29 чэрвеня па ўсей Беларусі прайшлі маўклівыя акцыі пратэсту, якія сталі ўжо традыцыйнымі.  Актывісты інтэрнэт-суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" запрапанавалі беларусам збірацца на цэнтральных плошчах сваіх гарадоў а 19 гадзіне кожную сераду і гуляць. Без сцягоў і лозунгаў. Сустракацца з сябрамі, знаёміцца з новымі людзьмі, каб убачыць, як насамрэч многа тых, хто хоча эканамічных і палітычных пераменаў у Беларусі.

Акцыя хутка стала папулярнай, аднак улады былі не задаволеныя такім развіццем падзеяў і пачалі ціснуць на інтэрнэт-актывістаў. Цяпер кожную сераду на галоўных плошчах гарадоў ладзяцца якія-небудзь забаўляльныя масавыя мерапрыемствы, дзеля таго каб не пусціць туды пратэстоўцаў.

 

Маўчанне вырашылі заглушыць канцэртам БРСМ
Так,  29 чэрвеня ў Мінску Кастрычніцкая плошча, дзе планавалася правесці акцыю, як і ў папярэднія серады, была ачэпленая міліцыяй. На гэты раз гарадскія ўлады арганізавалі тут канцэрт і  дыскатэку. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, плошча аказалася запоўненая маладымі людзьмі, пераважна, з ліку актывістаў БРСМ.

Плошчу прымусова напоўнілі студэнтамі і распачалі канцэрт. Важна адзначыць, што канцэрт быў арганізаваны як раз там, дзе 11 красавіка 2011 году адбыўся тэракт, што забраў жацці 15 беларусаў.

Уладзімер Кубышкін, прадзюсер выканаўцаў, якія выступалі на Кастрычніцкай падчас затрыманняў пратэстоўцаў пра сітауцыю гаворыць так: “Нам патэлефанавалі і сказалі там быць, і мы там былі. Зрабілі б інакш — выпалі бы з соцыуму і сышлі б у андэграўнд. А дазволіць такога сабе мы не можам».

Пратэстоўцаў на вуліцах Мінску пачалі затрымліваць асобы ў цывільным, на якіх не было пазнак супрацоўнікаў сілавых структур, без выканання найменшых фармальнасцяў. Людзей проста хапалі на вуліцы і цягнулі ў спецыяльна падрыхтаваныя аўтобусы.

 

 


У МУС свая версія
Паводле версіі МУС, тое, што адбылося 29 чэрвеня ў Мінску і іншых гарадах краіны, выглядае так. З 18.00 да 20.30 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла арганізаваная Мінскім гарвыканкамам і грамадскім аб’яднаннем "БРСМ" маладзёжная акцыя "Беларусь маладая".

Прыкладна ў гэты ж час (у 19.00) на плошчы і прылеглых да яе вуліцах сталі збірацца групы грамадзян па 30-70 чалавек.

"Падчас руху да гэтых груп далучаліся іншыя грамадзяне, якія ніякай атрыбутыкай сябе не пазначалі, аднак гучна выкрыквалі нецэнзурныя выказванні на адрас супрацоўнікаў міліцыі. На праведзеную тлумачальную працу не рэагавалі, перашкаджалі праходу пешаходаў па ходніках, шумелі, прыцягвалі ўвагу прахожых воплескамі, пхалі супрацоўнікаў органаў правапарадку, выходзілі на праезную частку", — гаворыцца ў паведамленні  на сайце МУС.

Аляксандр Лукашэнка бачыць пагрозу ў маўклівых акцыях
Пра акцыі маўчання выказаўся і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка (на фота) , зазначыўшы, што пратэстоўцы проста выкарыстоўваюцца ў «брудных палітычных гульнях і правакацыях».

«Тупаннем, плясканнем, мыканнем, рыканнем на плошчах і вуліцах праблем не вырашыць і, самае галоўнае, грошай не заробіш. І ўсе, хто мыкаюць і рыкаюць на плошчах, мы паглядзелі на іх, — гэта не бедныя людзі. Дык што ж ім патрэбна? Патрэбны хаос і бязладдзе ў краіне. Гэтага мы дапусціць не можам. Дзяржава мае рэсурсы і сілы для таго, каб паставіць на месца ўсіх, хто парушае закон і Канстытуцыю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Тыя, хто клічуць людзей на бунт, маюць свае мэты — ім не патрэбна шчаслівая Беларусь, ім не патрэбны багаты народ, ім не патрэбна справядлівасць. Ім патрэбны ўзрушэнні і хаос», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

АБСЕ, Рада Еўропы і Amnesty International асуджаюць затрыманні пратэстоўцаў і журналістаў
АБСЕ заклікала Аляксандра Лукашэнку пакласці канец рэпрэсіям супраць супрацоўнікаў СМІ. Дуня Міятавіч (на фота) асудзіла разгон міліцыяй маўклівай акцыі пратэсту, якая прайшла ў Мінску 29 чэрвеня. У той дзень акрамя дзясяткаў удзельнікаў акцыі былі затрыманыя ня менш як 12 журналістаў.

У лісце прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды прэсы Дуні Міятавіч, адрасаваным Лукашэнку, гаворыцца аб неабходнасці абароны кожнага журналіста ад пераследаў, запужванняў, здзекаў, гвалту з боку праваахоўных органаў, аб неабходнасці забяспечыць ім нармальныя ўмовы працы.

1 ліпеня генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ерн Ягланд (на фота) таксама асудзіў затрыманні ўдзельнікаў мірнай акцыі маўклівага пратэсту, якія прайшлі ў Беларусі ў мінулую сераду, і заявіў: "У нас не можа быць цесных кантактаў з рэжымам, які кідае ў турму журналістаў. Мы не павінны ізаляваць Беларусь, але павінны знайсці шляхі кантактаў з беларускім грамадствам".

Праваабарончая арганізацыя  Amnesty International асудзіла дзеянні беларускіх уладаў і заклікала “спыніць ужываць гвалт і адміністрацыйныя прысуды як пакаранне дэманстрантаў і перашкоду будучых пратэстаў."

"Беларускія ўлады павінны паважаць права на свабоду сходаў тых, хто жадае выказаць мірны пратэст. Гэта непрымальна для міліцыі ўжываць празмерную сілу супраць мірных дэманстрантаў,” – сказаў Джон Далхэйзэн, намеснік дырэктара Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Артыкулы па тэме

Беларускія ўлады пачалі паляванне на сацыяльныя сеткі

Міжнародная супольнасць цісне на рэжым Беларусі новымі санкцыямі

СМІ – "ахвярныя казлы" эканамічнага крызісу ў Беларусі