Праваабаронцам  стала дакладна вядома, што Уладзіміра Кондруся, 1977 года нараджэння, ўзялі пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Зараз у СІЗА ён трымае доўгатэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць зняволення. Па гэтай прычыне стан яго здароўя пагоршыўся, у сувязі з чым Кондрусь пераведзены ў санчастку СІЗА.

Незалежныя журналісты апазналі яго на фотаздымках з акцыі Дзень Волі ў Мінску 25 сакавіка 2016 года і супаставілі з фота, на якіх ён выглядае актыўным ўдзельнікам падзей Плошчы-2010. Тады тысячы людзей выйшлі на вуліцы для ўдзелу ў мірнай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, але гэты пратэст выліўся ў шматлікія жорсткія затрыманні і арышты.

Пасля публікацыі фота ў СМІ таксама выказвалася нічым непадмацаванае меркаванне журналістаў аб тым, што ён мог выконваць ролю правакатара.

Праваабаронцы перакананыя, што Уладзімір Кондрусь абвінавачваецца па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).

Паказальна, што чалавек з такім прозвішчам – Кондрусь – браў удзел у акцыі памяці 19 снежня 2011 года, прысвечанай гадавіне Плошчы, быў затрыманы і пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

***

Па такім жа абвінавачанні ў 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. Усе асуджаныя па падзеях Плошчы-2010 пазней былі затым амніставаныя альбо памілаваныя прэзідэнтам і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі. На сённяшні дзень вядомы толькі адзін фігурант справы аб масавых беспарадках 19 снежня. Гэта былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, справа якога на гэты момант прыпыненая.

Артыкулы па тэме

Новая гучная справа ў Беларусі – Jhon Silver

Праваабаронцамі прадстаўлена даследаванне масавых затрыманняў пасля выбараў 19 снежня 2010 года

19 снежня – год пасля выбараў