Амаль паўтары гады цягнулася судовае разбіральніцва пасправе забойства, здзейсненага Груновым, прайшло каля 20 судовых паседжанняў. Пракурор адразу запрошваў максімальнае пакаранне – расстрэл. І Гомельскі абласны суд падтрымаў гэтае патрабаванне. Груноў разам са сваім адвакатам звярнуўся з касацыйнай скаргай у Вярхоўны суд.
Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі.
У прыватнасці, адвакат сказаў пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў дачыненні да яго падабароннага (арт. 26 Канстытуцыі РБ і п.2 арт.14 МПГПП), парушэнне прынцыпу роўнай абароны і спаборнасці судовага працэсу (арт.22 Канстытуцыі РБ і арт.24 КПК РБ), адзначыў наяўнасць супярэчнасцяў, звязаных з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай стану здароўя Грунова.
Апроч таго, абаронца указаў на яшчэ адзін момант, які меў месца адразу пасля вынясення прысуду, і на які, паводле яго слоў, ніхто не звяртае ўвагу: “Калі прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, Груноў ужо ўтрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на спіне «ИМН» (з рускай мовы – выключная мера пакарання), гэта значыць “смяротнае пакаранне”, такім чынам, ён зведваў такое абыходжанне, як быццам зыход справы і яго лёс былі ўжо прадвызначаныя…”
Па словах адваката, былі выяўлены абставіны, якія павінны былі паўплываць на змякчэнне прысуду – Аляксандр супрацоўнічаў са следствам, раскаяўся ў судзейнным, з’явіўся сам з павіннай у міліцыю. Груноў не адмаўляў сваёй віны, але прасіў замяніць яму меру пакарання, каб у яго была магчымасць пакаяцца і выплаціць сям’і Емельянчыкавых маральную кампенсацыю. Пацярпелыя заявілі ў судзе аб 300 млн рублёў.
Праваабаронцы: Лукашэнка выказаўся за смяротны прысуд яшчэ да рашэння суда
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда адсочваў справу Грунова: “За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прэзідэнт памілаваў толькі аднаго “смяротніка”. Гэта тлумачыць, чаму асуджаныя на расстрэл часта не вераць у гэты інстытут. У выпадку Грунова сітуацыя яшчэ ўскладняецца тым, што Лукашэнка персанальна па яго справе заявіў генпракурору Конюку, што ніякага памілавання хлопец не заслугоўвае, хоць на той момант яшчэ не было рашэння Вярхоўнага суда, – кажа праваабаронца. – Аднак мы атрымалі дазвол ад Грунова звярнуцца ад яго імя ў Камітэт па правах чалавека ААН”.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту ў Гомелі, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка каментуе рашэнне, якое Вярхоўны суд Беларусі прыняў 8 красавіка.
– Я быў на судах над Аляксандрам Груновым як назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту. І на першым судзе, калі яго прыгаварылі першы раз да смяротнага пакарання, і тады, калі яго прыгаварылі другі раз. На мой погляд, ненармальным з’яўляецца тое, што ў беларускім заканадаўстве ёсць артыкул, які прадугледжвае смяротнае пакаранне. Вельмі шкада ахвяру – маладую дзяўчыну, якую Груноў забіў. І шкада самога Грунова, бо гэта чалавек, у якога было паламанае жыццё – у яго забілі бацьку, і ён гэта перажываў, потым у яго быў канфлікт з сужыцелем маці, і ў бойцы ён яго забіў. Гэта чалавек, які стаяў на ўліку ў псіхіятрычным дыспансеры. Груноў – чалавек, паводзіны якога былі яўна ненармальныя і гэта было бачна на судзе. Вельмі вялікі ўплыў на прыняцце судом рашэння (хаця ўсе фармальныя моманты былі выкананыя), на мой погляд, аказала выказванне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які адносна Грунова вельмі рашуча і вельмі адназначна выказаўся за смяротнае пакаранне, яшчэ да таго, як пачаўся другі судовы працэс. І калі б суддзя прыняў іншае судовае рашэнне – не смяротнае пакаранне, то атрымалася б так, што ён ідзе “ў піку” дзяржаўнай уладзе.
Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў зварот Аляксандра Грунова
Інтарэсы асуджанага прадстаўляе прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Леанід Судаленка. Ён атрымаў ліст з КПЧ, што зварот ад імя Аляксандра Грунова зарэгістраваны 8 красавіка 2014 года пад нумарам 2375/2014.
У бліжэйшы час Камітэт таксама праінфармуе МЗС Беларусі пра тое, што справа Грунова будзе разглядацца на міжнародным узроўні. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН.
Артыкулы па тэме
Украинский эксперт Сергей Буров: "Программа ILIA укрепляет потенциал гражданского общества Беларуси"
Яшчэ адзін чалавек асуджаны на смяротнае пакаранне ў Беларусі