Падчас апошняй сесіі праекту ў доме панавалі радасць сяброўскай сустрэчы, вясёлы дух спаборніцтва і адказнае стаўленне да працы ў абарону годнасці асобы і грамадства. Героі гэтага артыкулу – выпускнікі праекту.
Уладзімір Букштынаў
Пасля заканчэння юрфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “правазнаўства”21 год працаваў у органах пракуратуры следчым і пракурорам, у тым ліку ў Генеральнай пракуратуры. Пад час судовыга працэсу над кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Някляевым быў яго абаронцам.Зараз старшы саветнік (палкоўнік) юстыцыі 61-гадовы Уладзімір Букштынаў знаходзіцца на пенсіі.
n У.Б. Канцэпцыя правоў чалавека выпакутаваная бясконцымі войнамі, жахлівымі наступствамі рэпрэсій і генацыду. Агульнапрызнана, што самыя вялікія ўзброеныя канфлікты звычайна распачынаюцца з нібыта малога – парушэння правоў чалавека. Так званы “новы парадак” у нацысцкай Германіі пачаўся з забароны дзейнасці палітычных партыў, рэпрэсій супраць габрэяў і цыганоў, ажыццяўлення расавай тэорыі перавагі арыйцаў. А ўсе гэтыя парушэнні правоў чалавека прывялі да Другой сусветнай вайны з яе Халакостам, канцлагерамі і газавымі камерамі. Менавіта гэтыя катаклізмы заставілі Еўропу і Амерыку асэнсаваць каштоўнасці асобы чалавека і яго правоў, як найвышэйшыя. Ва ўсіх канстытуцыях чалавек аб’яўляецца галоўнай каштоўнасцю, дзеля якой і існуе дзяржава.
Аднак у Беларусі, на жаль, правы чалавека не культывуюцца, бо дзяржава не зацікаўлена іх выконваць і часцяком падмяняе правы чалавека на сацыяльна-эканамічныя правы спажыўцоў. Чыноўнікі любяць гаварыць пра бесплатную адукацыю і медыцыну, пра тое, што людзі сытыя, абутыя і адзетыя. Аднак правы чалавека – гэта, ў першую чаргу, грамадзянскія і палітычныя правы асобы на свабоду ад катаванняў, на справядлівы суд, на свабоду сумлення і веравызнання, на свабоду саюзаў, на права выбіраць і быць абраным на свабодных выбарах, на права вольна атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, на права на звароты, мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання, а таксама роўнасць усіх перад законам. На жаль, гэтыя правы вельмі моцна закранаюць інтарэсы палітычнай эліты краіны, бо развіццё і падтрымка гэтых правоў стварае пагрозу існуючаму дзяржаўнаму ладу. Вось чаму ўлады імкнуцца замоўчваць гэтыя фундаментальныя правы чалавека.
З улікам усяго гэтага двухгадовы адукацыйны праект, пад час якога юрысты і іншыя спецыялісты знаёміліся з асновамі правоў чалавека і дасягненнямі сусветнай прававой культуры, працуе на будучыню Беларусі. Трэба выгадаваць маладое пакаленне юрыстаў і іншых спецыялістаў з прывітым разуменнем значнасці правоў чалавека для абароны годнасці асобы і грамадства. Я лічу, што дзякуючы надзвычай высокаму ўзроўню выкладання, праект сваю місію выканаў. Нашым паслядоўнікам жадаю глыбока засвойваць тое, што выкладаецца, бо такія ўнікальныя веды ў галіне правоў чалавека больш нідзе ў Беларусі не атрымаеш. І трэба падцягваць нацыянальнае беларускае права да высокіх міжнародных стандартаў. Толькі тады мы станем поўнавартаснымі еўрапейцамі.
Вольга Трэпуцень
У структурах трэцяга сектару — з 2003 году.Спачатку – ў добрачыннай арганізацыі, потым дапамагала дзецям з інваліднасцю, а зараз працуе юрыстам унікальнага сталічнага Офісу па правах людзей з інваліднасцю – асветніцкай і праваабарончай установы. Кожны з больш за 520 тысяч зарэгістраваных беларусаў з інваліднасцю (з парушэннем сэнсарных і апорна-рухальных функцый, агульнымі і душэўнымі хваробамі, а таксама з іншымі прыкметамі інваліднасці) можа карыстацца паслугамі офісу пры парушэнні сваіх правоў у адпаведнасці з Канвенцыяй аб правах інвалідаў 2006 году, якая, на жаль, пакуль не ратыфікаваная Беларуссю. Больш за ўсё кліентаў офісу цікавяць пытанні па самастойнаму спосабу жыцця інвалідаў і доступу да правасуддзя, а таксама па дастатковаму жыццёваму ўзроўню і сацыяльнай абароне, у тым ліку па пенсіях і ільготах. Пры гэтым кліенты аддаюць перавагу спецыялістам офісу перад адвакатамі, паколькі першыя працуюць ў незалежнай добрачыннай структуры, бясплатна і з індывідуальным падыходам да кожнага чалавека.
n В.Т. Навучанне ў межах праекту дазволіла з кардынальна іншага ракурсу – з пазіцый міжнародных нормаў паглядзець на сістэму правоў чалавека. Дзякуючы знаёмству з новымі алгарытмамі рашэння розных юрыдычных сітуацый з выкарыстаннем міжнародных механізмаў, узмацнілася аргументацыя маіх зваротаў. Апроч таго, я зразумела, што ў працы з кліентамі разгляд спраў не завяршаецца Вярхоўным судом і Генеральнай пракуратурай. Набытыя веды даюць надзею на станоўчы вынік працы нават у спецыфічных беларускіх умовах. Усе тэмы, што ўзнімаліся пад час вучобы, былі прадуманымі, сістэматызаванымі і комплексна выкладзенымі. Найбольшую цікавасць выклікала тэма кампенсацыі маральнай шкоды, бо яна для мяне мае прыкладное значэнне. Паколькі наш офіс актыўна працуе з юрыдычнымі клінікамі, будзем дзяліцца новымі ведамі з будучымі юрыстамі. Спадзяюся на развіццё супрацоўніцтва з калегамі па вучобе, у тым ліку на папаўненне электроннай бібліятэкі праекту матэрыяламі пра найбольш удалы вопыт айчынных праваабаронцаў. Жадаю посьпехаў маім калегам на прававым полі.
Алена Луцковіч
Жыве ў палесскім райцэнтры — гарадскім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне. Па адукацыі эканаміст-мэнэджэр. Працавала ў прыватным прадпрыемстве. З-за удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, што адбыліся сёлета, улады вымусілі спадарыню Алену пакінуць працу. Узначальвае маладзёвую арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты” па Гомельскай вобласці і супрацоўнічае з праваабаронцамі Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы. Арганізуе асветніцка-адукацыйныя сустрэчы з моладдзю і з дапамогай міжнародных механізмаў адстойвае права на свабоду мірных сходаў у судах супраць Акцябрскага райвыканкаму.
n А.Л. Удзел у праекце дазволіў мне больш пісьменна выкарыстаць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека пад час падрыхтоўкі судовых, касацыйных і надзорных скаргаў. Пасля таго, як улады вымусілі мяне звольніцца з працы, я вырашыла прысвяціць сябе абароне правоў чалавека. Тым больш, што маю адпаведныя вопыт і веды. Прычым, звальненне аніяк не паўплывала на маю грамадянскую пазіцыю. Чынавенству не ўдалося мяне запужаць. Наадварот, я буду яшчэ больш актыўна займацца правабарончай і іншай грамадскай дзейнасцю.
Віктар Стукаў
Рабочы ААТ “Полацкшкловалакно”30 год працаваў аператарам па вытворчасці шкловалакна, скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці ”міжнароднае права”, каб больш прафесійна адстойваць працоўныя правы сваіх калегаў. Як актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) узначальвае яго суполку на прадпрыемстве.
n В.С. Удзел у адукацыйным праекце дазволіў мне больш глыбока засвоіць некаторыя метады адстойвання працоўных правоў, у тым ліку па падрыхтоўцы калектыўных зваротаў рабочых ў Канстытуцыйны суд па пытаннях дыскрымінацыі на прадпрыемстве. Разам з тым, я звярнуў увагу на тое, што да гэтай пары ў Камітэт па правах чалавека ААН ад Беларусі не пададзены ні адна скарга на парушэнне індывідуальнага права рабочых на аб’яднанне ў прафсаюз. Справа ў тым, што па гэтаму пытанню мы падавалі скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы, якая 10 гадоў таму накіравала беларускаму ўраду шэраг рэкамендацый, цалкам не выкананых да гэтай пары. Апроч таго, удзел у праекце навучыў ужываць міжнародныя прававыя стандарты ў айчынных судах.
Трэба ўлічваць, што ўмовы працы на нашым прадпрыемстве не паляпшаюцца, а пагаршаюцца ў сувязі з зносам абсталявання, недахопам сродкаў, а таксам з-за таго, што наймальнік адмаўляецца весці калектыўныя перамовы з нашай прафсаюзнай арганізацыяй. Такая пазіцыя матывуецца тым, што наша суполка аб’ядноўвае толькі адзін адсотак усіх работнікаў прадпрыемства. Аднак нас так мала толькі таму, што людзей пераследуюць за ўступленне ў СПБ.
Чым мы займаемся? Пішам звароты, распаўсюджваем прававую інфармацыю, у тым ліку праз бюлетэнь “Стекляшка” і свой сайт, вучым калег адстойваць свае правы разам з трыма юрыстамі – выпускнікамі ЕГУ па міжнароднаму праву, якія раней працавалі рабочымі на прадпрыемстве, а таксама прадстаўляем інтарэсы сябраў суполкі па іх індывідуальных працоўных спрэчках у судах.
Нягледзячы на дыскрымінацыю, нашая суполка змагла дабіцца ад дзяржавы і наймальніка шэрагу саступак. Гаворка ідзе пра пастаянны рост заробку, стварэнне заводскай сістэмы забяспечэння пітной вадой, а таксама пра мадэрнізацыю вентыляцыйнай сістэмы ў цэху №7. Апроч таго, суполка дапамагае сваім сябрам вырашаць праблемы грамадзянскага і сямейнага права.
Дзякуючы падвышэнню ўзроўню прававой культуры сябраў суполкі, яны творча адстойваюць сваі інтарэсы. Так, паколькі ва ўмовах кантрактнай сістэмы немажліва законна звольніцца, сябры суполкі проста сыходзяць з працы без працоўнай кніжкі. Потым іх звальняюць за прагулы, а затым праз суд мы дабіваемся вырашэння гэтага пытання па агульнай згодзе бакоў. .
Кастусь Мардзвінцаў
Родам з вёскі Лапічы Асіповіцкага раёна, што на Магілеўшчыне. Па адукацыі – інжынер-матэматык і багаслоў.У 10-гадовым узросце хлопчык апынуўся ў Чалябінску, бо ягонага бацьку — вайскоўцу-ракетчыка перавялі служыць у Расію. Аднак Кастусь заўсёды марыў вярнуцца на Беларусь. Менавіта жыццё ў Расіі навярнула хлапца да беларушчыны, бо ён добра зразумеў — Беларусь не Расія, дзе ён сябе адчуваў не ў сваёй талерцы. І хоць Кастусь лічыў, што ў Расіі ён размаўляе па-руску, мясцовыя яго не разумелі, бо хлапец гаварыў трасянкаю. Цяга да радзімы была настолькі моцнай, што ў другой палове 1980-х гадоў юнак пачаў чытаць творы беларускіх класікаў, у тым ліку Уладзіміра Караткевіча, выпісваць”Звязду”,”Чырвоную змену”і “ЛіМ”, стаў пастаянным слухачом Беларускай службы Радыё Свабода, сігнал якой менш глушыўся над Уралам, чым над Беларуссю. Нягледзячы на тое, што юнак ніколі не вучыў родную мову ў школе, за тры гады перад вяртаннем на радзіму ён стаў спрэс гаварыць па-беларуску. Зараз спадар Кастуць жыве ў Віцебску і супрацоўнічае з рэгіянальным праваабарончым сайтам “Віцебская вясна”.
n К.М. Удзел у адукацыйным праекце быў вельмі карысны, найперш, тым, што сам пішу на праваабарончую тэму. А калі нешта пішаш, трэба добра ведаць сам прадмет, інакш твая праца будзе няякаснай і непрафесійнай. Удзел у праекце дазволіў сістэматызаваць тыя базавыя веды ў галіне правоў чалавека, што кожны з нас мае. Паколькі ў праекце разам з юрыстамі прымалі ўдзел іншыя спецыялісты, якія займаюцца рознымі праваабарончымі праблемамі, лепш было б праводзіць навучанне слухачоў па секцыях. Апроч таго, на маё меркаванне, асноўнай моваю адукацыйнага працэсу павінна быць беларуская мова, а другой моваю – руская з улікам таго, што у праекце прымаюць удзел замежныя эксперты, якія недастаткова валодаюць беларускай мовай. Усіх тых, хто прымаў удзел у праекце, лічу шчаслівымі, бо ў цудоўнай атмасферы добразычлівасці мы пазнаёміліся з рознымі людзьмі і прыдбалі новых сяброў-аднадумцаў сярод слухачоў і экспертаў.
Васіль Юрэвіч
Пачатак ягонага жыцця склаўся няпроста. У 28-гадовым узросце памёр бацька Васіля, калі яму было толькі шэсць год. Выхаваны вуліцай, хлопчык рабіў тое, за што потым стала сорамна. Жыццё страціла цікаўнасць. Ад безвыходнасці выратавала пратэстанцкая царква “Новае жыццё”. Менавіта вера ў Бога карэнным чынам змяніла лёс маладога чалавека. Ён стаў будаваць сваё жыццё згодна Бібліі і традыцыям продкаў. Па дзеду спадар Васіль – сваяк па прамой лініі паэта Адама Міцкевіча. Па адукацыі –тэхнік-механік лёгкай прамысловасці і юрыст. Жыве ў Мінску. Зараз 45-гадовы Васіль Юрэвіч, як прыватны прадпрымальнік займаецца даверным упраўленнем юрыдычнымі асобамі. Сам выхоўвае чатырох сыноў, прычым усе яны добра вучацца, цікавацця праграмаваннем і ваджэннем аўтамабіля, займаюцца спортам і музыкай.
n В.Ю.Калі я прыйшоў у поўнаевангельскую царкву “Новае жыццё”, мне пашчасціла паслужыць там 14 год на пасадзе галоўнага адміністратара і вырашаць мноства адміністратыўна-гаспадарчых пытанняў. Тым больш, што царква перажывала моцны ўціск з боку дзяржавы ў выглядзе бясконцых надуманных праблемаў і штрафаў. Так асабіста я быў аштрафаваны на сумму, эквівалентную 6,5 тыс. долараў ЗША. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі пакуль нестае той дэмакратычнай атмасферы лаяльнасці, якая існуе для вернікаў у замежжы. Вось чаму я свядома стаў удзельнікам гэтага адукацыйнага праекту, каб пасля разам з аднадумцамі распачаць рух па зменах нацыянальнага заканадаўства ў галіне правоў чалавека – свабоды слова, сходаў і веравызнання.
Навуковы мэнэджэр праекту Алег Агееў
Нарадзіўся ў Слуцку. У 5-гадовым узросце разам з бацькамі пераехаў ў Мінск. З сям’і адвакатаў. Пасля заканчэння ваеннай акадэміі малады афіцэр-артылерыст служыў у Асіповічах і атрымаў другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Восем год працаваў адвакатам. Быў абраны сябрам “мяцэжнага” прэзідыюму Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, які выступаў за дэмакратызацыю айчыннай адвакацкай сістэмы. Пад кіраўніцтвам Барыса Звозскага прайшоў навучангне ў другім цыкле адукацыйнага праекту. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году абараняў у судзе кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча. За сваю грамадзянскую пазіцыю рашэннем Міністэрства юстыцыі быў пазбаўлены ліцэнзіі адваката. З 2012 году – навуковы мэнэджэр праекту.
n А.А. Гэта мой першы і самы вялікі па колькасці выпуск праекту, чым вельмі ганаруся. Сярод 34 выпускнікоў рознага ўзросту (ад 23 да 61) з усіх рэгіёнаў краіны — студэнты з Беларусі, якія навучаліся на радзіме і ў замежжы, юрысты-эколагі, праваабаронцы з сталіцы і рэгіёнаў, журналіст, навукоўцы і былыя адвакаты. Што найбольш ўражвае? Разам з экспертамі праекту ягоныя выпускнікі складаюць калектыў аднадумцаў, гатовых ў цяжкую хвіліну абараніць годнасць асобы і грамадства. Па-другое, мы далі выпускнікам тыя ўнікальныя веды і навыкі, якія не дае ні адна айчынная ВНУ. І ўрэшце, удзельнікі праекту глыбока адчулі каштоўнасць правоў чалавека і, спадзяюся, будуць больш матывавана іх абараняць.
Марат Гаравы.
Артыкулы па тэме
Новые выпускники проекта BISH – будущее правозащитного сообщества Беларуси
Камітэт па правах чалавека прыняў пяць новых рашэнняў па Беларусі
Беларускія НДА накіравалі ў ААН даклад у рамках працэдуры Ўніверсальнага перыядычнага агляду