З 6 студзеня штраф можа накладацца на інтэрнэт-правайдэра за парушэнне патрабаванняў аб абмежаванні доступу да інфармацыі, забароненай да распаўсюджвання. Абавязковая інтэрнэт-фільтрацыя ўведзеная толькі для дзяржаўных органаў, выключаючы сілавыя ведамствы, і ўстаноў адукацыі. Для ўсіх астатніх інтэрнэт-доступ могуць абмежаваць толькі па жаданні самога карыстальніка. Штраф за парушэнне патрабавання аб абмежаванні інтэрнэт-доступу можа скласці ад 10 да 30 базавых велічынь.
Штраф ад 5 да 15 базавых велічыняў будзе спаганяцца з адказных асобаў пунктаў калектыўнага карыстаньня інтэрнэт-паслугамі (камп’ютэрныя клубы, інтэрнэт-кавярні і г.д.) пры парушэнні правілаў ідэнтыфікацыі абанэнцкіх прыстасаванняў і карыстальнікаў, пры ўліку і захаванні звестак пра іх, а таксама пра аказаныя паслугі.
Таксама штрафам могуць накладацца індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, якія рэалізуюць тавары або аказваюць паслугі, выкарыстоўваючы Інтэрнэт, і размешчаныя не ў Беларусі. Да адміністрацыйнай адказнасці юрыдычная асоба можа быць прыцягнута таксама за выкарыстанне ў камерцыйных мэтах інтэрнэт-рэсурсу, якое не прайшло дзяржаўную рэгістрацыю. У выпадку парушэння гэтых патрабаванняў прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.
Паводле юрыста Сяргея Балыкіна (на фота), такія змены ўскладняць працу тых бізнэсаў, якія нейкім чынам звязаныя з інтэрнэтам: «Раней былі патрабаванні, але адказнасці за іх невыкананне не было. А цяпер будзе. Гэта перашкаджае свабодзе інтэрнэт-бізнэсу. У маёй кампаніі ёсць шэраг сайтаў, і я іх размяшчаю ў хостэраў „Белтэлекаму“. Мне трэба запаўняць лішнія паперы. Гэта не так складана, як непрыемна. Калі я хачу зарэгістраваць дамен, то мне трэба атрымаць дазвол. Ад гэтага не памрэш, але жыццё гэта не паляпшае. Я не магу карыстацца паслугамі замежных хостэраў, дамены .com ці .org сталі больш дарагія ў Беларусі. Але ж дамены .by сталі таннейшыя. Сам гэты ўказ бессэнсоўны. Калі была мэта зачыніць апазыцыйныя сайты, то гэта немагчыма».
Ад “нядобранадзейных” сайтаў ізалююць найперш супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў
Указ прадугледжвае абмежаванні доступу да пэўных сайтаў найперш для супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. 7 красавіка 2010 года беларускім інтэрнэт-правайдэрам быў накіраваны абноўлены спіс забароненых інтэрнэт-рэсурсаў. У дадзены спіс патрапіў і шэраг вядомых апазіцыйных інтэрнэт-выданняў. У адпаведнасці з указам №60, правайдэры абавязаныя блакаваць доступ да сайтаў, што трапілі у спіс, для дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама арганізацый адукацыі і культуры. Пазней Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне абмежаваць доступ да сайта prokopovi.ch, які выкарыстоўваўся беларусамі для таго, каб дамаўляцца аб абмене валют. Дакладны спіс забароненых сайтаў афіцыйна не агалошваўся.Большасць інтэрнэт-рэсурсаў, занесеных у “чорны” спіс, з’яўляюцца парнаграфічнымі сайтамі. Доступ да іх зачынены на абавязковай аснове ў дзяржаўных органах, установах адукацыі і культуры.
Аднак, паводле юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца (на фота), ніякіх новых абмежаванняў новы закон, які ўступае ў сілу 6 студзеня, не ўводзіць, апроч «невялікай адказнасці» за парушэнні, прадугледжаныя ўказам № 60. «У першую чаргу ён тычыцца правайдэраў і ўсталёўвае адказнасць менавіта для іх. Для тых, хто мусіць усталёўваць гэтыя абмежаваньні найперш для дзяржорганаў і ўстановаў. Хоць вядома, як у Беларусі можа заканадаўства выконвацца і выкарыстоўвацца, могуць быць перагібы на месцах. Абмежаванні, якія тычацца палітычных, грамадска-палітычных сайтаў, недэмакратычныя, і такога не павінна быць у нашай краіне».
Караць правапарушальнікаў маюць права органы дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнага кантролю, падатковыя структуры.
***
Паводле дакладу праваабарончай арганізацыі Freedom House аб стане свабоды карыстання інтэрнэтам ў 2009-2010 гг. у 37 краінах свету (“Freedom on the Net 2011”), Беларусь уваходзіць ў лік 11 краінаў, у якіх карыстанне інтэрнэтам акрэсленае як несвабоднае.
У падрабязнай справаздачы аб сітуацыі інтэрнэтных паслугаў у Беларусі адзначаецца, што ў краіне прыблізна 27% насельніцтва карыстаецца інтэрнэтам. Беларусь, паводле дакладу, належыць да тых краінаў, у якіх існуе цэнзура ў адносінах да палітычных і сацыяльных пытанняў у сеціве і здараюцца блакады нявыгадных для ўлады сайтаў. У Беларусі апазіцыйныя сайты з’яўляюцца аб’ектам нярэдкіх кібератакаў. Цэнтралізаваны дзяржаўны кантроль за падключэннем краіны да міжнароднага інтэрнэт-трафіку таксама дазваляе беларускай уладзе абмяжоўваць доступ для нявыгадных ёй інтэрнэтных рэсурсаў. Класіфікацыю стану інтэрнэтнай свабоды Freedom House правёў паводле 100-балавай шкалы, беручы пад увагу тры парамэтры: перашкоды для доступу (0-25 балаў), абмежаванні на змест (0-35 балаў), парушэнні правоў карыстальнікаў (0-40 балаў).
Беларусь, у ацэнцы экспэртаў Freedom House, набрала 69 балаў і апынулася на 29 месцы сярод 37 даследаваных краінаў.
Артыкулы па тэме