Для недзяржаўных арганізацый вялікую небяспеку тоіць тое, што ад цяпер атрыманне замежнага фінансавання будзе разглядацца як крымінальнае злачынства.Так, артыкул 21 “Закона аб грамадскіх аб’яднаннях” было прапанавана дапоўніць наступным чынам: “Рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб’яднанням, іх саюзам забараняецца захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы і іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў”. Таксама цяпер паводле Крымінальнага кодэксу ,“атрыманне, а таксама захоўванне, перамяшчэнне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або фінансавання палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі або правядзення выбараў, рэферэндумаў, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, арганізацыі або правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання, забастовак, вырабу або распаўсюджання агітацыйных матэрыялаў, правядзення семінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, учыненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў”.
Для палітычнага жыцця ў цэлым самае вызначальнае — далейшая крыміналізацыя масавых акцый пратэсту. Канстытуцыйнае права на свабоду сходу траціць усялякі сэнс. Ва ўмовах, калі атрымаць дазвол на правядзенне акцый пратэсту ў краіне даўно немагчыма, пратэсты атрымліваюцца фактычна забароненымі як такія. Так, паводле Крымінальнага кодэксу, “публічныя заклікі да правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання з парушэннем усталяванага парадку іх арганізацыі або правядзення, альбо ўцягванне асобы ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах шляхам гвалту, пагрозы прымянення гвалту, падману або выплаты ўзнагароды, альбо іншая арганізацыя або правядзенне такіх масавых мерапрыемстваў, калі іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей, учыненне цяжкага цялеснага пашкоджання адной або некалькім асобам або прынясенне шкоды ў буйным памеры пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 293 і 342 гэтага Кодэкса, караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін”.
Прапануецца пашырэнне паўнамоцтваў супрацоўнікаў КДБ
Паводле зменаў, якія прапануецца ўнесці ў заканадаўства, супрацоўнікі КДБ будуць канчаткова выведзеныя з-пад кантролю іншых органаў і будуць надзеленыя ў звычайны час паўнамоцтвамі, характэрнымі для надзвычайнага становішча. Напрыклад, яны атрымаюць права ўрывацца ў хаты і офісы ў любы час дня і ночы.
Так, супрацоўнікі органаў дзяржспяспекі могуць быць надзеленыя правам “… уваходзіць бесперашкодна пры неабходнасцi з пашкоджаннем прыладаў (якiя зачыняюцца) і іншых прадметаў, у любы час сутак у жылыя памяшканні ці іншыя законныя ўладанні фізічных асоб, у памяшканнi i (або) iншыя аб’екты дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый(за выключэннем памяшканняў i iншых аб’ектаў дыпламатычных, консульскiх i iншых прадстаўнiцтваў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, якія карыстаюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь дыпламатычным iмунiтэтам, i памяшканняў, у якiх пражываюць супрацоўнiкi гэтых прадстаўнiцтваў, арганiзацый i iх сем’i)…”. Таксама цяпер паводле закону, “супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі не нясе адказнасці за шкоду, прычыненую ў сувязі з прымяненнем фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, ужываннем (выкарыстаннем) зброі ў прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі выпадках, калі ён дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі. …”.
Праваабаронцы пратэстуюць супраць зменаў у заканадаўстве
Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый «Amnesty International», ARTICLE 19, Civil Rights Defenders, Front Line Defenders, Human Rights Watch, Human Rights House Foundation, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт ды Observatory for the Protection of Human Rights Defenders звярнуліся да Савету Рэспублікі – верхняй палаты беларускага парламента з настойлівым заклікам не ўхваляць нядаўнія папраўкі ў заканадаўства, што супярэчаць свабодзе сходаў і свабодзе на асацыяцыі і жорстка абмяжоўваюць дзейнасць беларускіх грамадзянскіх груп, асабліва тых, якія займаюцца правамі чалавека або сумежнымі пытаннямі.
“Мы глыбока занепакоеныя непазбежнымі наступствамі прапанаваных паправак для дзейнасці беларускіх НДА, якія рызыкуюць апынуцца пад яшчэ больш шчыльным наглядам з боку ўладаў. Цяперашнія заканадаўчыя ініцыятывы таксама дадаткова абмяжоўваюць свабоду асацыяцыі і свабоду сходаў”, – сказана ў звароце да Савета Рэспублікі.
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных НДА і праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты, якія, па іх ацэнцы, "накіраваныя на запалохванне беларускай грамадскасці, ставяць пад пагрозу вяртанне краіны на шлях нармальнага развіцця і заганяюць яе ў становішча самаізаляцыі".
Паводле юрыста Юрыя Чавусава (на фота), «новыя нормы фактычна прыдаюць законны характар тым практыкам, якія былі ўжытыя ў дачыненні да ўдзельнікаў Плошчы і Алеся Бяляцкага».
Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый, Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Праваабарончы цэнтр "Вясна",Цэнтр прававой трансфармацыі прааналізавалі змены і дапаўненні, прапанаваныя ў шэраг беларускіх законаў і прыйшлі да высновы, што праекты Закона Рэспублікі Беларусі “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь”Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, Закона Рэспублікі Беларусь”Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусі “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкулы 25, 33, 35, 36), а таксама Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах , Кіруючым прынцыпам АБСЕ па свабодзе мірных сходаў.
Артыкулы па тэме
Улады Беларусі прыдумалі, як пазбавіцца ад акцый маўклівага пратэсту
Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў у Беларусі (абноўлена)