыстоўваў атрыманыя на свае замежныя рахункі грошы для ўласных патрэбаў, і праігнараваўшы важкія аргументы, што сродкі былі патрачаныя на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій беларускім грамадзянам, суддзя Сяргей Бандарэнка вынес вырак, згодна з якім вядомы беларускі праваабаронца асуджаны на 4, 5 гады турэмнага зняволення.

Артыкулы па тэме

Бяляцкі атрымаў 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

Фундацыя Дамоў правоў чалавека супраць пераследу Бяляцкага

Праваабаронцаў затрымліваюць за салідарнасць з Бяляцкім