Актывісты незарэгістраванага “Маладога фронту” і стваранай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” разгарнулі на пляцы Леніна расцяжку "КДБ нас з працы гоніць – хто абароніць?" і зладзілі з ёй імправізаванае шэсце.

“Мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што ўлада, якая павінна ахоўваць сваіх грамадзянаў, звальняе людзей з працы, садзіць у турмы за іх палітычныя перакананні. Мы ішлі да аблвыканкаму. Нас затрымалі міліцыянты. І супрацоўнікі ДАІ спрабавалі затрымаць. У дачыненні асабіста да мяне склалі два адміністрацыйныя пратаколы — за супраціў міліцыі і за несанкцыянаванае шэсце”, – апавёў у інтэрв’ю Радыё Свабода адзін з затрыманых пікетоўцаў Андрэй Цянюта.

У Цэнтральным РАУС Гомеля міліцыянты прымусілі пікетоўцаў Васіля Токаранку, Кастуся Жукоўскага і Андрэя Цянюту прайсці асабісты дагляд. Пра тое, як ён адбываўся, распавёў Васіль Токаранка: “Я такога нідзе ў Еўропе не бачыў, каб чалавека распраналі цалкам — дагала! У прысутнасці нейкіх асобаў у цывільным мяне нават прымусілі, прабачце, трусы зняць. Вось да чаго дажыліся!”

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч вызначае паводзіны гомельскіх міліцыянтаў як катаванні: “Магчыма, міліцыя праводзіла агляд затрыманых. Паводле закону гэтая працэдура дазволеная. Але насцярожвае, што маладых людзей распраналі ў прысутнасці нейкіх старонніх людзей. Натуральна, гэта можна ацэньваць як здзекі”.

У гэты ж дзень над затрыманымі апазіцыянерамі адбыўся суд. Андрэй Цянюта атрымаў штраф у памеры 2 мільёны 800 тысяч рублёў (каля тысячы даляраў ЗША), Васіль Токаранка – 1 мільён 750 тысяч рублёў. Яшчэ аднаго затрыманага ў час акцыі актывіста Кастуся Жукоўскага суддзя Марына Даменка выракла на 3,5 мільёны рублёў (каля 1300 даляраў ЗША).

 

***

Беларускія праваабаронцы цвердзяць, што катаванні ў краіне атрымалі немалы распаўсюд, у тым ліку і ў дачыненні да апанентаў дзейнага палітычнага рэжыму. “Праблема катаванняў у Беларусі застаецца актуальная, – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Валянцін Стэфановіч. – У нашай краіне гэтая праблема носіць “латэнтны” характар – застаецца даволі ўтоеная. Людзі баяцца скардзіцца на тое, што ў дачыненні да іх могуць быць выкарыстаныя нейкія забароненыя метады альбо сродкі”.

Дарэчы, у Крымінальным Кодэксе Беларусі дагэтуль адсутнічае артыкул аб катаваннях. “Замест артыкула аб катаваннях у нас – “перавышэнне службовых паўнамоцтваў”. Сістэма працуе такім чынам, што перавышэнне службовых паўнамоцтваў вельмі часта застаецца беспакаранае”, – адзначыў Стэфановіч.