На прэзентацыі прысутнічалі дыпламаты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вільні, праваабаронцы ды журналісты. Таксама ў мерапрыемстве брала ўдзел Вольга Завадская, маці зніклага аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, аднаго з герояў фільма.

Дакументальны фільм «Банда» быў паказаны ў Літве ўпершыню, ён з’яўляецца своеасаблівай хронікай знікнення вядомых дзеячаў – апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. “Мы імкнуліся аб’ектыўна, дакументальна ісці па ходзе, храналогіі, па фактах і дакументах. Усё – словы ў кадры і за кадрам – грунтуюцца на дакументах, каб пазбегнуць суб’ектывізму. І, безумоўна, свае высновы павінен зрабіць глядач”, – распавяла Раіса Міхайлоўская (на фота).

«Што гэта за фільм і чаму мы яго зрабілі менавіта цяпер? 16 гадоў таму, 7 траўня знік першы палітычны апанент рэжыму Лукашэнкі, Юрый Захаранка. З тых часоў зніклі яшчэ тры апаненты рэжыму, а крымінальныя справы фактычна знаходзяцца ў замарожаным стане. Ніхто не ведае лёсаў гэтых зніклых людзей і ніхто не ведае, ці расследаваныя крымінальныя справы», – адзначыла Раіса Міхайлоўская  перад паказам фільма.

Праваабаронца таксама  нагадала, што з таго часу вырасла  новае пакаленне беларусаў, у дыпламатычных карпусах розных краін змяніліся дыпламаты. І, па словах Раісы Міхайлоўскай, гэты фільм патрэбен як сведчанне для будучай гісторыі, будучых крымінальных спраў. “І гэта маральная падтрымка сваякоў зніклых. Наша задача як праваабаронцаў – захаваць гэтыя доказы”, – падкрэсліла аўтар фільма.

Важна адзначыць, што першы прыватны прагляд фільма адбыўся 8 лютага ў доме Ульяны Захаранкі ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласці.

«Калі Ульяна Захаранка глядзела кадры пра свайго сына, у яе былі такія светлыя вочы, а потым яна зноў расплакалася і стала каторы ўжо раз пытацца пра тое, што давялося вытрымаць яе сыну ды іншым зніклым у свае апошнія хвіліны», — распавядала пасля аўтарка фільму Раіса Міхайлоўская.

***

Былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі ўвесну 1999 года, увосень таго ж года зніклі бясследна былы дэпутат Вярхоўнага Савету, былы віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе быў выкрадзены апэратар ОРТ Зміцер Завадскі. Лёс зніклых апазіцыянераў не высветлены да гэтага часу.

Раіса Міхайлоўская з’яўляецца заснавальніцай і дырэктаркай Беларускага дакументацыйнага цэнтру “Помнім”, які збірае і аналізуе прававыя доказы парушэнняў правоў чалавека рэжымам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

 

Артыкулы па тэме

Ціск на Мікалая Статкевіча ў турме ўзмацніўся

Правы чалавека – асноўны элемент міру і бяспекі

Спецдакладчык ААН назваў высылку праваабаронцы Танкачовай непрапарцыйнай мерай