Андрэя Гайдукова супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Віцебску 8 лістапада 2012 года. Паводле афіцыйнай інфармацыі КДБ — нібыта падчас закладкі тайніка «са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы». Паводле афіцыйнай версіі, Гайдукоў падазраецца ў супрацы з замежнай выведкай, а менавіта — перадачы палітычнай і эканамічнай інфармацыі пра Беларусь.Каму і якога кшталту інфармацыя перадавалася — невядома. Нядаўна старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што тыя, хто абараняюць Гайдукова, пасля рашэння суда «акажуцца ў нязручным становішчы». На Андрэя Гайдукова завялі справу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці», яму пагражае пакаранне ад 7 да 15 гадоў турмы.
Больш за 7 месяцаў хлопец знаходзіўся ў турме КДБ. За гэты час у яго не было ніводнага спаткання з блізкімі. Сваякі арыштаванага не раз скардзіліся на праблемы з ліставаннем і на тое, што да Гайдукова не заўжды мог трапіць адвакат. Бацькі Андрэя застаюцца ў няведанні, што з іх сынам: «Мы так і не можам зразумець, што насамрэч адбываецца вакол сына».
Арышт Андрэя Гайдукова многія звязваюць з ягонымі апазіцыйнымі поглядамі: ён быў у камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, у тым ліку ў камандзе Андрэя Саннікава. Удзельнічаў у «маўклівых акцыях пратэсту». Непасрэдна перад арыштам займаўся падрыхтоўкай дакументаў, каб зарэгістраваць у Наваполацку грамадскую арганізацыю «Саюз маладых інтэлектуалаў».
Напярэдадні суда стала вядома, што працэс будзе закрыты. Падчас следства ніякіх падрабязнасцяў грамадскасці не паведамлялі. Таму і родныя, і сябры Андрэя Гайдукова спадзяваліся, што працэс будзе адкрыты. З такім патрабаваннем не раз выступалі і праваабарончыя арганізацыі.
Першыя звесткі аб тым, што ставяць віну Гайдукову, з’явіліся толькі ў лісце, які напярэдадні суда атрымала ад яго каардынатарка Хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебску Таццяна Севярынец. Усе ранейшыя лісты Гайдукова не праходзілі цэнзуры.
Гайдукоў піша: «Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымай шкоды можа выражацца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У тым, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША (ЦРУ ЗША па версіі КДБ)».
Ліст даволі вялікі, на некалькі аркушоў з нататніка. І ў ім амаль няма закрэсленых словаў ці выразаў. Тацяна Севярынец не пэўная, што можна верыць усяму таму, што там напісана. Яна не выключае, што гэты ліст пісаўся пад ціскам з мэтай агучвання на волі. А тым часам за зачыненымі дзвярыма ў судзе гучыць нешта зусім іншае.
12 чэрвеня каля будынка суда сабралася паўтара дзясятка чалавек, уключна з журналістамі, унутр нікога не пусцілі. Прысутнічала шмат людзей у цывільным, дзяжурыў міліцэйскі мікрааўтобус і аўтобус.Вакол будынка суда стаялі па перыметры міліцыянеры, каб у вокны ніхто не зазіраў.
Артыкулы па тэме
Праваабаронцы заклікаюць спыніць ціск на Алеся Бяляцкага
Фільм «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс»: гэта не проста скаргі і эмоцыі, гэта скалечаныя жыцці
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла парушэнні правоў НДА ў доступе да фінансавання