Інфармацыю пра гэта атрымала ў адказе на серыю сваіх зваротаў выпускніца «Адукацыйнага курсу па правах чалавека», праваабаронца Ксенія Дубіцкая.У адказе намесніка Генеральнага пракурора М. І. Кукліса гаворыцца пра тое, што «з улікам прапановаў, якія паступілі з Міністэрства замежных спраў аб дапаўненні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь вызначэннем «катаванне» рабочай групай Генеральнай пракуратуры было прынята рашэнне аб рэалізацыі названых прапаноў у праекце Закона».
« Зараз праект Закона знаходзіцца на стадыі ўзгаднення з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, па выніках якога будзе прынятае рашэнне пра далейшую карэкціроўку дадзенай нормы з улікам выказаных заўваг і прапаноў”, – гаворыцца ў адказе.
Яшчэ ў чэрвені 2011 года звароты з прапановай ўключыць у КК вызначэнне «катаванне», заснаванага на арт.1 «Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання», былі накіраваныя ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства замежных спраў і Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя звароты былі перанакіраваны ў МУС, і ў ліпені 2011 года намеснік Міністра ўнутраных спраў А. А. Курылец паведаміў, што адказным выканаўцам падрыхтоўкі законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у КК і КПК вызначана Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь прапанову па ўвядзенні ў КК вызначэння «катаванне».
Праваабаронца каментуе: “У выніку шматлікіх зваротаў вызначэнне тэрміна «катаванне» было ўнесена ў праект Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у КК і КПК Рэспублікі Беларусь”. Атрыманы з Генеральнай пракуратуры адказ дае нам падставы меркаваць, што пасля ўзгаднення з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, вызначэнне «катаванне» усё ж будзе ўнесена ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, разам з адпаведнай мерай пакарання за гэтае злачынства. У цяперашні час зразумелая пазіцыя МУС і Генеральнай пракуратуры па гэтым пытанні. Цяпер слова за заканадаўцамі: тэрмінам ўнясення законапраекта ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з’яўляецца красавік 2012”.
Камітэт ААН супраць катаванняў таксама абмеркаваў гэта пытанне
Гэтае ж пытанне вызначэння тэрміну “катаванне” Камітэт ААН супраць катаванняў разглядаў 11 лістапада ў часе абмеркавання перыядычнай справаздачы Беларусі аб выкананні канвенцыі ААН аб забароне катаванняў ды іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання. Аўтары справаздачы звярнулі ўвагу на тое, што Канстытуцыя гарантуе недапушчальнасць катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання і пакарання, аднак у той жа час ні адзін нарматыўна-прававы акт Рэспублікі Беларусь не змяшчае вызначэння «катаванне» як то замацавана ў арт.1 Канвенцыі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не вызначае віды бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць абыходжання і пакарання, якія пакладзены ў аснову назвы Канвенцыі. Што тычыцца паказанняў, атрыманых з дапамогай катаванняў, Камітэт патрабуе забеспячэння таго, каб суддзі запытвалі ўсіх затрыманых ці яны ці не былі падвергнутыя катаванням або жорсткаму абыходжанню ў зняволенні. Беларусь таксама павінна прадставіць інфармацыю аб службовых асобах, што былі асуджаныя і пакараныя за атрыманне прызнанняў пад катаваннямі.
Documents: