Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”. У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.
Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.
Падкрэслім, што ў Беларусі смяротныя прысуды, як правіла, выконваюцца неадкладна, як толькі адмоўлена ў задавальненні просьбы аб памілаванні. Сем’ям ці законным прадстаўнікам асуджаных не паведамляецца дата выканання прысуду і не гарантуецца апошняе спатканне з асуджаным, пасля расстрэлу цела не выдаецца сям’і для пахавання і не паведамляецца месца пахавання.
Жыхар Гомеля Груноў быў асуджаны да смяротнага пакарання судом у Гомелі 14 чэрвеня 2013 за забойства дзяўчыны з асаблівай жорсткасцю. 22 кастрычніка 2013 году Вярхоўны Суд Беларусі адмяніў смяротны прысуд, вынесены Гомельскім абласным судом і вярнуў справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі, але 24 снежня 2013 г. абласны суд зноў прысудзіў яго да смерці. Справа Аляксандра Грунова была прынятая на разгляд Камітэту ААН па правах чалавека. Камітэт прасіў не выконваць прысуд, пакуль не разгледзіць справу, але, як і ў папярэднія выпадках, беларускія ўлады выканалі прысуд.
Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 24-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання прысуду, – 54-гадовага Эдуарда Лыкава.
Праваабаронцы асудзілі выкананы смяротны прысуд
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла пакаранне смерцю зняволенага Аляксандра Грунова, асуджанага за забойства. «Гэта ўжо трэцяе выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі ў 2014 годзе, — гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі. — Прашэнне Аляксандра Грунова аб памілаванні было адхіленае 13 кастрычнiка, а 4 лістапада яго маці атрымала пасылку з вопраткай, якую ён насіў у камеры смяротнікаў. Па словах беларускіх праваабаронцаў, гэта звычайна робіцца пасля таго, як быў выкананы смяротны прысуд. Сям’я і адвакат разлічваюць атрымаць афіцыйнае пацверджанне на працягу бліжэйшых некалькіх дзён. Ім не паведамілі пра дату пакарання і не далі магчымасці апошняй сустрэчы, што парушае міжнародна прызнаныя стандарты па ўжыванні смяротнага пакарання, адзначаюць прадстаўнікі Міжнароднай Амністыі.
Пасля пэрыяду дваццаці чатырох месяцаў, цягам якіх у Беларусі не каралі смерцю, Беларусь выканала тры смяротныя прысуды ў 2014 годзе. Пры гэтым Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая праігнаравала не толькі свае прававыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, але і глабальную тэндэнцыю да адмены смяротнага пакарання, заяўляе Amnesty International і зноў заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Як адзначае Amnesty International, у Беларусі смяротныя прысуды выконваюцца ў строгім сакрэце, пра гэта адпаведным чынам не апавяшчаюць зняволеных, іх сем’і або іх законных прадстаўнікоў. Асуджаных не папярэджваюць, што прысуд мае быць выкананы, замест гэтага іх выводзяць з камераў, кажуць, што прашэнне аб памілаванні было адхілена, а затым ставяць на калені і страляюць у патыліцу.
Крымінальна-выканаўчы кодэкс дазваляе беларускім уладам не вяртаць целы пакараных іх сем’ям і не паведамляць пра месцазнаходжанне пахавання. У кастрычніку 2013 года, Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі заявіў: «Тое, як смяротнае пакаранне выконваюць у Беларусі, з’яўляецца бесчалавечным».
Артыкулы па тэме
Праваабаронцы заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне ці хаця б змяніць працэдуру яго выканання
Камітэт па правах чалавека прыняў пяць новых рашэнняў па Беларусі
Савет ААН па правах чалавека працягнуў мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі